Тры гады ў аблогах акупацыі

Настаўніца-пенсіянерка Іна Антонаўна Міхнюк падзялілася ўспамінамі са свайго ранняга дзяцінства, два гады якога прыпалі на жыццё з маці ў акупіраваным Слуцку і год — у партызанскай вёсцы Жылін Брод.

«Я такое бачыла ў свае сем гадоў, што і сёння бярэдзіць душу, — сказала яна. — У вайну ўсё занатоўваецца ў дзяцей глыбей, чым здаецца дарослым.

У пачатку вайны

Застала вайна нас у вёсцы Малая Сліўка, на радзіме маці. Мы туды прыехалі з вёскі Сорагі пасля таго, як у мясцовай школе-сямігодцы скончыліся заняткі ў сярэдзіне чэрвеня. Мой бацька і маці працавалі там настаўнікамі. Бацьку адразу прызвалі ў войска.
Ужо 24 чэрвеня з боку Слуцка паявіліся ў небе нямецкія самалёты. Адзін з іх скінуў тры ці чатыры бомбы, цэліў, мусіць, у чыгуначны мост праз рэчку Слівянку.
А праз два дні дзядуля паведаў нам, што немцы ўжо занялі Слуцк. Маці разлічвала заставацца пры бацьках, але яе старэйшая незамужняя сястра, што жыла з імі, выказала нязгоду, бо хата была на адзін пакой з печчу і двума ложкамі. Маці ўспомніла, што ў горадзе ёсць добрая знаёмая жанчына-яўрэйка і рашыла праведаць яе. Тая сказала, што яе мужа і дваіх дзяцей немцы вось-вось адправяць у гета, а маці, пры жаданні, можа палову дома выкарыстаць пад кватэру. Так мы і зрабілі. Дом стаяў па вуліцы Палявой, якая пралягала паралельна галоўнай, Пралетарскай, непадалёку ад Дома сувязі.

Реклама

Спроба выжыць

Спярша маці кожны тыдзень хадзіла ў сваю вёску, вярталася з двума круглымі боханамі спечанага бабуляй хлеба, прыносіла нейкую гародніну, яйкі. Маці рэзала адзін бохан на некалькі кавалкаў, і я насіла іх да скляпоў-зямлянак у двары за домам. Там хаваліся ад адпраўкі ў гета яўрэйскія хлапчукі. Маці пазней казала, што ім удалося пакінуць ноччу горад.
У верасні таго 1941-га года па вуліцы Сацыялістычнай, дзе цяпер знаходзіцца Цэнтр сацыяльнай дапамогі, адкрылі школу-пачаткоўку. Маці там стала выкладаць беларускую мову. Але прапрацавала не болей трох месяцаў, бо не паладзіла з дырэктарам. Знаёмыя ў горадзе параілі ёй уладкавацца на працу ў нарыхтоўчай канторы. Знайшлося месца бухгалтара, то маці мела нейкі заробак і хлебную картачку. А галоўнае — працуючага жыхара ў 1942 годзе немцы не адпраўлялі ў Германію. На новай рабоце маці наладзіла сувязь з падпольшчыкамі, а потым і сама стала сувязной партызанскай брыгады імя Суворава, якая дыслацыравалася вакол вёскі Жылін Брод.

Жудаснае пакаранне

Недзе ў жніўні 1943 года паліцаі раніцай сталі зганяць жыхароў нашай і навакольных вуліц у цэнтр горада да таго месца, дзе зараз знаходзіцца Гандлёвы дом. Там стаяў тэлеграфны слуп з перакладзінай. На ёй паліцаям загадалі павесіць дзвюх дзяўчат, якія працавалі прыбіральшчыцамі ў драўляных нямецкіх доміках па вуліцы Валадарскага. Дзяўчаты, верагодна, трымалі сувязь з партызанамі і нехта выдаў іх. Яны перад смерцю не плакалі і не прасілі літасці, маўчалі. Першую паліцаі павесілі адразу, над другой двойчы рвалася вяроўка, і яна падала на насціл грузавіка. Немцы лаяліся па-свойму ў бок паліцаяў, а потым пакінулі месца казні. Разыйшліся і сагнаныя людзі, сярод якіх была і я. Потым не магла заснуць ад убачанага.
Мо праз тыдзень ці два партызаны ўзарвалі ў Доме сувязі вялікую міну. Ад выбуху на першым паверсе ўсчаўся пажар, а з другога немцы праз пабітыя вокны выскоквалі ў двор, сама ўсё бачыла, бо кватэра наша знаходзілася метраў за сорак ад Дома сувязі. Яго потым ужо не аднаўлялі ні немцы, ні нашы, калі вярнуліся.

У партызанскай зоне

У верасні мы з маці пакінулі горад. Дайшлі мы да вёскі Гарадзішча, там нас сустрэлі два партызаны, пераправілі на лодцы праз раку Случ, і пад вечар былі ў вёсцы Жылін Брод. Жылі ў сялянскай хаце. Маці даручылі выпякаць для брыгады хлеб. Там перазімавалі, хоць і жылі ў страху, бо непадалёку зімой карнікі спалілі некалькі вёсак разам з жыхарамі.
Вясной 1944 года немцы пачалі буйную карную аперацыю супраць той партызанскай зоны. Мая цётка, Анастасся Фёдараўна Кунцэвіч, прыйшла з Малой Сліўкі пехам, забрала мяне і прывяла ў сваю хату. Я там спярша хавалася на печы, баяліся, што немцы могуць даведацца пра маё вяртанне з партызанаў, але ўсё абыйшлося.
***
Як вызвалілі Слуцк, то і маці вярнулася. Адшукала па вуліцы 14-ці Партызанаў прыватную кватэрку і восенню пайшла працаваць настаўніцай у школу, якая адкрылася ў будынку, дзе зараз Дом дзіцяці. І я туды пайшла ў першы клас.
Пасля школы закончыла Мінскі інстытут замежных моваў, выйшла замуж, выкладала ў школе нямецкую мову. Выгадавалі з мужам двух сыноў і дачку, я ўжо бабуля пяці ўнукаў».

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии