Мае аднагодкі - дзеці 1921 года. Заканчэнне

0

НОВІК МІКАЛАЙ ТРАФІ-МАВІЧ. Дзяцінства і юнацтва каратаў без мацеры, якая памерла, калі Мікалаю было 6 гадоў. Гадавала хлопца баба (бацькава маці), пагэтаму яго звычайна называлі «Бабін Коля».

Пасля заканчэння Слуцкага педвучылішча залічылі Мікалая курсантам Растоўскага артылерыйскага вучылішча. Перад пачаткам вайны ў званні лейтэнанта камандаваў гаўбічнай артылерыйскай батарэяй у Баранавічах. Ваяваў з першых дзён вайны. Адступаючы на ўсход, праходзіў праз Слуцк. Узнагароджаны многімі ардэнамі і медалямі, два разы паранены.
Вайну скончыў для Кенігсбергу (Калінінград) у званні маёра. У пасляваенныя гады працаваў на розных адміністрацыйна-гаспадарчых пасадах у Слуцку. Памёр ад сардэчнага прыступу ў 1996 годзе.

ГУРЛЕНЯ ІВАН ІОСІФАВІЧ. Пасля заканчэння сямігодкі паступіў у Слуцкае педвучылішча. Але ў 1939 годзе прызваны на вучобу ў Пінскае кулямётнае вучылішча. Скончыў яго вясною 1941 года ў званні лейтэнанта. У чэрвені рота байцоў пад яго камандаваннем прыняла бой з немцамі каля мястэчка Семяцічы (недалёка ад Брэста), аднак сілы былі няроўнымі і Іван аказаўся ў нямецкім палоне. Палон перанёс стаічна. Пасля вайны скончыў 2 курсы педінстытута і працаваў настаўнікам у Нясвіжскім раёне. Доўга хварэў і памёр у 1980 годзе.

Реклама

НОВІК НАДЗЕЯ МІКАЛАЕЎНА. Гэта адзіная дзяўчына з кагорты іграеўскіх «дзяцей 1921 года». Яна была надзвычай сімпатычнай і ўсім хлопцам вельмі падабалася… Скончыўшы сямігодку, паступіла ў Слуцкае медвучылішча і ў 1939 годзе атрымала званне медыцынскай сястры. Працавала ў бальніцы Любані. З пачатку вайны была мабілізавана ў армію і ўвесь час ваеннага ліхалецця была на фронце. Два разы ранена. З 1943 года і да канца вайны «ваявала» у ваенным шпіталі.
У Смаленску пад яе даглядам знаходзіўся маёр Далуда. Яму Надзея спадабалася, і яны пажаніліся. Пасля вайны жылі на радзіме ў в. Іграева. Надзея працавала на пасадзе медсястры ў Ісернскай бальніцы (Слуцкі раён), а яе муж — у калгасе «1 Мая». У 1980 годзе ён памёр. Надзея жыла ўдавою, і ў 2004 годзе памерла ад інфаркту. Пахаваны яны на Іграеўскіх могілках.

СУЧОК ВАСІЛЬ ГЕОРГІЕВІЧ. Пасля заканчэння дзевяці класаў паступіў на вучобу ў Рагачоўскі двухгадовы настаўніцкі інстытут. У пачатку вайны не змог эвакуіравацца на ўсход. Аказаўшыся на радзіме, здабываў звесткі аб нямецкіх войсках у Слуцкім гарнізоне, якія перадаваліся ў партызанскую брыгаду імя Чкалава. У пачатку 1944 года быў арыштаваны гестапа і аказаўся ў лагеры смерці «Асвенцым».
Летам 1944 года, калі Савецкая Армія вяла наступальныя баі, значную частку вязняў «Асвенцыма» эшалонам пераправілі на захад Францыі. Тут іх пагрузілі на баржу і вывезлі ў мора, каб утапіць. Але, на шчасце, англійскі ваенны карабель насціг тую баржу і выратаваў вязнеў-смертнікаў.
Пасля вайны Васіль працаваў настаўнікам у Нясвіжскім раёне. На глыбокі жаль, у 1979 годзе загінуў трагічна, едучы на матацыкле з каляскай… Прайшоў мукі асвенцымскага ада, а загінуў ад выпадковых абставінаў…

НОВІК ЛЕАНІД ФЁДАРАВІЧ. Пасля заканчэння Іграеўскай сямігадовай школы паступіў на вучобу ў Слуцкае педвучылішча. Але правучыўся адзін год і захацелася яму цікавых прыгод. Па камсамольскай пуцёўцы паехаў на Дальні Усход. Там працаваў у шахтах і зарабляў добрыя грошы. У 1940 годзе прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў у артылерыйскім палку ў Хабараўску. З пачаткам вайны з Японіяй у жніўні 1945 года прыняў удзел у баявых аперацыях. Быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём «За за перамогу над Японіяй».
Пасля заканчэння вайны вярнуўся на радзімую старонку. Завочна скончыў педінстытут і працаваў настаўнікам у школах Слуцкага раёна. Памёр пасля цяжкай хваробы ў 2004 годзе.

СУЧОК ІГНАТ СІДАРАВІЧ. Гадваваўся ён без бацькі, але быў надзвычай працавітым і дысцыплінаваным. У 1937 годзе паступіў у Слуцкае педвучылішча, якое скончыў у 1940 годзе. Працаваў некалькі месяцаў настаўнікам. У армію прызваны ў 1940 годзе, служыў у артылерыі ў горадзе Віцебску.
Ваяваў на некалькіх франтах. У 1944 годзе дзесьці пад Варшавай быў цяжка паранены з агнямёта, увесь твар ператварыўся ў чорны вугаль. Ён стаў непазнаваемым.
Гэта яго нервіравала, ён часта хварэў і дзесьці ў 1960 годзе памёр у цяжкіх фізічных і маральных муках. Але, дзякуй Богу, аставіў пасля сябе двух харошых сыноў.

***

Пасля таго, як расказаў усё гэта, мне хочацца ўсклікнуць: «Вы, дарагія мае іграеўскія аднагодкі, ужо дома, а я яшчэ ў старэчым становішчы знаходжуся ў гасцях… Але скора прыйдзе і мой час: я далучуся да вас, стану з вамі ў адзін строй, дзеці 1921 года, гарэтнікі і героі вайны, мае дарагія таварышы, землякі-аднагодкі і школьныя аднакласнікі. Вечная Вам памяць і народная слава!»

Аляксей Новік

Начало материала — здесь

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии