Што радуе вока — ад Бога

0

У аўтобусе на Салігорск людзей не многа. Стаіць цёплы дзень. У полудзень сама прыпякло сонца. Праз люкі ў крышы аўтобуса паступае свежае паветра. Дыхаецца лёгка. Пасажыры ў дрымотна-сузіральным стане. Немаладая вясковая жанчына з бародаўкай ля вока расказвае сваёй суседцы:

— Каб не гэта шалава-сучка, то жыў бы Іван з ёю і сёння, — гаворыць гучна на ўвесь салон.
— Дык жа гавораць, што ён пад вечар п’яны дадому прыходзіў, пачаў выпіваць, — сказала ў адказ суседка.
— А ад чаго ж піць пачаў? Усё з-за гэтай…, — голас жанчыны не дапускае пярэчання.
Мужчына з сівымі валасамі ў белай кепачцы, які сядзеў перад жанчынамі і чытаў часопіс, павярнуўся і паглядзеў на жанчын паверх акуляраў і спытаў: «А чаму, менавіта, сучка?..».
— Калі кожнаму падстаўляе, то і сучка, — упэўнена заявіла жанчына. — А вы што, яе ведаеце? — Насцяражылася яна, пазіраючы прама ў твар мужчыны.
— Не-е, але мне здаецца занадта моцна сказана, — мужчына падпіхнуў акуляры на пераноссе і ўзяўся далей чытаць часопіс.
Хутка пасажыры пачалі ўцягвацца ў размову.
— Многа жадаючых, але мала выбраных, — па-філасофску заўважыў мужчына з пакладзістай барадой. З выгляду ці то мастак, ці то святар.
— Менавіта так! Калі мая Машка загуляла, павёў яе да кавалера. Сабака, скажу я вам… Ад трох медалёў аж звон у вушах. І бацька быў чэмпіёнам… І што? Усю морду яму парвала. Вяду да другога — тое ж самае, а з трэцім без медаляў — каханне з першага погляду, — выказаўся мужчына ў кепцы.
— Што б вы ні гаварылі, а сучка ёсць сучка, — зрабіла заключэнне маладзіца ў чырвонай кофце.
Тут аўтобус спыніўся на прыпынку Пагост. У аўтобус увайшлі некалькі маладых людзей. І ў дзвярах з’явілася цэлая капа рыжых валасоў спелай збажыны, заплеценых на скронях у некалькі пасмачак, на афрыканскі манер, якія пры кожным павароце галавы, лёталі наўкол кірпатага тварыка, аголеных плеч і доўгай шыі. Дзяўчына ўвайшла ў аўтобус. Кофтачка-майка завязана вузлом на жываце, а шорты-рэшткі джынсаў не хавалі стройных, загарэлых ног. Яна павярнулася да пасажыраў спіной, крыху сагнулася і пачала разлічвацца з шафёрам.
Мужчына ў кепцы адклаў часопіс і схаваў акуляры. Барадаты — правёў рукой па вусах і нават дзядуля падправіў сумку на пярэднім сядзенні. Было чутно, як злёгку пастукваюць клапаны ў маторы, звініць-б’ецца ў шкло муха ды сапе задрамаўшы пажылы пасажыр.
Дзяўчына сагнула правую нагу. Із-пад левай ягадзіцы выглянула цёмная складачка.
— О-о-о! — цяжка, нібы ўзваліла на сябе непасільны груз, уздыхнула адна з жанчын.
— Няма ні сораму, ні…, — таксама ўздыхнула кабета з бародаўкай.
— Ужо распранулася б зусім, — сказала маладзіца ў сонцаахоўных акулярах.
А дзяўчына не звяртала ўвагі на вострыя рэплікі і размаўляла з маладым шафёрам, які сядзеў як дзяцел на сухастоі. Спіна-струна, а галава назад адкінута, моцна трымаў рукамі руль і пільна ўглядаўся на дарогу.
— Вочы б мае не бачылі, — зноў не ўтрымалася жанчына з бародаўкай.
— Усё, што радуе вока, — ад Бога!, — разважліва адзначыў барадаты мужчына.
Жанчыны паглядзелі ўважліва на яго, але, відаць, падумаўшы, што ён сапраўды мае нейкае дачыненне да царквы, прамаўчалі.
Перад горадам на прыпынку дзяўчына кінула шафёру «чао» і выйшла з аўтобуса.
— Ну во, хіба ж не сучка гэта!, — сказала адна з жанчын, але ёй ніхто не адказаў.
Пасажыры ўсе прыціхлі. На прыпынку выйшлі яшчэ два пасажыры, з’явіліся новыя з пакетамі ў руках.
Мужчына ў кепцы дастаў акуляры і разгарнуў часпопіс. Барадаты глядзеў у акно.
Аутобус прыбліжаўся да аўтавакзала. У салоне стаяла мёртвая цішыня. Пасажыры моўчкі сядзелі, думалі кожны пра свае ўражанні ад гутаркі, што неяк знянацку паявілася ў аўтобусе.

Міхась Масюк

Реклама

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии