Мае аднагодкі - дзеці 1921 года

0

НОВІК АЛЯКСЕЙ АНДРЭЕВІЧ. Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Яго бацька — Новік Андрэй, быў у свой час старшынёй Ісернскага сельсавета, потым — старшынёй калгаса «Случ» у сваёй вёсцы. У 1933 годзе ён быў асуджаны і высланы ў Казахстан за ўдзел у Слуцкім паўстанні 1920 года. У 1942 годзе — мабілізаваны ў дзеючую армію, загінуў на фронце.

У 1937 годзе Аляксей скончыў Іграеўскую сямігадовую школу і паступіў у Слуцкае педвучылішча. У час Вялікай Айчыннай вайны быў членам падпольнай камсамольскай групы, якую ўзначальваў Мікалай Бялько. Потым стаў партызанам брыгады імя Чкалава, што дзейнічала ў Любанскім і Слуцкім раёнах.
Пасля вайны скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага педінстытута і 35 гадоў працаваў на пасадзе дырэктара ў школах Слуцкага раёна. Цяпер — пенсіянер, жыве ў вёсцы Сярагі.

За дзесяць кіламетраў на поўдзень ад Слуцка, на беразе ракі Случ, размясцілася вёска Іграева. Да Вялікай Айчыннай вайны тут пражывала больш за 110 сялянскіх сем’яў.

Реклама

Вайна дорага абышлася жыхарам вёскі, 38 сяльчан не вярнуліся да сваіх хат…
Мне хочацца паведаць аб лёсе жыхароў Іграева, маіх аднагодках, якія нарадзіліся ў 1921 годзе. Тады ў вёсцы адбылося нешта незвычайнае: нарадзіліся 17 хлопчыкаў і толькі адна дзяўчынка. Старыя людзі гаварылі, што гэта прадказвае вайну. На вялікі жаль, іх ужо няма ў жывых.

А цяпер сказ аб маіх іграеўцах-аднагодках — дзецях 1921-га года.

ЛЕАНОВІЧ УЛАДЗІМІР ЦІМАФЕЕВІЧ — з сялянскай сям'і. Яго бацька тры гады жыў у Амерыцы і часта нам, юнакам, расказваў пра амерыканскія небаскробы, падземны шлях — метро, пра багацце прадуктаў і тавараў, і дадаваў: «Дурань я, што вярнуўся з багатай Амерыкі ў гэтую галодную Расію…»
Яго сын, Уладзімір, скончыў мясцовую школу і паступіў на вучобу ў Слуцкае педвучылішча. У 1940 годзе яго прызвалі ў рады Чырвонай Арміі. У верасні 1941 года ў баях з нямецкімі захопнікамі загінуў пры абароне Ленінграда.

САМУСЕВІЧ УЛАДЗІМІР ІЛЬІЧ. Бацькі яго — звычайныя сяляне-калгаснікі. Мнагадзетная сям’я: шасцёра дзяцей. Яны жылі бедна, упрогаладзь. Уладзімір пасля сямігадовай школы працаваў у калгасе. У 1940 годзе прызваны ў рады Чырвонай Арміі і служыў радавым байцом недалёка ад горада Беластока.
У першую ж ноч вайны іх воінская часць была акружана немцамі. Салдат немцы забілі або ўзялі ў палон. Уладзімір, па словах яго таварыша, якому ўдалося ўцячы з палону, хварэў на язву страўніка, а потым памёр ад голаду і хваробы. Які лёс чалавека! У дзяцінстве і юнацтве пакутаваў, і смерць у муках прыняў па віне кіраўнікоў нямецкай і савецкай дзяржаў.

КУЛЕШ МІХАІЛ ІЛЬІЧ. Дзяцінства і юнацкія гады пражываў без бацькі, а з айчымам, з якім часта не ладзіў. У 1937 годзе паступіў у Слуцкае педвучылішча, у 1940 годзе прызваны ў Чырвоную Армію.
З пачатку Вялікай Айчыннай вайны да верасня 1944 года служыў артылерыстам-наводчыкам. Меў баявыя ўзнагароды, два разы быў ранены. У верасні 1944 года ён загінуў у баі з нямецкімі войскамі ў ваколіцах Брэста.

НОВІК УЛАДЗІМІР ФЁДАРАВІЧ. Сын селяніна. Бацька яго у 1904−05 гадах ваяваў з японцамі ў Маньчжурыі. З вайны вярнуўся інвалідам, без нагі. І, як інваліду, у той час яму пенсіі не плацілі.
Уладзімір, пасля вучобы ў Іграеўскай школе, працаваў у калгасе. У 1939 годзе быў прызваны ў армію. У 1942 годзе загінуў у баях за Сталінград.

ЛЕАНОВІЧ ІВАН ІОСІФАВІЧ. Яго бацька памёр, калі Івану было 3 гады. Гадуючыся паўсіратой, з маткай-удавой, ён не меў магчымасці вучыцца далей. Пасля школы быў вымушаны працаваць у калгасе памочнікам трактарыста. У 1939 годзе прызваны ў армію і, як трактарыст, залічаны ў танкавую часць. Потым стаў камандзірам танка, службу нёс на Украіне. У адным з баёў, у пачатку вайны, яго танк быў падбіты. Іван згарэў жывым.
І думаецца: за што яму было гора ў жыцці і такая трагічная смерць…

ЯЙЧЭНЯ ТРАФІМ СЯМЁНАВІЧ. З сялянска-калгаснай сям'і. Яго бацька доўгі час не хацеў уступаць у калгас, за гэта яго празвалі «цвердалобым».
Трафім, скончыўшы сем класаў мясцовай школы, працаваў у будаўнічай арцелі Слуцка. У 1939 годзе прызваны ў армію і залічаны ў войска сувязі ў горадзе Ленінградзе, дзе і загінуў у час вайны — ці ад пулі, ці ад голаду…

КУЛЕШ ВАСІЛЬ ІЛЬІЧ. Чалавек нешчаслівы на ўсе 100 працэнтаў. Яго бацькі памерлі, калі яму споўнілася чатыры гады, і ён застаўся круглым сіратой. Далёкія сваякі бралі яго на сваю апеку (блізкіх сваякоў не было). Але, безумоўна, сваякі - гэта не маці з бацькам. Ён гадаваўся без мацярынска-бацькоўскай ласкі, пад прыгнётам капрызаў і грубіянства яго апекуноў. Вучыўся ён без жадання, але працаваў з ахвотай. У калгасе пасвіў свіней, кароў.
У 1939 годзе прызваны ў армію, службу адбываў каля Гродна. З першых дзён вайны апынуўся ў нямецкім палоне. Разам з двумя таварышамі здзейсніў уцёк з палону. Аднаму з іх, ураджэнцу Слуцка, удалося ўцячы, а Васіля і яго таварыша немец растраляў у адной з вёсак каля Гродна.
Так ён і жыў, гараваў і памёр, пакутуючы. І калі ёсць другі свет, дык ён будзе жыць у раі…

СУЧОК УЛАДЗІМІР ПАЎЛАВІЧ. Сялянскі сын, гадаваўся без мацяры, яна памерла, калі Уладзіміру споўнілася 7 гадоў. У 1937 годзе скончыў вучобу ў мясцовай школе. Па ўсіх прадметах вучыўся на выдатна, дзякуючы гэтаму ён змог паступіць у прэстыжны тады Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, які скончыў перад самым пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. Навучэнцаў тэхнікума ў армію не прызывалі да дня заканчэння вучобы.
У 1941−42 годзе разам з сям’ёй жыў у роднай вёсцы, удзельнічаў у падпольнай дзейнасці: быў сувязным у партызанскім атрадзе.
Летам 1942 года нямецкія ўлады прызвалі яго на службу ў паліцыю. Але праз тыдзень ён вызваліўся ад ненавіснай яму службы і перайшоў у партызанскі атрад імя 14 Слуцкіх партызан. Вясной 1944 года, разам з двума партызанамі, адправіўся з заданнем камандавання атрадам здзейсніць дыверсію на чыгуначнай трасе Мінск — Баранавічы. Усе тры партызаны з задання не вярнуліся, і нікому цяпер невядома, дзе і як яны загінулі.

ЛЕАНОВІЧ СЦЯПАН ІЛЬІЧ. У 1940 годзе закончыў Слуцкае педвучылішча, пасля чаго быў прызваны ў армію, трапіў у роту сувязі. У час вайны служыў радыстам у артылерыйскім палку. Вайну перажыў спакойна, не быў нават раненым. Па яго словах, яму павязло…
Пасля вайны закончыў завочна педінстытут і працаваў настаўнікам у школах Любанскага раёна. Памёр на радзіме, у вёсцы Іграева, у 1996 годзе.

НОВІК ФЁДАР ГЕРАСІМАВІЧ. Бацькі яго — калгаснікі-сяляне. Пасля атрымання сямігадовай адукацыі ў 1937 годзе працаваў у калгасе, а ў 1939 годзе быў прызваны ў армію. З ліпеня 1941 года і да мая 1944 года знаходзіўся на фронце ў званні старшага сяржанта.
Чатыры разы быў ранены, узнагароджаны 10 ордэнамі і медалямі за баявыя заслугі. У чэрвені 1944 года пасля цяжкага ранення быў камісаваны. Усё астатняе жыццё працаваў у калгасе «1 мая» Слуцкага раёна шафёрам. Памёр у 2004 годзе пасля цяжкай хваробы.

ЯРАШЭНЯ УЛАДЗІМІР МАЦЬВЕЕВІЧ. Яго бацька ў 1920 годзе быў удзельнікам Слуцкага паўстання (Збройны чын), ваяваў супраць бальшавікоў, за незалежную Беларусь. За гэтую «правіннасць» у 1937 годзе яго арыштавалі органы сталінска-яжоўскага НКУС і расстралялі як ворага народа.
Уладзімір пасля заканчэння Іграеўскай школы ў 1937 годзе больш нідзе не вучыўся, бо ў гэты час памерла яго маці і, як старэйшаму ў сям'і, хлопцу давялося гадаваць малодшых брата і дзвюх сясцёр.
З ліпеня 1944 да 1945 года знаходзіўся на фронце. Пасля вайны выехаў на пастаяннае жыхарства ў Ленінградскую вобласць, дзе і памёр ад цяжкай хваробы ў канцы 80-х гадоў.

Аляксей Новік, пазаштатны аўтар

ПРАЦЯГ матэрыяла чытайце ў адным з наступных нумароў газеты.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии