У тую хмарную, з шалёным ветрам, што падвываў у коміне, лістападаўскую ноч 1942 года ў нашу вёсачку ўпершыню завітала група партызанаў. У гадзіне трэцяй у дзверы сенцаў моцна пастукалі, хтосьці сіплым басам паклікаў нашага бацьку: «Адам, адчыняй, Тарас Бубка цябе ўспомніў». У хату на кухню зайшоў мужчына ў доўгім чорным кажусе з нямецкім аўтаматам праз плячо, павітаўся з бацькам.
Маці прынесла бутэльку самагонкі, нарэзала сала, хлеба, салёных агуркоў. Госць, не распранаючыся, прысеў да стала, пасля шклянкі першаку разгаварыўся. Я зразумеў, што яны з бацькам былі знаёмыя да вайны, калі Тарас Бубка, жыхар вёскі Рабак, працаваў ляснічым, а бацька ў тутэйшым калгасе — шафёрам на палутарцы.
Госць-партызан паведаў сваю трагедыю, якая напаткала сям’ю летам у тым годзе. Вясковы недабразычлівец данёс, што Тарас трымае сувязь з партызанамі. Яго, жонку і семнаццацігадовага сына немцы арыштавалі, кінулі ў пастарунак, вадзілі на допыт, білі, патрабавалі, каб расказаў, хто яшчэ з вяскоўцаў дапамагае партызанам. Але ён маўчаў. І яго з сынам павялі на расстрэл у блізкі ад камендатуры сасняк. Немалады салдат з аўтаматам нёс рыдлёўку і загадаў Тарасу капаць магілу. Што ён і зрабіў, а калі вылез з магілы, то паклікаў немца паглядзець, ці «гут» усё зроблена. Той падышоў бліжэй на агляд і Тарас нанёс яму па галаве ўдар рыдлёўкай, немец, як куль мукі, зваліўся ў яму. Тарас падхапіў яго аўтамат — і яны з сынам кінуліся хутчэй у лес. Адбеглі метраў дзвесце ці болей і пачулі знаёмае гергетанне — іх ужо шукалі. На шчасце, на невялікай палянцы трапілася на вочы вялікая куча яловых і хвойных галін, скінутых пасля спілавання дрэў.
Яны хуценька залезлі пад гэту кучу і затаілі дыханне, бо немцы былі непадалёку. Адно трывожыла Тараса: сына ад перажытага чакання смерці і набліжэння пагоні пачало трасці. Бацька прыціскаў яго да зямлі, каб не варушылася куча падсохлага галля. Калі добра сцямнела, яны вылезлі і ўзялі шлях на поўдзень, у бок Любаншчыны, дзе ўжо дзейнічалі партызанскія брыгады, з якімі ляснічы ўсё ж меў сувязь. Тараса залічылі ў адзін з атрадаў, а сына, які ад усяго перажытага набыў сур’ёзныя адхіленні ў псіхіцы, адправілі самалётам, што прылятаў зрэдку на востраў Зыслаў, у Маскву, на лячэнне. А Тарас хадзіў на заданні. І вось рашыў наведацца ў нашу вёску.
Яго сповед узрушыў маіх бацькоў і мяне таксама, маці на дарогу паклала Тарасу ў торбу кавалак сала, бохан хлеба. І ён болей у нашу вёску не наведваўся, ва ўсякім разе да бацькі не заходзіў, хоць партызаны з вёскі Паўстынь былі частымі гасцямі ў нашай хаце. Аднаму з іх, Хведару Жуку, бацька перадаў пісталет “Маўзер”, які знайшоў у лесе летам 1941 года. Ад іх бацьку стала вядома, што жонку Тараса, пасля яго з сынам уцёку, немцы расстралялі. Ён стаў помслівым, жорсткім у адносінах да людзей, да якіх партызаны заходзілі, каб папоўніць запасы прадуктаў. Меўся на яго сумленні і расстрэл ні ў чым не павіннага селяніна адной з бліжэйшых вёсак, якога ён падазраваў у шпіянажы, хоць ніякіх доказаў віны не меў.
Пасля выгнання акупантаў са Случчыны, летам 1944 года Тараса на фронт не мабілізавалі як іншых партызанаў, магчыма, ён не падыходзіў па ўзросту ці па іншых прычынах. Вярнуўся ў пустую хату, аўтамат свой здаў куды належыла, але пісталет трымаў пры сабе — пра гэта вяскоўцы ведалі. Часта напіваўся і блукаў па вуліцы. Яму карцела даведацца, хто выдаў яго немцам. Падазрэнне пала на аднавяскоўца Кармаліцкага, які ў вёсцы яшчэ да вайны меў мянушку «Ленін» — за тое, што ў пачатку 20-х гадоў ён, у лапцях, з ботамі праз плячо, нібыта хадзіў у Маскву да Леніна, лічыўся ў калгасе актывістам. Мусіць, не выпадкова Кармаліцкаму, калі ў вёсцы аднавілі калгас, старшыня даверыў вартаваць нейкі склад і збожжавыя палеткі, што ўжо сталі агульнымі. Выдалі баявую вінтоўку з патронамі. Тарас не мог не ведаць, на каго кладзецца яго нумар з помстай. Калі аднойчы раніцай ён падышоў да дому Кармаліцкага, стаў стукаць у дзверы, лаяцца. Той добра ведаў цяжкі характар Тараса, узяўшы вінтоўку, праз акно стрэліў у яго. Смерць напаткала Тараса на парозе. Кармаліцкага арыштавалі міліцыянеры, якія прыехалі з горада. Яны пасадзілі Кармаліцкага ў акруговую Слуцкую турму. Болей яго ў вёсцы не бачылі: або расстралялі пад гарачую руку, або выслалі. Дома засталіся жонка і чацвёра дзяцей, сын і тры дачкі.
Міхаcь Тычына
P.S. З этычных меркаванняў прозвішчы партызана і яго забойцы зменены.