Жыхары вёскі Гоцк чакаюць дапамогі

0

Тры гады назад, у канцы 2007 года, калгас «Гоцк» Салігорскага раёна ліквідавалі і, як брыгаду, далучылі да суседняй гаспадаркі вёскі Хорастава. Зусім нядаўна, менавіта з Гоцка, патэлефанавала жанчына. «Мы, жыхары вёскі Гоцк Салігорскага раёна, разумеем, што журналісты не вырашаць нашы праблемы, але прыязджайце і раскажыце пра нашу бяду людзям,» — такім быў лейтматыў запрашэння.

Гоцкі майдан

Вёска сустрэла мяне натоўпам людзей.
«Няма работы, таму што дзень пачынаем з такога зборышча, — распавядала маладая жанчына з веласіпедам у руках. — Я, Федаровіч Люда, у мяне двое дзяцей, шасці і дзесяці гадоў. Ці можна хадзіць на работу ў калгас за 100 тысяч рублёў у месяц?»
«Раней тут быў рай. А сёння невядома што, — стараецца выказацца пенсіянерка Аляксандра Дзмітрыеўна. — Пры Каржу працавалі за працадні, не было дарогі. Але пасля вайны не было і крыўды. Сёння ж за такое жыццё вельмі сорамна».
«У мяне трое дзяцей. Муж будаўнік, не працуе. Жывём на пенсію маіх бацькоў, — гаворыць Святлана Аляхновіч. — Адпускаць мужа ў Маскву баюся, каб не застаўся ў масквічкі. Нам патрэбна калгас вярнуць, каб была работа».

«Я ўзяў у арэнду тры гектары зямлі, гарбаціўся ўручную. Куды сёння прадаць 15 тон бульбы? Хлеба купіць няма за што, — гаворыць Аляхновіч Кастанцін. — Быў калгас, каля чатырох тысяч гектараў багацейшай зямлі. Было 600 толькі дойных кароў. А яшчэ ў кожным двары не меней дзвюх кароў. Кармоў хапала калгаснаму статку і прыватнагаспадарчаму. Калгас ліквідавалі, кармоў стала не хапаць ні тым, ні другім. Мае дзеці ніколі не застануцца тут».

Реклама

Калі людзі трохі супакоіліся, пенсіянер Антон Будгусаім пастараўся растлумачыць гоцкую бяду: «Тры гады назад калгас „Гоцк“ ліквідавалі і, як брыгаду, далучылі да суседняй гаспадаркі вёскі Хорастава. У выніку такой простай маніпуляцыі ў раёне стала адной нерэнтабельнай гаспадаркай менш. Затое ў Гоцку ліквідавалі мельніцу, пілараму, некаторыя фермы, звольнілі трактарыстаў. Было шмат беспрацоўных, а стала яшчэ больш. Калісьці быў швейны цэх — цяпер няма; спрабавалі будаваць крухмальны - усё расцяглі. У выніку, многім сем’ям няма за што жыць».

Забытая вуліца

Вёска Гоцк стаіць на месцы балота, таму, пасля меліярацыі, перакапана канавамі. Уздоўж адной такой канавы размясцілася новая вуліца, Завадская. Людзі будаваліся з разлікам на шчаслівае жыццё. Але пра вуліцу забылі. Як завяршылася будоўля, нават гравіем не высыпалі. Таму па ёй трэба хадзіць у гумавых ботах. А яшчэ цераз канаву не зрабілі ні аднаго мосціка. Паклалі, часова, кладку. З яе і звалілася дзіця ў канаву. І толькі пасля такога няшчасця паклалі трубу і насыпалі пераход. А ці нельга было гэта зрабіць своечасова?
Пазней, паралельна з Завадской, пабудавана была вуліца па праграме аднаўлення вёскі. На гэтай вуліцы адразу паклалі асфальт.

Ваўкі пад вокнамі

Калі большасць выказала сваё набалеўшае, падыйшла жанчына і сказала: «Паехалі на хутар Задубрава, пакажу вам хату, у якую ваўкі заглядаюць праз вокны. Там жыве Станіслава Максімаўна, якой больш за семдзесят гадоў, з ёю — унук-школьнік».
За вёску праехалі каля пяці кіламетраў. Каля самага лесу ўбачылі хаціну. Гаспадыня сустрэла здзіўлена, бо чужыя людзі тут бываюць вельмі рэдка.

«Жыву з унукам Дзянісам. Ён вучыцца ў дзесятым класе, кожны дзень ходзіць за пяць кіламетраў у школу. У мяне была вялікая бяда: памерла дачка, а калі пра гэта даведаўся хворы муж (яе бацька) — памёр адразу. Засталася з маленькім унукам. Хацелі забраць яго ў інтэрнат, але я не аддала. Цяпер ён ужо вялікі. Прасілі жыллё ў пасёлку, дык мне далі такое, што жыць там было немагчыма, таму адмовілася. Дапамогі на ўнука ніякай не атрымліваю, бо яго бацька на заробках у Расіі, нам не піша і не дапамагае. Існуем на маю пенсію ў 315 тысяч рублёў.
Баюся, каб не згарэць у гэтай хаце: комін зусім разваліўся, ды сцяна вывальваецца. Няма сэнсу рамантаваць хаціну. Сапраўды, ваўкі прыходзяць, заглядаюць у вокны. Жывём з імі дружна».

Хто хоча — той работу знойдзе

Мне пашанцавала: старшыня мясцовай улады быў на месцы. Сучасны будынак, кабінет старшыні сельскага выканкама.
«Праблемы ёсць. Але хто хоча працаваць, той работу знойдзе, — стараўся на ўсе мае пытанні адказаць адразу Васіль Максімавіч Бірук. — У вёсцы каля 700 падвор’яў, у якіх пражывае каля дзвюх тысяч чалавек. Занятых на працы — каля 300 чалавек. Працаздольных -1130. Ёсць дзве фермерскія гаспадаркі, з іх адна мае 50, а другая — 40 гектараў зямлі, 51 чалавек арэндуе па тры гектары. У арэнду можам даць зямлю кожнаму, хто пажадае. У весцы 220 прыватнагаспадарчых кароў (некалькі гадоў назад іх было больш за паўтысячы), 167 коней, 60 трактароў і грузавых машын. Бяда, што няма ў Гоцку аўтазапраўкі.
Мосцік зрабілі пасля таго, як утапілася дзіця. Вуліцы трэба падсыпаць, гэту работу перадалі ў ДРБУ- 166. Спадзяюся, што ў гэта лета падсыплюць. Калі Станіслава Максімаўна падасць заяву на паляпшэнне жыллёвых умоў, будзем разглядаць, нешта выдзелім».

Праблема кіраўніка

Спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі Салігорскага райвыканкама, які сваё імя агучыць не захацеў, у размове з карэспандэнтам газеты «Кур'ер» сказаў: «Калгас „Гоцк“ ліквідавалі ў канцы 2007 года, бо праблем было шмат. Ды і старшыня аказаўся „бяззубым“. З горада і з мясцовых знайсці кіраўніка не змаглі».

Уладзімір Амяльчэня

МЕСЦА СУСТРЭЧЫ. Штодня многія жыхары Гоцка збіраюцца на плошчы і абмяркоўваюць сваё жыццё. Фота: Уладзімір Амяльчэня
МЕСЦА СУСТРЭЧЫ. Штодня многія жыхары Гоцка збіраюцца на плошчы і абмяркоўваюць сваё жыццё.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии