Вестка з чужой газеты ашаламіла вёску

0

У сярэдзіне ліпеня 1941 года ў нашу вёску Боркі заехала з боку Слуцка нямецкая легкавушка з адкідным брызентавым верхам, даволі раскошная. З яе выйшлі чацвёра: салдаты і афіцэры.

Ужо да гэтага не раз па шляху да мястэчка Урэчча ў вёску заязджалі грузавікі, нават два браневічкі з кулямётамі. У Вежах салдаты абыходзілі па хатах і збіралі яйкі, потым на вуліцы выпівалі іх сырымі, што здзіўляла хлапчукоў, якія назіралі за салдатамі.
На гэты раз абыходу не было, салдаты перакусілі, намазваючы на скібкі шэрага хлеба плаўлены сыр, пераабуліся. А афіцэр паклікаў мяне пальцам, бліжэй да сябе, і перадаў сваю газету «Фолькішэр беабахтэр».
Да вайны я скончыў школу-сямігодку, дзе вывучалі нямецкую мову, і сёе-тое разумеў у той газеце. Звярнуў увагу на фотаздымак першай старонкі, дзе праглядваліся два нямецкія афіцэры і побач з імі савецкі ні то салдат, ні то афіцэр, у шынелі. Подпіс пад здымкам сведчыў, што палонны — афіцэр-артылерыст Чырвонай арміі Якаў Джугашвілі, сын Сталіна, трапіў у палон каля Віцебска 4 ліпеня.
Мяне, прызнацца, гэта вестка не вельмі здзівіла. Болей — ваенная зводка з франтоў, дзе гаварылася аб тым, што Вермахт вядзе баі каля Магілёва і Смаленска. Вось гэта засмуціла маё хлапечае сэрца, бо лічыў да вайны, што наша армія «всех сильней».
Тую газету немец не забраў, і я перадаў яе свайму дзядулю на самакруткі, бо іншай паперы ў яго не было.
А вестка пра сына Сталіна хутка абляцела вёску. Пасля аж да снежня ніхто не ведаў, дзе фронт і ці трымаецца яшчэ Масква. І толькі перад новым 1942 годам даляцела чутка, што немцаў адагналі ад сталіцы і яны драпаюць на Захад.

Міхаіл Тычына

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии