Паветраны бой над Прусамі

1

Мінае 65 гадоў, як скончылася вайна. Зусім мала засталося тых, хто прайшоў яе дарогамі. Але ў памяці пакалення малодшых жывуць тыя дні вайны. І кожны раскажа пра сваю вайну.

Васіль Вусік сустракаў 1944 год у вёсцы Прусы Старадарожскага раёна хлапчуком таго ўзросту, калі лічыў сябе знаўцам ваеннай тэхнікі.
Недалёка ад вёскі, у лясным урочышчы Бажэнь яе валялася шмат, толькі бяры. Добра запомніўся яму дзень вызвалення:
«Гэта быў сонечны дзень. Праз вёску ішлі калонай савецкія войскі. Раптам над намі з’явіліся два самалёты: нямецкі і з чырвонымі зоркамі. Завязаўся паветраны бой. Людзі з зямлі сачылі за віражамі самалётаў. Нечакана салдаты развярнулі зенітную пушку і сказалі: „Дапаможам“. Прагучалі першыя стрэлы.
Неўзабаве савецкі самалёт задыміў і пачаў пікіраваць да зямлі. Хто яго збіў - невядома. Кіламетры за тры-чатыры ён упаў. Пачуўся моцны выбух. Калі прыбег да месца здарэння, там быў натоўп людзей. З ямы, у якой былі рэшткі самалёта, ішоў дым. Недалёка валяўся рухавік. Яшчэ шмат абломкаў самалёта было раскідана па лесе. На дрэвах вісела нейкае рыззё. Людзі гаварылі, што салдаты забралі дакументы лётчыкаў. Мяне больш цікавілі рэшткі самалёта. Восенню 2009 года на месцы падзення знайшоў кавалак сплаўленага алюмінія. Я думаю, гэта была таблічка, бо можна было прачытаць нейкія літары на англійскай мове. Хутчэй за ўсё гэта быў амерыканскі самалёт. На гэтым месцы і сёння яшчэ засталася яма, а вакол усё зарасло лесам».
«Калі я прыбегла на месца здарэння, то перш убачыла голы ступак ад нечые нагі. Людзі заграбалі рукамі астанкі лётчыкаў. Аднавяскоўцы расцягвалі і дзялілі тканіну парашутаў, — расказала 79-ці гадовая жыхарка вёскі Прусы Вольга Мінаўна Грыневіч. -Калі самалёт падаў, мы ляскалі ў ладоні: думалі, што нямецкі. Пасля рэшткі таго самалёта расцягнулі. З алюмінію лілі лыжкі і чыгункі. Шкада, ніхто не ведае, як звалі лётчыкаў, іх было чатыры».

Уладзімір Амяльчэня

Реклама

СПРАЎКА «КУР'ЕРА». Фрагмент надпісу на металічным асколку ад самалёта:"Bomb 200 Bay Ferry".
Згодна гэтага надпісу і расказаў сведкаў паветранага боя, можна меркаваць, што самалет з чырвонымі звёздамі быў бамбардзіроўшчыкам амерыканскай вытворчасці «А-20 Boston». Усяго выраблена 3 125 машын — амаль палова з іх была па ленд-лізе накіравана ў СССР.
Усяго ў гады вайны Чырвоная Армія атрымала 14 126 баявых самалётаў са ЗША.

СВЕДКА ЗДАРЭННЯ. Васіль Вусік з кавалачкам абгарэўшай шыльдачкі ад самалёта Фота: Уладзімір Амяльчэня
СВЕДКА ЗДАРЭННЯ. Васіль Вусік з кавалачкам абгарэўшай шыльдачкі ад самалёта Фота: Уладзімір Амяльчэня


1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Павел
Павел
6 апреля 2010 19:08

Нефарматны артыкул да юбілею Перамогі. Таму і цікавы.