Народны тэатр запрасіў гледачоў на вяселле

0

Слуцкі народны тэатр драмы і камедыі імя У. Галубка адзначыў Міжнародны дзень тэатра прэм’ерай. Увазе гледачоў быў прапанаваны спектакль «Вяселле» паводле п’есы А.П. Чэхава.

Трынаццаць персанажаў п’есы сустрэліся за вясельным сталом, які ламіўся ад прысмакаў - дарэчы, сапраўдных, а не якой-небудзь бутафорыі. У спекатклі былі занятыя як сталыя акцёры — Галіна Бабаджанава, Зінаіда Заяц, Уладзімір Машко, Людміла Рапапорт, Людміла Шахновіч, Яўген Макаранка, Мікалай Курбыка, так і дэбютанты. Упершыню на сцэну Слуцкага народнага тэатра вышлі Уладзімір Вяршынін, Наталля Дубалека, Вольга Буглак, Андрэй Галавач, Юрый Арол.
«П'еса Чэхава актуальная і сёння, — лічыць Галіна Бабаджанава, якая грае ў Слуцкім народным тэатры амаль пяцьдзесят гадоў. — З пачатку XX-га стагоддзя людзі не змяніліся. Мая гераіня хацела прамовіць тост за маладых, а ёй ніхто слова не даў. І ў жыцці такое здаралася».

Актрыса Людміла Шахновіч, вядомая случчанам як уладальніца тытула «Каралева аўтапарка», выканала ў спектаклі ролю свахі.
«Рэжысёр адразу прапанаваў мне характэрную ролю, — распавяла Людміла ў размове з карэспандэнтам „Кур'ера“. — На рэпетыцыях хвалявалася, вядома. Але калі выйшла на сцэну і ўбачыла твары гледачоў, пра ўсё забылася. Нават пра веер, які павіннна была даць тэлеграфісту Яцю. Прыйшлося беднаму хлопцу махаць на мяне рукамі».

Реклама

Для рэжысёра тэатра Аляксандра Туміловіча самае галоўнае — прызнанне гледачоў. «Людзі адклікаліся на тое, што адбывалася на сцэне, — адзначыў Аляксандр. — Вы заўважылі, якая цішыня была ў зале пад маналог генерала? Гэтым спектаклем мы хацелі звярнуць увагу на тое, як цяжка быць аднаму, і публіка гэта адчула. Напрыканцы спектакля гледачы ўсталі. Для нас гэта і ёсць ацэнка нашай працы».

Прэм’еру Аляксандр Туміловіч прысвяціў сваёй жонцы Ксеніі, якая ў Міжнародны дзень тэатра адзначыла 35-ты дзень нараджэння.

Таццяна Гусева

ЗА ВЯСЕЛЬНЫИ СТАЛОМ. Лічба трынаццаць не спалохала рэжысёра Аляксандра Туміловіча. Менавіта столькі акцёраў занятыя ў яго спектаклі “Вяселле” па Чэхаву. Фота: Таццяна Гусева

ЗА ВЯСЕЛЬНЫИ СТАЛОМ. Лічба трынаццаць не спалохала рэжысёра Аляксандра Туміловіча. Менавіта столькі акцёраў занятыя ў яго спектаклі «Вяселле» па Чэхаву. Фота: Таццяна Гусева

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии