Легенда пра Белае балота

0

На Случчыне існуе нямала мясцовых легенд і міфаў. Я прапаную яшчэ адну, што дайшла да нас з даўніны.

Вакол вёсак Сорагі, Волашава, Новы Гуткоў Слуцкага раёна ёсць урочышча з цікавай назвай «Белае балота». Яшчэ ў 1950-ыя гады, да меліярацыі, яно з’яўлялася сапраўдным балотам. Вада там была чыстая, а на мелкаводдзі цёплая. Вясною па канаве, якой, мусіць, столькі, колькі шашы Масква-Варшава, вада выцякала на абочыну дарогі і пад мастом бегла на другі яе бок. Вакол балота ў 1959−60гг. жанчыны з Падарэсся Старадарожскага раёна з нашымі мясцовымі ляснікамі Бранавіцкім Зэнкам і Тамілавым Пятром пасадзілі хвойны лес. Вясною 1961 года мы, група мясцовых школьнікаў, ужо самі дапамагалі леснікам пашыраць гэты лес, паступова выцясняючы палеткі нашага Нова-Гуткоўскага пасёлка Адраджэння.
У той час жыла яшчэ мая бабуля, якой было каля 100 гадоў. Гледзячы, як садзім дрэвы, яна расказала легенду пра ўрочышча. Паводле яе слоў, на месцы Белага балота, на гары, у старажытныя часы стаяла царква. Па невядомай прычыне яна правалілася пад зямлю. На яе месцы і ўтварылася балота. Сярод мясцовых жыхароў доўга існавала паданне, што калі ў Вялікдзень прыкласці вуха да зямлі побач з Белым балотам, то можна пачуць царкоўныя званы. Я, школьнік, не адзін раз спрабаваў паслухаць звон міфічнага храма. Але гэтаму заўжды перашкаджалі машыны, якія рухаліся па шашы, ці шум падрастаючага леса.
У энцыклапедычным слоўніку «Беларуская міфалогія», на жаль, пра Белае балота нічога не сказана. Але вядома, што легенда Белага балота як дзве кроплі вады падобна на тую, што існуе ў вёсцы Кармазы Старадарожскага раёна. Там пад зямлю правалілася царква, якую пракляла цыганка. На гэтым месцы ўтварылася возера, а потым балота.

Міхаіл Тарасевіч

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии