Адбылася прэзентацыя факсіміле Барадуліна

0

Літаратурна-музычныя імпрэзы ў межах культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі» адбыліся 24 сакавіка ў слуцкай гімназіі № 1 і гасцёўні «Алімп» пры Слуцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы.

Галоўнай падзеяй імпрэз з’явілася першая прэзентацыя факсіміле паэтычнага зборніка Рыгора Барадуліна, якая стала падарункам да 75-годдзя народнага паэта. Глеб Лабадзенка, карэспандэнт газеты «Звязда», распавёў удзельнікам сустрэч пра тое, як узнікла ідэя перавыдаць першую кнігу дзядзькі Рыгора і пра сваё знаёмства з паэтам. «Калі я вучыўся ў школе, як і многія з вас, думаў, што ўсе класікі беларускай літаратуры знаходзяцца ўжо на тым свеце. (Ажыўленне ў зале) Я вельмі здзівіўся, калі мая настаўніца Алена Сцяпанаўна распавяла, што ва універсітэце вучылася разам са славутым паэтам Рыгорам Барадуліным, які зараз жыве ў Мінску, і якога яна нядаўна бачыла ў трамваі». Лабадзенка знайшоў тэлефон паэта ў даведніку, патэлефанаваў і прапанаваў сустрэцца.

Музычная частка імпрэз была запоўнена песнямі пад гітару лідэра гурта «HandmadE» Яўгена Валошына. Гучалі на імпрэзах унікальныя архіўныя запісы галасоў Ларысы Геніюш, Уладзіміра Караткевіча і Рыгора Барадуліна з дыска «ГАЛАСЫ» — супольным праекце Глеба Лабадзенкі і паэта Сяргея Панізніка.

Реклама

Гімназісткі Юлія Крук і Вольга Паўлюкевіч прызналіся, што былі вельмі ўражаныя імпрэзай. «Гэта найлепшая беларуская мова і літаратура, якая была ў нас», — сказала Юлія. «Для мяне гэта проста подых творчасці, — дадала яе сяброўка Вольга. — Калі ты ведаеш, што ёсць людзі, якія сапраўды ўздымаюць беларускую культуру і для якіх „мова“, „творчасць“ — гэта не проста словы».

Таццяна Гусева

ГОСЦЬ. Глеб Лабадзенка: “Мяне прыемна здзівіла тое, як слуцкія гімназісты ўспрымаюць паэзію”. Фота: Таццяна Гусева
ГОСЦЬ. Глеб Лабадзенка: «Мяне прыемна здзівіла тое, як слуцкія гімназісты ўспрымаюць паэзію». Фота: Таццяна Гусева

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии