Сустрэча праз гады

0

Светлыя кудзеркі валасоў на галаве, сінія вочкі дзяўчынкі, з якой мы вучыліся ў другім класе школы-пачаткоўкі, прыглянуліся мне адразу, як убачыў яе. Марыя, так клікалі дзяўчынку, выдзялялася срод сябровак мілавіднасцю твару, спакойным характарам. І калі на перапынку я дазваляў сабе патузаць за коскі іншых дзяўчынак, Марыя заставалася недатыкальнай. Пазней, калі я ўжо хадзіў у школу-сямігодку ў іншай вёсцы, тыя мае пачуцці ўціхлі, забыліся. І толькі летам 1943 года мы зноў сустрэліся з ёю, ужо дарослай.

З дзвюма сяброўкамі яна вярталася са Слуцка, як пазней стала вядома, праз нашу вёску, куды з раніцы завітала група паліцаяў, каб арыштаваць нашага вяскоўца, якога яны падазравалі ў сувязі з партызанамі. Але той ноччу з жонкай і дачкой-малалеткай, пайшлі ў лес, дзе іх чакалі партызаны. Пакінутую імі маёмасць паліцаі пагрузілі на дзве павозкі. Убачыўшы не тутэйшых дзяўчат, адзін з іх, мужчына ў гадах, у саламяным капелюшы, стаў чапляцца да дзяўчат, нешта распытваць, пагрозліва ківаў у іх бок пальцам. Адну з трох, падыйшоўшы бліжэй, я пазнаў па светлых кудзерках на галаве, па сініх вачах, якія напоўнілі радасцю маё хлапечае сэрца, — гэта была Марыя, мая сімпатыя са школы-пачаткоўкі ў пачатку 30-х гадоў.
Болей мы не сустракаліся, бо ў вёсках ужо ніхто не ладзіў вечарынак, моладзь хавалася днём і ноччу, хто дзе змог, баяліся аблаваў, якія ладзілі акупанты для адпраўкі остарбайтараў у Германію. Пасля вызвалення мяне прызвалі на вайсковую службу. Толькі праз два гады, прыехаўшы ў водпуск на дваццаць дзён, мы сустрэліся з Марыяй на вечарыне, што ладзілася моладдзю ў вялікай хаце пад гармонік з бубнам. Дзяўчат сабралася з нашай і суседніх вёсак чалавек дзесяць, але мне здавалася, што Марыя была самай прыгожай сярод іх. Мы выходзілі з ёю танцаваць, аб чымсці гутарылі, я саромеўся прызнацца ў сваіх пачуццях, яна — таксама. Я адчуваў: дзяўчына таксама не абыякавая да мяне. Пасля той вечарыны я адбыў да месца службы. Мы перапісваліся з ёю паўгода, а потым мой стрыечны брат паведаў мне ў пісьме, што яна выйшла замуж за хлопца, які прыехаў у вёску пагасцяваць да свайго дзядулі.
Ён ужо працаваў у Ленінградзе на нейкім заводзе. А родам быў з Любанскага раёна. Мяне тая вестка засмуціла, перажываў. Не змог тады ўразумець, што для дзяўчыны, якой ўжо было за дваццаць, я- не жаніх, навошта чакаць яшчэ чатыры доўгія гады яго службы ў войску. А тут — хлапец, ветэран вайны.
А сустрэліся мы зноў праз пяцьдзесят два гады. Зусім выпадкова, у 1998 годзе. Па вуліцы М. Багдановіча я ішоў у бок да цэнтра горада. Паблізу рэстарана «Случ» з затармазіўшай узбоч аўтамашыны жаночы голас аклікнуў мяне па імені і па бацьку. Я азірнуўся, клікала пляменніца Марыі, случчанка, якая ведала мяне даўно і, напэўна, была ў курсе нашага знаёмства з яе цёткай. Запрасіла ў машыну, на заднім сядзенні я ўбачыў малазнаёмую, як мне падалося адразу, жанчыну пажылога ўзросту. «Пазналі?» — спытала пляменніца. Прыглядзеўшыся бліжэй, я ўбачыў знаёмыя з дзяцінства крыху пасівелыя на скронях кудзеркі валасоў, сінія, хоць ужо і з сумнаватым бляскам вочы. Штосьці варухнулася ў маёй душы сумнае і чымсці светлае, блізкае. Падумалася:" Калі б у той дзень я не праходзіў па той вуліцы, то машына, у якой сядзела Марыя, праехала б без затрымкі і тая апошняя сустрэча з ёю не адбылася б."
Мы зайшлі ў кватэру пляменніцы. Яна з мужам, пенсіянерам, жывуць у тыповай «хрушчоўцы». Марыя распавяла, што гасцюе тут другі месяц, праведала сваю вёску, родных брата і сястру, магілы бацькоў. Чатыры гады назад пахавала мужа. Жыве з замужняй дачкой. На развітанне я падарыў ёй кніжку пісьменніцы-случчанкі Алены Васілевіч «Расці, Ганька». Праз год пасля ад’езду Марыі ў Санкт-Петэрбург пляменніца паведала пры сустрэчы, што Марыя памерла ад сардэчнага прыступу на 72-м годзе жыцця.

Мікалай Барысевіч

Реклама

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии