Слуцк кніжны

0

Гісторыя кнігі ўяўляе адну з цікавейшых старонак гісторыі культуры. Нягледзячы на канкурэнцыю з боку сучасных тэхналогій, якія прапануюць новыя сродкі набыцця інфармацыі, яна па-ранейшаму запатрабавана і сёння. Наша гісторыя багата на падзеі, звязаныя як з самой кнігай, так і з дзеячамі, якія аставілі добры след на ніве пашырэння кніжнай граматы. Найбольш адметнай асобай для беларусаў несумненна з’яўляеца Францыск Скарына, 520-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца сёлета. Але і аглядаючы слуцкую гісторыю з часоў даўнейшых і да сучаснасці, можна даведацца пра цікавыя слуцкія кнігазборы і іх лёс, сустрэць тых, хто прыклаў руку да стварэння кніг у нашым горадзе — і рукапісных, і друкаваных.

Цэнтрамі асветы і адукацыі у нашым краі ад пачатку хрысціянізацыі станавіліся цэрквы і манастыры. Пры многіх з іх дзейнічалі скрыпторыі, збіраліся бібліятэкі, адкрываліся школы. Пра бібліятэку Слуцкага Троіцкага манастыра найранейшыя звесткі адносяцца да 1494 года. Яна складалася тады з 45 рукапісных кніг. Манастырская бібліятэка на працягу многіх гадоў папаўнялася рукапіснай, а пазней і друкаванай літаратурай.

Архіўныя матэрыялы сведчаць пра наяўнасць кніг у Слуцкім Ільінскім манастыры, мелася бібліятэка ў Праабражэнскім манастыры, пры якім дзейнічала духоўнае вучылішча.
Царкоўныя бібліятэкі ў параўнанні з манастырскімі былі невялікія, часам складаліся з некалькіх неабходных богаслужэбных кніг. Са звестак, якія пакінуў епіскап Мінскі Аляксандр у 1874 годзе пасля наведвання Слуцка, можна даведацца пра стан некаторых цэркваў, пра іх маёмасць. Згадваючы Востраўскую Міхайлаўскую царкву, уладыка прыводзіць, што архіў яе ў парадку, бібліятэка ж нязначная. Падобную характарыстыку мела і Георгіеўская царква, а адносна іншых мясцовых храмаў бібліятэкі не згадваліся.
Адзін з самых вялікіх кнігазбораў не толькі ў горадзе, але і ў краіне, мелі ў ХVІІІ стагоддзі слуцкія езуіты. Іх кляштарны комплекс у Новым горадзе, у тым ліку і касцёл, быў узведзены з дрэва, аднак корпус, прызначаны для бібліятэкі, быў мураваным і стаяў дзеля пажарнай бяспекі ў пэўнай аддаленасці ад іншых будынкаў.

Реклама

Захаваліся звесткі і пра бібліятэкі прыватныя, якія, як правіла, належылі заможным жыхарам нашага горада. Член гарадскога магістрата і кіраўнік Праабражэнскага брацтва Іван Скачкевіч сабраныя ім кнігі ў 1674 годзе перадаў брацтву. А купец Дзям’ян Ладыжка, які таксама быў членам Слуцкага магістрата, сваю бібліятэку ў 1746 годзе завяшчаў сыну. Як сведчаць крыніцы, яны карысталіся кнігамі на беларускай, польскай і лацінскай мовах.

Больш трох тысяч тамоў налічваў прыватны збор пастара слуцкага кальвінскага збора Бергеля. Але самую вялікую цікавасць магла выклікаць бібліятэка князёў Слуцкіх, у якой таксама захоўваліся шматлікія каштоўныя гістарычныя дакументы. У 1570-я гады бібліятэкай Алелькавічаў карыстаўся гісторык Мацей Стрыйкоўскі, калі пісаў «Хроніку польскую, літоўскую жамойцкую і ўсёй Русі». На пачатку ХVІІ стагоддзя яна перайшла ў спадчыну да Радзівілаў. Напрыканцы свайго жыцця вялікую частку свайго кнігазбору — 371 кнігу князь Багуслаў Радзівіл завяшчаў пляменніку Фрыдрыху-Вільгельму з умовай, каб захоўвалася яна ў герцагскай бібліятэцы ў Кенігсбергу.

Кніжныя скарбы, як бачым, часта па жаданню ўладальніка, а часам і насуперак яго волі, перамяшчаліся. І сёння кніжныя багацці, якія некалі знаходзіліся ў Слуцку, можна сустрэць у розных месцах нашай краіны і за мяжой. Напрыклад, значная частка збору пастара Береля ў 1883 годзе трапіла ў Кракаў. Кнігазбор езуіцкага калегіўма пасля скасавання ордэна езуітаў напрыканцы ХVІІІ стагоддзя ў колькасці 2200 тамоў быў перададзены ў бібліятэку Віленскага універсітэта. Была вывезена з горада і бібліятэка кальвінскай гімназіі пасля таго, як у ХІХ стагоддзі гэта навучальная ўстанова стала дзяржаўнай. У 1870 годзе разам з пераводам у Мінск Слуцкага Тороіцкага манастыра туды ж была перавезена і манастырская бібліятэка, у сувязі з чым было зроблена яе апісанне, асобнае ад іншай манастырскай маёмасці. Сусветнай грамадскасці сёння добра вядомы знакаміты Радзівілаўскі летапіс, які нейкі час належыў слуцкаму князю Багуславу Радзівілу. У Расію ён быў вывезены з Кенігсберга.

Кнігі у Слуцку не толькі збіраліся, але і ствараліся. У скрыпторыі Троіцкага манастыра працавалі перапісчыкі, імёны некаторых з іх захаваліся. Гэта дыякан Каляда (1462 год), іераманах Антоній (1502 год), іераманах Пахомій Пацэнка (1669 год). Зробленымі ў Слуцку рукапіснымі кнігамі забяспечваліся цэрквы горада і края. Самай вядомай рукапіснай кнігай стала Слуцкае Евангелле, альбо Евангелле Юрыя Алелькавіча, да стварэння якой прыклаў сваю руку слуцкі князь. Сёння гэта адзін з самых вядомых у нашай краіне рарытэтаў, кніга з’яўляецца адной са святыняў Беларускай Праваслаўнай царквы.

Унікальнымі выданнямі можа ганарыцца і гісторыя Случчыны перыяду друкаванай літаратуры. У Слуцкай Радзівілаўскай друкарні ў 1678 годзе пабачыла свет першае ў нашай краіне выданне свецкага характару — «Манархія турэцкая», пераклад якой з французскай мовы на польскую зрабіў слуцкі губернатар Казімір Клакоцкі. Нягледзячы на вялікі кошт, яна карысталася папулярнасцю, што спрычынілася да яе перавыдання. Сёння з гэтай кнігай можна пазнаёміцца ў аддзеле рэдкіх кніг Нацыянальнай бібліятэкі. А «Слуцкае Евангелле» можна будзе ў хуткім часе нават патрымаць у руках, праўда, не сам арыгінал, а яго факсімільнае перавыданне, зробленае з выкарыстаннем сучасных тэхналогій, якімі валодае наша айчынная паліграфія.

Ігар Ціткоўскі

ДАТА. 520 гадоў таму нарадзіўся Францыск Скарына (каля 1490 — 1551?), беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, мысліцель, асветнік і гуманіст, навуковец, пісьменнік эпохі Адраджэння. У 1517 годзе ў Празе ён выдаў кірыліцай «Псалтыр», першую друкаваную беларускую кнігу. У 1520 годзе ў Вільні заснаваў першую друкарню на Беларусі.

ЦІКАВА. На выставе прадстаўлены старадрукі з фонду Слуцкага краязнаўчага музея. Адзін з іх дэманструе супрацоўнік галерэі мастацтваў Валерый Ажэўскі. Фота: Ігар Ціткоўскі
ЦІКАВА. На выставе прадстаўлены старадрукі з фонду Слуцкага краязнаўчага музея. Адзін з іх дэманструе супрацоўнік галерэі мастацтваў Валерый Ажэўскі. Фота: Ігар Ціткоўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии