Кемлівы Носік

0

Аляксандр Носік у вёсцы з’явіўся не выпадкова. Паехала Люба на кірмаш за пакупкамі на кані, купіла ўсяго-таго ды вярнулася дадому. Прыехала не адна — з мужчынам. Непрыкметным з выгляду такім мужычком. Хаця сама была крыху маладзейшай за яго. Жыла адна дома — прымак для гаспадаркі патрэбен. Усё ж такі мужчына.

Хутка стаў Аляксандр знакамітай фігурай у вёсцы. Да работы ў будаўнічай брыгадзе ён крыху ленаваты. А вось наконт падзарабіць дзе-небудзь быў мастак. Любіў Носік рыбачыць, было ў яго шмат вудаў, сетак, таптух, любіў збіраць арэхі, грыбы. І наконт «змікіціць каб выпіць» такога мастака яшчэ трэба ў вёсцы пашукаць. Вядома ж, і сябраваў ён з такімі ж аматарамі падсабіць, парыбачыць, расказаць небыліцы.
Люба працавала спачатку ў паляводчай брыгадзе, потым — цялятніцай. Агарод быў дагледжаны, вялася ў падвор'і розная жыўнасць. Склеп, камора заўсёды былі поўныя.
У тыя гады наяўнасць у кожным доме бутлі гарэлкі самастойнага вырабу на 10 літраў на «чорны дзень» была традыцыяй і цвёрдым правілам. Неяк гаспадыня пачала заўважаць, што час ад часу мяльчэе бутля. Доўга гадаць не даводзілася: адчуваўся Носіка «почырк» і яго сябрука, рыбака Мікалая.
— Ага, трасцы ты болей у мяне вып’еш, — раззлавалася жанчына. Калі муж пакрочыў на будоўлю, закапала бутлю ля склепа ў агародчыку ў зарасніках маліны.
Агледзеў Носік, што няма бутлі на месцы з «гаючай вадкасцю», засумаваў. Абшукаў, аблазіў склеп, каморы, хлявы — няма. Ну, нічога, грошы ёсць у кішэні - будзе і гарэлка, яшчэ рукі моцна трымаюць сякеру, рыба ловіцца — ёсць яшчэ ў канавах, у сажалцы.
Паспела маліна ў агародчыку. Аляксандр рашыў паласавацца, пайшоў у маліннік і заўважыў, што ў адным месцы глеба патрывожана. Глянуў - бутыль стаіць. Крыху пахадзіў па падворку, па агароду, пакуль жонка не сышла з двара. Хутка правёў «аперацыю»: замяніў бутлю поўную на пустую. Але ж куды дзяваць самагонку? Скеміў, што ў сябра, суседа Мікалая, таксама аматара ста грамаў, жонка паехала на адпачынак у санаторый, і аднёс вечарам употай бутлю да яго.
Чаркай-другой завяршылі сябры «аперацыю». Цяпер яны ўставалі на досвітку, пазней вярталіся вечарам у хаты, завіхаліся па гаспадарцы, дапамагалі адзін-аднаму, доўга сядзелі на вуліцы, курылі шмат.
Але час ішоў. Бутля апусцела. Трэба шукаць якое-небудзь выйсце. Тут зноў праявіў Носік кемлівасць: пусціў свіней у агародчык, крыху пакорпаўся ў малінніку, дастаў бутлю, разліў грам сто гарэлкі для запаху, зрабіў дзірку ў плоце і пайшоў у хату. Пасядзеў крыху з жонкаю, паглядзеў навіны па тэлевізару, затым глянуў у вакно. Тут жа залямантаваў, што свінні ўлезлі ў агародчык. Выскачылі з хаты Носікі, а там, бачаць, свінні качаюць бутлю па зямлі.
Толькі праз дзень-другі пачулі суседзі і аднавяскоўцы галашэнні Любы:
— Каб цябе ўзяло за жывот! Злодзей! Ашуканец! Я сабе думаю, што ўсё ў нас нармальна: садзіцца вячэраць цвярозы, талерку кашы з’есць, сала кавалак, агурок — ледзь з лаўкі злезе. Не адзін раз правярала: стаіць бутля сабе ў схованцы. А тут жа…
Да суседкі Вары таксама дайшло, дзе знаходзілі «гаючую вадкасць» і пахмелку сябры. Доўга потым жартавалі і смяяліся аднавяскоўцы з кемлівага камбінатара Носіка.
…Няма ўжо даўно Аляксандра і Любы, але аднавяскоўцы жартуюць і адпраўляюць падпіўшых мужчын за пахмелкай ў маліннік. А вось там што-небудзь знойдзецца?!

Міхась Масюк

Реклама

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии