Уладзімір Гілеп: Я склаў свой радавод да дзевятага калена

0

Прапануемы ўвазе чытача матэрыял з’яўляецца свайго роду працягам размовы ў цыкле «Знакамітыя землякі» з Уладзімірам Гілепам, ураджэнцам вёскі Острава Капыльскага раёна, выпускніком слуцкай школы   № 1, галоўным рэдактарам «Краязнаўчай газеты», старшынёй Беларускага фонду культуры, які таксама ўзначальвае Беларускі камітэт міжнароднай рады па помніках і мясцінах, з’яўляецца членам Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА. Сёння размова, здавалася б, больш пра асабістае. Але, мабыць, не толькі…

— Спадар Уладзімір, каму са славутых слуцакоў вы б усталявалі помнік?
— Случчына мае вельмі багатую гісторыю, і многія яе ўраджэнцы сапраўды заслугоўваюць таго, каб іх увекавечыць у помніках. Шмат хто варты такога гонару, мяркую, і з тых землякоў, якія закончылі Слуцкую школу №1.
Аднак галоўнае ўсё ж такі ў тым, каб людзі вывучалі свой род — тады яны будуць ведаць і гісторыю свайго краю, і непасрэдна людзей, якіх неабходна ўшанаваць. Гэта ідэя, дарэчы, пэўны адказ на пытанне, калі беларусы загавораць па-беларуску. Як толькі мы дакладна будзем ведаць сваю адметную гісторыю, што гэта не гісторыя русіфіцыраваных палякаў ці апалячаных рускіх, а наша гісторыя — ліцтвінаў-беларусаў, тады мы вернемся да мовы сваёй. Але для гэтага трэба, акрамя знакамітых радоў — Радзівілаў, Сапегаў ды іншых — ведаць роды сярэдняга класа і сялянства таксама. Вось мы зараз адкрываем у «Краязнаўчай газеце» новую рубрыку, якая называецца «Мой род — мая радзіма».
У кожнага ж ёсць свой род, свая радаводная нітка, якая цягнецца з глыбіні. Як іх прасачыць? І што значыць сялянскі род? Добра, калі памятаюць прабабку і прадзедку. А далей, пануе думка, быццам бы і прасачыць яго немагчыма. Аказваецца, не. Калі заглянуць у архівы, калі пашукаць іх ў кожным доме, можна знайсці вельмі многа цікавага. Самае важнае для нас, каб пачалі радаводам займацца дзеці. Няхай яны пашукаюць фотаздымкі, убачаць сваіх прапрадзедаў.

— А да якога калена дайшлі вы, складаючы свой радавод?
— Я прайшоў не да канца: толькі дзевяць каленаў па абедзвюх лініях — мамінай і бацькавай. Аказваецца, захаваліся сялянскія рады ў архівах, дзякуючы перапісу насельніцтва і царкве. Гэта па нашай вобласці, па Слуцку ў тым ліку, выдатна захавалася.
Я даведаўся, што майго пра-пра-пра …дзеда звалі Ігнатам. У 1733 годзе мой продак, можа, жыў і не вельмі багата, але на яго сям’ю яму хапала трох кароў, двух коней, дзесяць авечак, свіней і зямлі.

Реклама

— Што яшчэ цікавага вы даведаліся пра сваіх продкаў?
— Я вывучаў не толькі сваё прозвішча, а ўсю вёску сваю — Острава Капыльскага раёна, дзе я нарадзіўся. У 1860 годзе ў вёсцы было 18 двароў, а перад Вялікай Айчыннай вайной было 104 хаты. Цікава, што прозвішчы тых людзей, якія жылі ў другой палове XIX стагоддзя, тыя ж самыя, што і іх патомкаў, якія жывуць сёння. У нашай вёсцы прозвішчы ўсе чамусьці з жывёльнага і расліннага свету: Сокалы, Каршуны, Пешкуры, Буракі, Чэркасы. Мой дзед меў прозвішча Галоцік — ад слова галата. Радавод ужо пэўна не пайшоў у радзівілаўскі бок (смяецца).

— Што б вы параілі чытачам, якія хацелі б скласці свой радавод?
— Звяртацца ў Нацыянальны гістарычны архіў. Можна самому займацца гэтым: заплаціць невялічкія грошы за кансультацыю, і табе раскажуць, па якіх дакументах адсочваць свой радавод. А далей застаецца ўжо крапатлівая праца з гэтымі дакументамі.
Можна карыстацца і дапамогай супрацоўнікаў архіву. Гэтая паслуга платная. Напрыклад, каб дайсці да дзевятага калена, як я, давядзецца патраціць прыкладна 1-1,2 млн рублёў.
Зараз вельмі многія хочуць знайсці свае карані. І мяне радуе, што гэты рух пачаўся.
…Нам, лічу, пашанцавала, што мы нарадзіліся і жывем на Беларусі, маем магчымасць дзяржаўнасць сваю мець. Толькі мацаваць гэта трэба праз нацыянальную ідэю, праз мову сваю, культуру, адукацыю, праз вяртанне да каранёў.

— Яшчэ крыху пра асабістае: якімі ўспамінамі засталося ў памяці ваша дзяцінства?
— Маё дзяцінства — гэта акупацыя, бацька-афіцэр на фронце. У вёсцы Острава мама з двума дзецьмі, дзед і баба. Днём — немцы, ноччу — партызаны. Кожнага, атрымлівалася, патрэбна было накарміць, самім жа нічога не заставалася. Галоднае дзяцінства было. А самае яркае ўражанне ваеннага перыяду — прыезд бацькі. Яго часць вызваліла Слуцк, і па дарозе на Баранавічы ён папрасіў свайго камандзіра заехаць паглядзець, а раптам мы жывыя. Прыехаў, а мы жывыя…
Пасля вайны некалькі гадоў мы жылі ў Германіі. Потым вярнуліся ў разбураную Беларусь. У калгасе імя Будзёнага за працадзень давалі дзвесце грамаў ячменя  і два кіло бульбы. Я быў сынам ваеннага, таму не так востра адчуваў той голад, які быў на сяле. Але і наша вёска галадоўкі, лічу, не ведала, калі параўнаць з тым, што ў 1947-1948 гады тут з’яўляліся ўкраінцы, каб менавіта ад голаду ратаваць сваіх дзяцей. Памятаю, як раніцай прачынаешся  ў дзеда з бабай, а каля плоту ўжо стаяць людзі з дзецьмі — чакаюць, калі ты ім вынясеш блінец. Здаралася, што праходзіць праз вёску сям’я і пакідае маленькае дзіцянё пад плотам. Вяскоўцы бралі іх у свае сем’і, гадавалі, і многія ўкраінцы сталі ўжо беларусамі, тут жывуць і працуюць. Гэта таксама яркія ўспаміны. Толькі не дай Божа паўтарэння такіх яркіх успамінаў!

Таццяна Гусева

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии