Слуцкія прадпрыемствы павялічылі экспарт прадукцыі

0

У мінулым годзе экспарт тавараў, якія выпускаюць прадпрыемствы Случчыны, пераваліў за сто пяцьдзесят мільёнаў долараў ЗША. Гэта на пятнаццаць працэнтаў больш, чым пазалетась. На дваццаць працэнтаў вырасла ў раёне і дадатнае знешнегандлёвае сальда: яно склала сто дзесяць мільёнаў амерыканскіх долараў.

Па мяркаванню спецыялістаў адзела эканомікі райвыканкама, большасць прадпрыемстваў Случчыны імкнуліся захаваць традыцыйныя і шукаць новыя рынкі збыта, удзельнічалі ў розных тэндэрах, звярнулі пільную ўвагу на рэкламу сваёй прадукцыі. Былі распрацаваны і сістэмы дадатковых скідак. Комплекс мер, у рэшце рэшт, і даў добры плён.

ЭКСПАРТ САЛОДКАГА. Важкіх поспехаў у знешнеэканамічнай дзейнасці дабілася летась адкрытае акцыянернае таварыства «Слуцкі цукроварафінадны камбінат». Прадпрыемства, як, зрэшты, і ў папярэднія гады, не пашкадавала сродкаў на тэхнічнае пераўзбраенне: інвестыцыі, накіраваныя на гэтую справу, перавысілі чатырнаццаць мільярдаў рублёў. Мадэрнізацыя дазволіла на дзевяць працэнтаў павялічыць аб’ёмы вытворчасці, узняць на дзесяць працэнтаў выпуск таварнай прадукцыі ў супастаўных цэнах, а таксама дабіцца васьміпрацэнтнага росту вытворчасці працы.

Реклама

Камбінат значна павялічыў пастаўкі цукру на ўнутраны рынак, і зрабіла сапраўдны прарыў на рынак знешні. Асаблівы попыт на тую прадукцыю быў у Узбекістане, Таджыкістане, Туркменістане, Украіне і Расіі. Камбінат пачаў адгружаць цукар у Абхазію, аднавіў пастаўкі ў Малдову, слуцкі салодкі тавар набывала Літва.
Намеціліся някепскія перспектывы ў прадпрыемства і наконт экспарту прадукцыі ў далёкае замежжа: летась дырэкцыя вяла перамовы з прадстаўнікамі германскага, швейцарскага і польскага бізнесу.

АД МЯСА ДА АДЗЕННЯ.
Не тапталіся на месцы і іншыя слуцкія вытворцы. Экспарт вырабаў адкрытага акцыянернага таварыства «Слуцкі мясакамбінат» склаў амаль сорак мільёнаў долараў - на дзевятнаццаць з паловай працэнта больш пазалеташняга ўзроўню.
На долю гэтага ААТ прыпала пятая частка экспартнай валютнай выручкі раёна. Камбінат заключыў 1548 кантрактаў на пастаўку ўласнай прадукцыі, у тым ліку пяцьдзесят тры — з краінамі блізкага і шэсць — з краінамі далёкага замежжа.
Значна пашырылі кола экспарцёраў сваёй прадукцыі ў блізкім і далёкім замежжы ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», ААТ «Слуцкая фабрыка пашыву адзення» і шэраг другіх прадпрыемстваў.

ВЫСТАВЫ І КІРМАШЫ. Месцам сустрэчы з новымі дзелавымі партнёрамі станавіліся розныя кірмашова-выставачныя мерапрыемствы, у якіх удзельнічалі случчане. Так, напрыклад, тыя ж сыраробы летась у студзені прадстаўлялі свае вырабы на міжнароднай сельскагаспадарчай выставе «Зялёны тыдзень» у Берліне і некалькі нямецкіх фірм тымі вырабамі зацікавіліся. А ўжо ў лютым сыраробы ўдзельнічалі ў выставе-кірмашы прадуктаў харчавання ў сталіцы Азербайджана Баку, дзе дасягнулі папярэдніх дамоў наконт паставак цвёрдых сычужных сыроў, сухога абястлушчанага малака і іншага.
У чэрвені сыраробчы камбінат удачна «засвяціўся» на выставе-кірмашы «Агра-2009» у Кіеве, а ў кастрычніку — у Маскве, на выставе-кірмашы «Залатая восень-2009» і ў кірмашы, што праводзіўся ў Паўднёва-усходняй акрузе сталіцы Расійскай Федэрацыі. Там, дарэчы, вырабы ААТ зацікавілі не толькі расійскія фірмы, але і казахстанскія.

У падобных мерапрыемствах, што ладзіліся ў Смаленску і другіх гарадах Расіі, удзельнічалі фабрыка мастацкіх вырабаў «Слуцкія паясы», ААТ «Слуцкі хдебазавод» і другія. І, як правіла, падцверджвалі высокую марку слуцкіх тавараў. Скажам, ААТ «Слуцкі мясакамбінат» на міжнароднай выставе-кірмашы «Аграрусь-2009», якая праводзілася ў Санкт-Пецярбурзе, заваявала тры залатыя медалі. Такой узнагароды ўдастоіліся паляндвіца «Водырная», завіванец «Летні», бужаніна «Сакавітая».

РЭЗЕРВЫ. На думку спецыялістаў адзела эканомікі Слуцкага райвыканкама, экспарт слуцкіх тавараў мог бы быць і большым, каб актыўней у гэтым кірунку працавалі завод «Эмальпасуда», мэблевая фабрыка, воцатны завод і некаторыя іншыя прадпрыемствы.

Сяргей Любшын

ПОПЫТ НА ПРАДУКЦЫЮ. У 2009 годзе Слуцкі мясакамбінат заключыў 1 548 кантрактаў на пастаўку ўласнай прадукцыі ў 59 краін блізкага і далёкага замежжа. Фота: Алесь Дастанка
ПОПЫТ НА ПРАДУКЦЫЮ. У 2009 годзе Слуцкі мясакамбінат заключыў 1 548 кантрактаў на пастаўку ўласнай прадукцыі ў 59 краін блізкага і далёкага замежжа. Фота: Алесь Дастанка

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии