Прытулак для майстроў

0

У будынку былой базавай школы вёскі Закальное нядаўна размясціўся Дом народнай творчасці СВК «Рачэнь». Гэта першая на Любаншчыне падобная ўстанова, якая б належала непасрэдна гаспадарцы.

Суседні СВК «Закальное» далучылі да «Рачэні» у 2008-м. Далучылі не толькі сельгасугоддзі, а і населеныя пункты, якія ўваходзілі ў склад суседкі. А крыху пазней аддзел адукацыі райвыканкама закрыў Закальнецкую базавую школу. Агледзеўшы тры будынкі школьнага комплексу, старшыня праўлення «Рачэні» Аркадзь Рагалевіч пераканаўся, што яны ў выдатным стане. Такія шкада губляць і абавязкова трэба захаваць. Вось і вырашыў Аркадзь Міхайлавіч прыняць закрытую дзевяцігодку на баланс гаспадаркі.
Як скарыстаць набытак? Частку памяшканняў - пад інтэрнат: штогод у СВК працуе да чвэрці сотні наёмных будаўнікоў, якіх трэба дзесьці размяшчаць. Частку… Тут і ўзнікла ідэя стварыць Дом народнай творчасці, каб сабраць ды аб’яднаць умельцаў з навакольных вёсак.

ДЫРЭКТАР ПА ЗАХАПЛЕННЮ. Умельцаў у гэтых мясцінах багата. Напрыклад, таленавітыя майстры саломапляцення рачэнец Уладзімір Ціханоўскі ды закальнянка Любоў Бялькевіч, цудоўныя рэзчыкі па дрэву рачэнец Іван Каток ды закальнянец Сяргей Мікуліч, выдатныя вышывальшчыцы закальнянкі Марыя Ткачук, Любоў Малашук ды Наталля Каток і многія іншыя. «Няхай сабе збіраюцца, працуюць, вучаць свайму рамяству вясковых дзетак. Ад гэтага толькі карысць будзе», — сказаў Аркадзь Рагалевіч.
Знайшоўся і дырэктар для новай установы. Ім прызначылі мясцовую самадзейную мастачку Святлану Адзінец. Пра яе, бадай, варта расказаць падрабязней. Маляваннем Святлана Віктараўна захаплялася з дзяцінства. Пасля заканчэння школы нават надумала паступаць у мастацкае вучылішча. Дзеля таго і прыехала ў Мінск. Спынілася пераначаваць у цёткі. Цётка ды маці той ноччу і ўгаварылі дзяўчыну абраць больш сур’ёзную прафесію. Вынік: Адзінец паступіла ў фінансава-эканамічны тэхнікум.
Але, у рэшце рэшт, захапленне перамагло. Святлана Віктараўна не пакідала маляваць. Таму і школьнікаў вучыла, працуючы настаўнікам малявання, а пасля бібліятэкарам. Зараз яна мастак-афарміцель СВК. Ёй даручана прыгожа аформіць новую сучасную МТФ, узведзеную ў гаспадарцы летась.

Реклама

НАМЕР НА БУДУЧЫНЮ. «Ёсць намер стварыць у Цэнтры некалькі майстэрняў і выставачную залу, каб майстры маглі прадаставіць свае творы на суд гледачоў», — дзеліцца Святлана Адзінец.
У якім фармаце будзе існаваць установа далей, пакуль невядома. Справа ў тым, што ў праўлення СВК маецца да памяшканняў школы і камерцыйная цікаўнасць. Але адно ясна: існаваць усё ж такі будзе. А разам з ёй будуць існаваць старажытныя народныя рамёствы, багатыя нацыянальныя традыцыі.

Сяргей Любшын

ПЛАНЫ. Святлана Адзінец, дырэктар Дома народнай творчасці СВК "Рачэнь", мае намер стварыць у вёсцы Закальное выставачную залу. Фота: Сяргей Любшын
ПЛАНЫ. Святлана Адзінец, дырэктар Дома народнай творчасці СВК «Рачэнь», мае намер стварыць у вёсцы Закальное выставачную залу. Фота: Сяргей Любшын

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии