Праведнікі абяздоленых сірот. Яны ратавалі ад цяжкай долі дзяцей раскулачаных случчан

0

Як вядома, сёння па колькасці праведнікаў свету, людзей, якія ў гады вайны, рызыкуючы ўласным жыццём, выратоўвалі ад гітлераўскіх захопнікаў яўрэяў, пераважна дзяцей, Беларусь, пасля Галандыі і Польшчы, займае трэцяе месца сярод еўрапейскіх краінаў. Такіх у рэспубліцы налічваецца звыш 700 чалавек. Іх прозвішчы ўвекавечаны ў Іерусалімскім музеі ахвярам Халакосту Яд Вашэм.

Ці не час ушанаваць, як праведнікаў, прозвішчы тых міласэрных, богабоязных людзей, што ўратоўвалі дзяцей ад згубы ў халодных вагонах-цялятніках у дарозе да месца высылкі або ў памерзлых лагерных бараках?

Для пачатку мяркую, гэта можна зрабіць у калгасе «Агра-Мялешкі», у які ўваходзіць і вёска Боркі. Там у сельскім Доме культуры на цэнтральнай сядзібе ёсць музей гаспадаркі, заснаваны яшчэ ў 70-я гады яго старшынём С. С. Паляшчуком, Героем Сацыялістычнай Працы. Вось бы і замацаваць на сцяне дошку з прозвішчамі праведнікаў абяздоленых сірот, з іх фотакарткамі. Побач з імем заснавальнікаў калгаса.
Пры жаданні мясцовай інтэлігенцыі спіс такіх праведнікаў можна папоўніць, калі пашукаць іх сярод старажыхароў іншых шасці вёсак, што ўваходзяць у калгас, а гэта звыш 450 двароў. У маштабах раёна, дзе налічваецца сёння каля 200 вёсак, можна адшукаць такіх праведнікаў не адзін дзесятак, калі не сотню.

Реклама

ДОКТАРА ПІГАЛЕЎСКАГА ў мястэчку Урэчча ў 20−40-я гады мінулага веку ведалі і паважалі не толькі местачкоўцы, а і жыхары навакольных вёсак.
Аднойчы ў канцы лета 1935 года да яго завітала худзенькая, у лёгкім не новым палітончыку, дзяўчынка. На пытанне доктара, хто яна і з якой вёскі, адказала, што нарадзілася ў Борках, вясной яе з бацькам, маці і старэйшым братам выслалі за Котлас, у тайгу. Адтуль яна ўцякла, без грошай, «зайцам» дабралася да Слуцка. Там, у міліцыі, ёй параілі хутчэй выязджаць за межы прыгранічнай зоны, каб не трапіць у рукі экнкэвэдыстаў, якія могуць вярнуць назад у тайгу. У дарозе ў яе захварэла правае вока.
Доктар выпісаў ёй лекі і адвёў у аптэку, у якой працавалі муж і жонка Эпштэйны. Абое ў гадах, без дзяцей.

РАХІЛЬ І ІСАК далі прытулак сіраце, якой ішоў пятнаццаты год. Доктар параіў ім называць дзяўчынку, Шуру Жаўрыд, сваёй пляменніцай.
У сям'і Эпштэйнаў Шура падрасла, выйшла замуж за лейтэнанта з Урэчскага гарнізону, і ў 1940 годзе абое выехалі ў Беласток, па новаму месцу службы мужа. А аптэкараў тых у 1942 годзе немцы расстралялі разам з іншымі вязнямі местачковага гета.
Знайшліся праведнікі, хто заступіўся за такіх абяздоленых сірот, чыіх бацькоў у 1931 годзе выслалі за межы рэспублікі, і на радзіме Шуры, у Борках.

МАЦВЕЮ ВАЛАТКОВІЧУ пяцігадовую Нілу Малевіч передала яе маці Анюта, вырваўшы дзяўчынку з рук энкэвэдыстаў, што кіравалі высылкай сям'і. Мацвей, у якога было трое малых дзяцей і якога лічылі «падкулачнікам», вырасціў пляменніцу.
Ніла дачакалася вяртання з высылкі маці, замуж выйшла ў сваёй вёсцы і дажыла да глыбокай старасці. Маці пры сустрэчы паведала Ніле, што яе трохгадовы брат Юрка памёр у бараку ад голаду і хваробаў пасля іх прыезду туды.

ЮЛЯ ЧАЙКОЎСКАЯ з мужам узялі ў сваю вёску Хацінава Любанскага раёна пляменніка Ваньку, бацькоў якога таксама выслалі.
Хлопчыку было тады адзінаццаць гадоў, то ён быў у цёткі добрым падпаскам і памочнікам па гаспадарцы, пакуль з высылкі, па хваробе ног, не вярнулася яшчэ да вайны яго маці. Ёй дала прытулак родная сястра, якая жыла ў вёсцы Чапліцы Слуцкага раёна.

ТАЦЦЯНА МАЛЕВІЧ, нераўнадушная да чужой бяды жанчына, даведаўшыся, што суседа-удаўца Васіля Малевіча будуць раскулачваць, забрала яго малалетніх дачок, Сашку і Вольку, да сябе, прыхавала, так што энкэвэдысты дарэмна абыходзілі хаты ў пошуку іх.
Пазней, праз два ці тры тыдні, Таццяна з мужам Алесем пераправілі сірот у Мінск да знаёмых, якія далі ім прытулак. Бацька дзяўчынак вярнуўся пасля вайны з высылкі цяжка хворым і неўзабаве памёр.

ТОДАР ЖАЎРЫД, мясцовы ўдавец, застаўшыся ў хаце з 80-гадовым нямоглым бацькам, даў прытулак траім падлеткам свайго роднага брата Івана, які пайшоў у прымы ў вёску Забалаць Любанскага раёна і быў раскулачаны. Самога адправілі за Котлас.
Жонку і траіх сыноў Тодар прывёз да сябе ў Боркі. Хлапчукі падраслі ў яго хаце, хадзілі ў школу, харчаваліся тым, што зараблялі ў калгасе на працадні маці і дзядзька Тодар, ды з яго агароду. Юнакі скончылі дзесяцігодку, падаліся на вучобу ў Мінск.
А Тодара па чыімсці даносу ў 1937-м арыштавалі і адправілі на Поўнач на восем гадоў.

Міхась Тычына

РАТАВАЛЬНІЦА СІРОТ. Таццяна Малевіч з унукам Сашкам. Акрамя дзвюх дзяўчынак, яна дала прытулак і збегшаму ад голаду з Украіны 11-гадоваму Яшку Чарнушэнку. Пражыла Таццяна Андрэеўна з Боскай ласкі за чулае сэрца 97 гадоў. Фота 70-х гадоў з архіва сына, Міхася Малевіча
РАТАВАЛЬНІЦА СІРОТ. Таццяна Малевіч з унукам Сашкам. Акрамя дзвюх дзяўчынак, яна дала прытулак і збегшаму ад голаду з Украіны 11-гадоваму Яшку Чарнушэнку. Пражыла Таццяна Андрэеўна з Боскай ласкі за чулае сэрца 97 гадоў. Фота 70-х гадоў з архіва сына, Міхася Малевіча

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии