Уладзімір Гілеп: Мару стварыць музей у роднай школе

1

«Кур'ер» працягвае цыкл публікацый «Знакамітыя землякі». Першым госцем рубрыкі ў новым годзе стаў чалавек, які больш за трыццаць год працуе ў галіне нацыянальнай культуры. Ураджэнец вёскі Острава Капыльскага раёна, выпускнік слуцкай школы № 1, Уладзімір Гілеп займае пасаду старшыні Беларускага фонду культуры.

Ён — галоўны рэдактар «Краязнаўчай газеты». Акрамя таго, наш зямляк узначальвае Беларускі камітэт міжнароднай рады па помніках і мясцінах, з’яўляецца членам Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА.
З Уладзімірам Гілепам наш карэспандэнт сустрэлася за кубачкам гарбаты ў офісе Беларускага фонду культуры, які месціцца ў маляўнічым кутку Мінска — у Траецкім прадмесці.

Мая мара — вярнуць на радзіму слуцкі пояс

— Спадар Уладзімір, раскажыце, калі ласка, чым займаецца Беларускі фонд культуры?
— Сёння вельмі складана існаваць грамадскім арганізацыям, таму што ім для гэтага трэба зарабляць грошы. На чым можа зарабіць фонд культуры? Вось газету выдаем, кнігі. У Маладзечна ў нас ёсць свая фабрыка мастацкіх вырабаў. На выручаныя сродкі і існуем. Але гэтых грошай, канечне, мала для праграмы вяртання каштоўнасцяў на радзіму, якой мы займаемся ўжо каля дваццаці гадоў. Выдалі сем кніг, дзе і што беларускае знаходзіцца ў свеце. Практычна гэта адзіныя крыніцы для сённяшняй дзяржаўнай камісіі па вяртанні каштоўнасцяў, створанай у мінулым годзе пры Савеце міністраў.

Реклама

— А як бы файна было вярнуць на радзіму хоць некалькі слуцкіх паясоў…
— Гэта мая мара. Зараз можна вярнуць слуцкія паясы ў віртуальным выглядзе, шляхам абменных выставак. Былы міністр культуры Леанід Гуляка некалькі разоў сустракаўся з намеснікамі міністраў Расіі па пытанню вяртання хаця б аднаго слуцкага пояса на радзіму, але яны гатовы даць толькі на часовае ўтрыманне. У нас нават у Нацыянальным мастацкім музеі няма цэлага непашкоджанага слуцкага пояса. На вялікі жаль, разам з генетычным фондам нацыі мы страцілі і багацце. Хоць, як кажуць, рабавалі і з Усходу, і з Захаду, больш за ўсё вінаватыя мы самі: не каштавала нічога для нас гэта ўсё…
Сёння, каб вярнуць на радзіму слуцкія паясы, трэба даказаць праз міжнародныя суды, што яны былі вывезеныя незаконна. Даказаць гэта, праўда, вельмі складана. Зараз прасцей зрабіць копіі - тэхналогіі гэта дазваляюць. Вось, як зараз палякі робяць для нас выдатнейшыя копіі радзівілаўскіх партрэтаў для Нясвіжа.

— Але ўсё ж такі копія ёсць копія. Асабіста мне шкада, што ў Слуцкім краязнаўчым музеі няма ніводнага цэлага слуцкага пояса.
— Шкада. Але калісьці ў вашым музеі быў цэлы слуцкі пояс. Калі я працаваў намеснікам міністра культуры БССР, я «вытаргаваў» гэты пояс для экспазіцыі ў дырэктара Ленінградскага музея этнаграфіі народаў СССР. Ён вельмі любіў Беларусь і пагадзіўся даць Слуцку адзін пояс на часовае ўтрыманне. Яго потым вярнулі ў Санкт-Пецярбург, хоць я, прызнаюся, і раіў кіраўніцтву вашага музея: «Не вяртайце!».

Слуцкая мова як цуд

— Спадар Уладзімір, акрамя слуцкіх паясоў, якія каштоўнасці вы лічыце цудамі Случчыны?
— Свята-Міхайлаўская царква — адзін з цудаў вашых. Яшчэ адзін вялікі цуд Случчыны — гэта слуцкая мова, тая, якая, магчыма, дзе-нідзе захавалася ў вас. Гэта арыгінальная мова, і больш таго, гэта мова цэнтральнай Беларусі - сапраўдная беларуская мова. Слуцк і Капыль — два рэгіёны, на якіх і грунтуецца практычна сённяшняя наша мова.
Слуцкая этнаграфія, народнае мастацтва — гэта таксама ваш цуд, па якому ўяўленне аб Беларусі захавалася ў свеце.
На вялікі жаль, помнікаў архітэктуры на Случчыне, засталося мала. А калі браць Случчыну ў межах Слуцкага павета, нельга не ўзгадаць яшчэ адно ўнікальнае месца, якое можна назваць цудам — вёска Семежава як этнаграфічны раён. Жанчын там інакш як семяжоўкі не называлі. І кожны чалавек з любой іншай вёскі, калі скажаш «семяжоўка», адразу ўяўляў сабе жанчыну, апранутую не так, як ва ўсіх астатніх вёсках, са сваёю гаворкаю, з нейкай пыхлівасцю сваёю.

— Ці існуе, на вашу думку, асаблівы слуцкі менталітэт?
— Ён, можа, існаваў. Але пры савецкай уладзе Слуцк быў знівеліраваны да сярэдняга расійскага горада. Колькі там гарадкоў ваенных было і да вайны, і пасля… Іх насельніцтва, у асноўным рускага паходжання людзі, прынеслі ў горад моцны ўплыў расійскай культуры. Шкада, што Слуцк згубіў сваю адметнасць беларускага горада — і этнічную, і культурную. На сённяшні дзень Слуцк амаль русіфіцыраваны горад, родную мову не пачуеш.

— Як вы лічыце, калі случакі і ўсе беларусы загавораць на роднай мове?
— Яшчэ ў гэтым стагоддзі. Гэта не наш адметны шлях: адраджаць тое, што згубілі. Многія народы прайшлі праз гэта і вярнулі сваю культуру. Гадоў 20−25 таму я быў у Вене, выйшаў на шпацыр і заўважыў арыгінальна апранутых мінакоў: жанчын у доўгіх квятастых сукенках і мужчын у цірольскіх шапачках з пяром. Я запытаўся: «А што гэта ў вас за свята?» — «Не, звычайная субота». Аказваецца, такім чынам аўстрыйцы імкнуліся адрозніць сябе ад швабаў.
А цяпер Ірландыя як моцна ўзялася за сваю мову, за нацыянальную культуру! Прыйдзем і мы да гэтага.

Слуцкая гімназія можа стаць турыстычным аб’ектам

— Якое ваша ўлюбёнае месца ў Слуцку?
— У маладосці гэта была пляцоўка ў парку, куды лазілі ўсе праз агароджу, таму што ўваход быў платны, а грошай не было. Яшчэ стары дом культуры і Случ, на якой можна было паплаваць тады на лодцы. Наогул, самае для мяне святое месца — гэта мая школа.

— Я чула пра тое, што вы прапаноўвалі слуцкім уладам стварыць музей у роднай школе, а зараз першай гімназіі.
— Так, перад «Дажынкамі» у 2005 годзе я прапанаваў аднавіць стары будынак гімназіі ў тым выглядзе, у якім яна магла быць у XIX стагоддзі, — з той мэбляй, з адпаведнымі партрэтамі на сценах, з літаратурай. Такім чынам, стварыць аб’ект турызму, падобнага якому няма нідзе ў Беларусі. У той самы час у гэтым будынку вучыліся б дзеці, напрыклад, лепшы клас нашай гімназіі. Вучні змагаліся б за права вучыцца там. Я прапанаваў такую ідэю былым кіраўнікам Случчыны. Яны сказалі: «Гэта добра». А далей справа не пайшла. Вядома ж, я разумею, што ў Слуцка маса праблем. Але рыхтуючыся да «Дажынак», маючы вялікія грошы, якія атрымаў тады горад, можна было б распачаць гэты праект, адпрацаваць ідэю на грамадскіх пачатках. Генеральнае рашэнне маглі б зрабіць бясплатна. Ёсць і дызайнеры, і мастакі - слуцакі… Аднак добра прапаноўваць людзям, якія падхопліваюць ідэі, як, напрыклад, у Ашмянах, дзе мясцовая ўлада дапамагае рэалізоўваць праект па музеіфікацыі руін Гальшанскага замку.
Зараз прыйшоў новы кіраўнік Случчыны, і я абавязкова звярнуся да яго з ініцыятывай стварыць у гімназіі аб’ект, які будзе вабіць турыстаў з розных краін.

Таццяна Гусева, ptitsina1.livejournal.com

БОЛЬ ЗА СТРАЧАНАЕ. Уладзімір Гілеп шкадуе аб тым, што Слуцк згубіў сваю адметнасць беларускага горада - і этнічную, і культурную. Фота з архіва Уладзіміра Гілепа.
БОЛЬ ЗА СТРАЧАНАЕ. Уладзімір Гілеп шкадуе аб тым, што Слуцк згубіў сваю адметнасць беларускага горада — і этнічную, і культурную. Фота з архіва Уладзіміра Гілепа.

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Мирин
Мирин
19 января 2012 16:15

Люблю Слуцк и всем слуцким дорожу Володя Гилеп истенный слутчанин и погриот как жаль что его идеи не воплощены .Но надо же чтото делать