Любанцы танцавалі пад дуду

0

Музычна-танцавальныя вечарыны з удзелам дудара Змітра Сідаровіча і фальклорнага ансамбля «Верабейкі» адбыліся 23 студзеня ў пасёлку Обчын Любанскага раёну і ў Любані. Вечарыны «Танцы пад дуду» ладзіліся ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі».

На вечарыны і ў Обчыне, і ў райцэнтры сабралася шмат народу. Людзі з задавальненнем скакалі і пад гармонік, і пад дуду, старанна развучвалі новыя народна-бытавыя танцы.

Арганізатары вечарыны адзначаюць, што, на вялікі жаль, традыцыя ігры на дудзе на Беларусі перарвалася: апошні аўтэнтычны выканаўца памёр гадоў трыццаць назад. Сёння тую традыцыю па драбніцах рэканстуіруюць і адраджаюць энтузіясты, як, напрыклад, мінчанін Зміцер Сідаровіч, які і прыехаў на Любаншчыну. Гэты чалавек даволі вядомая асоба ў музычным свеце краіны. У мінулым — заўзяты рокер і бард, стваральнік гурта «Камелот». Гадоў пяць назад Зміцер самастойна навучыўся іграць на дудзе.

Реклама

«Зараз цяжка вызначыць нацыянальную манеру выканання мелодый на гэтым цудоўным інструменце, — расказаў музыка. — Ад былой велічнай традыцыі ў нас застаўся адзіны нотны запіс дудовага найгрыша ды пяць-шэсць кароткіх трэкаў, запісаных некалі на фанографу. Таму ў рэканструкцыі даводзіцца абапірацца на нейкую генетычную памяць, аналізаваць манеры грання, уласцівыя суседнім традыцыям».
Цягам гэтага года на Любаншчыне пройдзе шэраг вечарын для дзяцей і дарослых, дзе іх будуць вучыць народна-побытавым танцам.

Сяргей Квіткевіч

ДУДАР. Зміцер Сідаровіч самастойна навучыўся граць на дудзе. Фота: Сяргея Квіткевіча
ДУДАР. Зміцер Сідаровіч самастойна навучыўся граць на дудзе. Фота: Сяргея Квіткевіча

ДАВЕДКА «КУР'ЕРА». Дуда — старажытны народны музычны інструмент, які шчыльна ўпісаны ў рытуальную і абрадавую практыку беларусаў яшчэ з дахрысціянскіх часоў. Што сабой уяўляе дуда? Скураны мяшок, у які ўстаўлены бурдонныя трубкі (па-беларуску «гукі») — ад адной да шасці, а таксама адна або дзве меладычныя трубкі-жалейкі з адтулінамі.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии