Каза на шлагбаўме

2

Лета. На вуліцы ўжо далёка за поўдзень, а спякота стаіць і не спадае, як кажуць у народзе, «аж мазгі закіпаюць». А што казаць пра тых, хто стаіць на чыгуначным пераездзе ў сваіх «бляшанках» амаль што 20 хвілін пад пякучым сонцам.
Нарэшце дзесьці за паваротам пачуўся гудок «дызеля». Ішоў цяжкавагавы.

Перад самым шлагбаўмам застыў «мэрсэдэс», а ў хвост яму супыніўся дзядок на сівай кабыле, якая не магла стаяць спакойна на месцы, бо яе даставалі сляпні. Кабыла нервавалася і тузала вазок туды-сюды. Дзед супакойваў яе: «Ну што ты, дурненькая, пацярпі крышачку, зараз цягнік пройдзе і паедзем». Кабылка быццам бы паслухалася дзеда, але ўжо занадта блізка падышла да «мэрсэдэса». З кабіны тым часам вылез дзяцюк, пра такіх у народзе кажуць «шкаф», з залатым крыжом на валасатай грудзіне, быў ён толькі ў адных шортах. Аўтамабіляў у чарзе прыбывала. За вазком прыстасавалася «аўдзюха», з такім самым «шкафам» за баранкай, як і ў «мэрсе».
«Шкаф» з «мэрса» замахнуўся на «сіўку» кулаком, тая ж, нічога не зразумеўшы, кінулася ўзад. У гэты час з-за павароту паказаўся цягнік. На пешаходнай дарожцы супыніліся людзі. Быў сярод іх дзядок, які трымаў на прывязі казу. Усе чакалі пакуль пройдзе цягнік, а кабылка тым часам, здаўшы ўзад, дышлам вазка пратараніла капот «аўдзюхі».
Вадзіцель «аўдзюхі» накінуўся з крыкам на дзеда.
«Сынок, — залямантаваў дзед, — хіба ж я вінен? Вунь той дзяцюк замахнуўся на маю кабылку кулаком, дык яна спужалася і дала ўзад, — ідзі з ім і разбірайся».
Дзядок з казою, мабыць, быў вельмі цікаўны, бо, прывязаўшы казу да шлагбаўма, падышоў паназіраць за разборкай двух «крутых». Тым часам праз пераезд, грукочачы коламі, ішоў цягнік, а над пераездам несліся словы, ад якіх нават дзедава кабылка пачырванела. Паміж вадзіцелямі пачалася тузаніна.
Той, што з «мэрса», піхнуў таго, што з «аўдзюхі», а той ў сваю чаргу, каб не ўпасці, ухапіўся за аглоблю. Сіўка, спужаўшыся, кінулася ўбок «мэрса» і вазком зачапіла яго, бліснуўшы асколкамі ад разбітай фары. Абодва «шкафы» так і замерлі з адкрытымі «зянамі».
Апошні вагон пакінуў пераезд. З левага боку падняўся шлагбаўм і машыны раўчуком паліліся праз пераезд, а з правага боку шлагбаўм падняўся толькі напалавіну: вяроўчына, да якой была прывязана каза, не давала яму падняцца. Бедная жывёліна, выпучыўшы вочы, стаяла як салдат у стойцы «смірна» на задніх лапах і мэкала на ўвесь пераезд. Добра што рабочая пераезда апусціла шлагбаўм, а то прапала б каза. Цікаўны дзед хуценька адвязаў сваю жывёліну ад шлагбаўма і павёў дадому, а два «шкафы» і дзед з кабылкай засталіся чакаць работнікаў ДАІ.

Мікола Корань

Реклама

2 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
maxrus
maxrus
22 января 2010 22:55

Старый анекдот

Андрейко
Андрейко
2 марта 2010 01:28

Скажите это на самом деле было??? Если да, то где???