Царква Нараджэння Хрыстовага

0

Сто гадоў таму сярод драўляных храмаў Слуцка на сябе звяртала ўвагу Раждзественская царква. На той час яна была не самастойнай, а прыпісанай да прыходскай Васкрасенскай царквы. Богаслужэнні тут адбываліся толькі падчас вялікіх святаў, і сярод іх самым урачыстым і значным было свята храмавае — у гонар Нараджэння Хрыстовага.

Царква Нараджэння Хрыстовага з’яўлялася адным з самых старажытных храмаў Слуцка. Пад назвамі Раждзественская, Нараджэння Гасподняга (у польскамоўных крыніцах — Нараджэння Панскага), Хрыстаражджэсцвенская яна згадваецца ў дакументах і літаратурных помніках ХVІ, ХVІІ і ХVІІІ стагоддзяў. Час заснавання яе невядомы, як невядома і першапачатковае месца яе размяшчэння. У 1578 годзе для паляпшэння стану (яна, верагодна, пацярпела падчас татарскіх нападаў пачатку ХVІ стагоддзя) слуцкім князем ёй быў дадзены фундуш.
Да сярэдзіны ХVІІ стагоддзя гэта царква знаходзілася на тэрыторыі прадмесця Востраў, стаяла там на мясцовым рыначным пляцы.
У 1655 годзе, падчас падрыхтоўкі Слуцка да абароны ад рускіх войскаў, было прынята рашэнне забудову прадмесця разбурыць. Рабілася гэта для таго, каб тэрыторыя перад абарончымі валамі была свабоднай і абаронцы маглі бачыць падыходзячага ворага без перашкод. Тры востраўскія прыходскія цэрквы, у ліку якіх разам з Раждзественскай яшчэ называюцца Казьмадзям’янаўская і Міхайлаўская, былі перанесены ў горад.

Месца для размяшчэння Раждзественскай царквы выдзялілі на вуліцы Востраўскай, па яе праваму боку, на роўнай адлегласці ад Падзамчышча і да Востраўскай брамы. Цяпер гэта тэрыторыя па Сялянскаму завулку, непадалёку ад Маладзёжнага цэнтра.
Да пачатку ХVІІІ стагоддзя царква, у якой акрамя галоўнага прастола меўся прыдзел Уверавання апостала Фамы, састарэла і патрабавала рамонту. У 1707 годзе дзеля гэтай мэты адзін з заможных жыхароў Слуцка ахвяраваў 500 злотых. Аднак праз нейкі час усё ж паўстала пытанне новага будаўніцтва. У 1762 годзе на тым жа царкоўным пляцы было завершана ўзвядзенне будынка новай Раждзественскай царквы.

Реклама

Якімі былі па архітэктуры Раждзественскія цэрквы да XVIІІ ст., невядома.
Узведзеная ў 1762 годзе царква Нараджэння Хрыстовага па памерах была невялікай, складзенай з чэсаных драўляных брусоў. Да квадратнага ў плане галоўнага аб’ёму па баках і з галоўнага фасаду прылягала галерэя, завяршаў яго нязначны па вышыні шырокі вясьмярык, пакрыты вялікім купалападобным шатром з цыбулепадобным купалком на васьмігранным светлавым барабане.

Алтарная частка таксама ўяўляла сабою двух’ярусную кампазіцыю — чацвярык на чацвярыку, завяршаў яе двухсхільны дах. З абодвух бакоў да яе сіметрычна прымыкалі прамавугольныя аб’ёмы рызніцы і панамарні.
Галоўны і два бакавыя ўваходы былі аформлены аднолькавымі па канструкцыі порцікамі з ганкамі: два слупы падтрымлівалі двухсхільны дах. Сцены галоўнага аб’ёму і галерэі, звонку ашалёваныя дошкамі, праразаліся спаранымі лучковымі вокнамі.
У свой час храм быў упрыгожаны разьбой: і інтэр'ер, і іканастас. У падкупальнай прасторы размяшчалася выразаная з дрэва вялікая ікона Багародзіцы з Дзіцяткам. У XVIII стагоддзі інтэр'ер быў размаляваны манументальным роспісам, зробленым алейнымі фарбамі ў стылі еўрапейскага жывапісу XVII-XVIII стагоддзяў, але ў 1870-я гады яго зафарбавалі, застаўся толькі фрагмент над алтарнай часткай.

Майстры, якія будавалі царкву, надалі ёй прыгожы жывапісны выгляд. Двух’ярусны сілуэт апсіды, дапоўнены аб’ёмамі і лініямі схільных дахаў бакавых прыбудоў, рытмічна паўтараў формы галоўнага аб’ёму храма з галерэй.
З левага боку на царкоўным пляцы стаяў дом настаяцеля.

З правага боку пры ўваходзе на царкоўны двор стаяла званіца. Яе адкрыты верхні ярус пакрываў чатырохсхільны шатровы дах з купалком. Ніжэйшыя ярусы былі ашаляваны дошкамі. Разам будынкі храма і званіцы стваралі цэльны гарманічны, напоўнены адпаведнай дынамікай, архітэктурны ансамбль, з характэрным рытмам вертыкальных і нахіленых ліній і плоскасцяў.
У 1833 г. «для благолепия» было вырашана зрабіць у царкве новы іканастас.

Да 1845 года Раждзественская царква была самастойнай, са сваім прыходам. Аднак у сувязі з тым, што колькасць жыхароў горада змяншалася і прыходы некаторых цэркваў, у тым ліку Раждзественскай, станавіліся малалікімі, яе прыпісалі да гарадской Васкрасенскай царквы, якая знаходзілася непадалёку, на самым пачатку Востраўскай вуліцы.
Архітэктура Раждзественскай царквы ілюстрыруе позні этап развіцця Слуцкай рэгіянальнай школы храмавага дойлідства. Яна адносілася да помнікаў драўлянага дойлідства з рысамі стылю барока.

У 1926 г. разам з іншымі мясцовымі храмамі і званіцамі Раждзественская царква была ўзята пад ахову дзяржавы, як помнік архітэктуры. Па рэкамендацыі прыбыўшай у горад навуковай камісіі, якая адзначыла культурную і мастацкую каштоўнасць царквы, у ёй у 1930-я гг. стварылі музей народнай творчасці.

У 1941 г., у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны, Раждзественская царква разам са званіцай і жылым домам згарэла.
З твораў мастацтва, якія маюць дачыненне да слуцкай Раждзественскай царквы, можна назваць два срэбных абклада для абразоў «Дэісус» і «Старазапаветная Тройца», якія захоўваюцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі. Іх у 1801 г. ахвяраваў царкве слуцкі лаўнік Фёдар Рэўт.
Хочацца спадзявацца, што маглі захавацца і некаторыя іншыя прадметы, якія маюць адносіны да гэтай або іншых слуцкіх цэркваў.

Ігар Ціткоўскі

НАША СПАДЧЫНА. Раждзественская царква з боку алтарнай апсіды. Малюнак: Ігар Ціткоўскі (са здымка пачатку XX стагоддзя)
НАША СПАДЧЫНА. Раждзественская царква з боку алтарнай апсіды. Малюнак: Ігар Ціткоўскі (са здымка пачатку XX стагоддзя)

ГІСТОРЫЯ. Званіца Раждзественскай царквы. 1921 год. Фота: С. Юхнін (з фонду Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі)
ГІСТОРЫЯ. Званіца Раждзественскай царквы. 1921 год. Фота: С. Юхнін (з фонду Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі)

УВАХОД НА ХОРЫ. Фрагмент інтэр’ера Раждзественскай царквы пасля закрыцця. 1920-я годы. Фота з фонду Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі
УВАХОД НА ХОРЫ. Фрагмент інтэр'ера Раждзественскай царквы пасля закрыцця. 1920-я годы. Фота з фонду Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии