Як капыльскія міліцыянеры праводзілі беларусізацыю

0

Мікалай Бердніковіч, палкоўнік міліцыі ў адстаўцы, былы начальнік Капыльскага РАУС быў адным з першых, а магчыма, і адзіным міліцэйскім чыноўнікам такога высокага рангу, які сваім загадам перавёў справаводства ў аддзеле на беларускую мову.

На пачатку 90 х гадоў мінулага стагоддзя гэта было смелым учынкам. Таму маё першае пытанне цалкам зразумелае:

— Як вы, спадар Мікалай, даспелі да такой неабачлівасці?
— …Калі быў прыняты закон аб дзяржаўнай беларускай мове, яго трэба было выконваць. Але, што праўда, з гэтай справай можна было не спяшацца, бо быў вызначаны даволі працяглы адаптацыйны перыяд для моўнай падрыхтоўкі людзей і арганізацыйнай падрыхтоўкі структур. Для многіх з гэтым была звязана надзея — пагамоняць і забудуцца… А я паставіў пытанне рубам: «Ці ж мы не беларусы?!»

Реклама

— Сапраўды, большасць тутэйшага люду лічыць сябе беларусамі. Але ж з лёгкасцю абыходзяцца без беларускай мовы.
— Колькі жыву, заўсёды марыў размаўляць на беларускай мове. На працы, сярод людзей, у звычайнай паўсядзённай мітусні. Гэта пачуццё абвастрылася падчас вучобы ў Валгаградскай вышэйшай следчай міліцэйскай школе ў 1969−1973 гадах.
У нас на курсе былі прадстаўнікі аж 17 нацыянальнасцяў, і было зайдросна, калі ўсе, апроч беларусаў, размаўлялі паміж сабой на сваёй мове. І, мабыць, ад такой тугі па родным я пачаў выпісваць беларускія газеты. Прыемна было тлумачыць цікаўным, што яны напісаны па беларуску, што я беларус.
Добра памятаю той дзень, калі быў надрукаваны закон аб мове… Ён адразу прыахвоціў да канкрэтных дзеянняў. Знайшліся і аднадумцы. Дырэктар ліцэя, загадчык раённага аддзела адукацыі… На дапамогу паклікалі настаўніцу беларускай мовы Клару Іларыёнаўну Сядзельнікаву. Параіліся і падсумавалі выказаныя думкі: «Ці ж мы не беларусы, давайце ж пачувацца беларусамі на самай справе і пераходзіць на родную мову».
Добра разумеючы, што адклад не ідзе ў лад, у адзін дзень сабралі ўсе пішучыя машынкі, адвезлі іх ў Мінску, дзе перакляпалі патрэбныя літары на беларускія. З гэтага дня перавялі ўсё справаводства на мову і вырашылі на службе размаўляць толькі па-беларуску.

— А як з допытам затрыманых? Відавочна, не ўсе з іх настолькі добра валодалі мовай, каб дакладна адказваць на пытанні следчага?
— Для следчага аддзялення зрабілі выключэнне. Пакуль што. Улічылі, што следчым трэба складаць пратаколы допытаў, а для гэтага патрэбны спрыт і вопыт у пісьменстве. Да таго ж крымінальныя справы праходзілі праз суд, а там не ўсе былі гатовы працаваць на беларускай мове. Суддзі, які да нас прыехаў з Казахстана, было цяжка. І судовы працэс бесперапынны па сваім характары, як і вытворчы, яго нельга прыпыняць. Але і гэтыя складанасці мы лічылі часовымі.

— Добра, культурную рэвалюцыю ў межах свайго асобна ўзятага аддзела вы зрабілі. Але ж над вамі было начальства…
— У гэтай справе мы былі пачынальнікамі сярод усіх выканкамаўскіх структур і раённых арганізацый. А неўзабаве беларусізацыя справаводства перайшла і на больш высокі ўзровень. Бланкі, інструкцыі, распараджэнні ад абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў мы пачалі атрымліваць на беларускай мове.
І калі на адну са справаздач у Капыль прыехаў першы намеснік міністра (ці ён ужо нават быў міністрам унутраных спраў Беларусі), генерал Уладізмір Данько, ён вельмі здзівіўся, што ўсе супрацоўнікі размаўляюць на беларускай мове сапраўды як на сваёй роднай. На нарадзе ўсе выступоўцы рабілі даклады таксама па-беларуску.
І, як чалавек далікатны і добра выхаваны, генерал папрасіў прабачэння за тое, што ягоны штаб падрыхтаваў дакументы да нарады на рускай мове. Але ж уступнае слова да даклада зрабіў таксама на беларускай мове.
Магчыма, іншыя міліцэйскія аддзелы краіны не ставіліся да моўнага адраджэння з такім энтузіязмам, як мы, але паступова беларуская мова пачала займаць тыя пазіцыі ў службовым жыцці, якія ёй належала заняць і па гістарычным праве, і па законе.
Так мы працавалі да рэферэндуму, у які было ўключана і «моўнае пытанне». Спачатку кола сцішыла свой ход, а пасля пачало з нарастаючай хуткасцю круціцца ў адваротны бок. Прычым афіцыйныя прыхільнікі дзвюхмоўя на самай справе амаль усе выступілі менавіта супраць беларускай мовы. Хоць можна з упэўненасцю зазначыць, шмат хто з іх рускую мову ведаў нават горш за беларускую. А вырашаная такім чынам праблема пазбаўляла неабходнасці вывучаць абедзве.
Вось на гэтым звычайным для кожнага школьнага троечніка ўзроўні знайшлі кампраміс.
Літаральна праз месяц пасля маёй адстаўкі нават успаміну не засталося пра тое, што некалі ў Капыльскім РАУС адбылася культурная рэвалюцыя.

Канстанцін Скуратовіч, «Народная воля»
www.nv-online.info/by

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии