Лясная драма за вёскай Мядзведня

0

Пачалася гэтая поўная драматызму гісторыя летам 1941 года. У вёску Пасекава Горка, дзе жыў з сям’ёй, жонкай і чатырма сынамі каваль Айзік Гельфанд, прыехалі немцы і забралі старэйшага сына Барыса па падазрэнню ў сувязі з мясцовым камсамольскім падполлем. Юнака праз тры дні выпусцілі.

Але гэта насцярожыла бацьку — сям’я ўжо была на ўліку, да яго дайшлі весткі, што ў Старых Дарогах немцы зганяюць яўрэяў у гета і што такая доля не міне і сям’ю каваля, калі не схаваецца далей ад вёскі. Сябра Барыса па школе, Уладзімір Дзядзюля з вёскі Селішча, параіў Гельфандам пераехаць на жыхарства ў невялікую лясную вёску Вуглы да яго бабулі Вольгі Кароль. Яе з мужам у 1931 годзе раскулачылі і выслалі на Поўнач, там муж неўзабаве памёр ад тыфу, жонка перад вайной паспела дабрацца да сваёй вёскі. Яна, па просьбе дарослай дачкі Ганькі Лыч, мужа якой ў 1937 годзе забраў ноччу «чорны воран», прадаставіла сваю хату для сям'і каваля. У мясцовай кузні знайшлася работа, вяскоўцы выдзялілі надзел зямлі паблізу Вуглоў.

Немцы і паліцаі высачылі сям’ю каваля і зімой 1942 года наладзілі аблаву. Аднак суседзі своечасова папярэдзілі, і Гельфанды сышлі ў суседнюю вёску Мядзведня. Там іх у склепе схавалі Марыля і Амельян Астрэйкі. Тыдні два пражылі ў іх, а потым перабраліся ў вёску Селішча да Арсена Няронскага даваеннага сябра Айзіка.
Калі аднойчы гаспадар прачуў, што ў вёску едуць паліцаі, дарослых Гельфандаў закрыў у склепе ў двары, а малых дзяцей паклаў на ложку поруч са сваімі немаўлятамі, накрыў коўдрай. І калі ў хату завітаў паліцай і спытаў, ці не ведае ён, хто хавае сям’ю каваля, Арсен адказаў, што такіх вестак не чуў, той выйшаў з хаты. На дзяцей не звярнуў увагі.
Вясной 1942 года каваль з сям’ёй вярнуўся ў Вуглы, засеяў пшаніцай і ячменем свой надзел. А развязка надышла 6 жніўня. Айзік з сынамі Ёсіпам і Барысам прывезлі сена да гумна бабулі Волькі і ўбачылі у канцы вуліцы крытую нямецкую аўтамашыну. Паклікалі жонку Айзіка, якая падкопвала на градцы раннюю бульбу і ўчацвярых пабеглі да бліжэйшага лесу. Іх заўважылі, адкрылі агонь з аўтаматаў, але нікога кулі не зачапілі. А вось малодшых сыноў Айзіка — Уладзіка і Сямёна — якія гулялі ў хаце, немцы забралі з бабуляй Волькай і адвезлі ў Старыя Дарогі.
Хлопчыкаў здалі ў гета, дзе іх расстралялі разам з іншымі яўрэямі, а бабулю адпусцілі, улічылі, напэўна, яе састарэлы ўзрост. У той жа дзень да Айзікаў у лес з суседняй вёскі Селішча прыйшлі, ратуючыся ад паліцаяў, калгасніца Яўгення Элькіна з дзвюмя дарослымі дачкамі.

Реклама

Паўстала пытанне — як жыць далей? Трое сутак блукалі па лесе, харчаваліся грыбамі і ягадамі, начавалі на зямлі, балазе ночы былі яшчэ цёплыя. Нарэшце, на лясной дарозе сустрэлі жыхароў вёскі Мядзведня, Антося Мікулу і яго жонку Фрасыню. Папрасілі перадаць суседцы Марылі Астрэйка аб іх месцы знаходжання. Тая праз дзень прынесла хлеба, бульбы, вараных буракоў. Айзік збудаваў з яловых галін будан, але калі пайшлі восеньскія дажджы, то было холадна. Лаўрын Стасевіч з Мядзведні прынёс ім рыдлёўку, сякеру, ноччу на павозцы прывёз цэглы. За два дні ўтрох, малодшаму Ёсіпу ішоў дванаццаты год, выкапалі яму для зямлянкі, бацька зладзіў печку-грубку. Разлічвалі, што давядзецца жыць у ёй усю зіму. Пры сабе Айзік трымаў вінтоўку і пісталет, якія знайшоў летам таго году ўзбоч дарогі. Ужыць зброю яму не давялося, хоць у яго быў намер, калі немцы высачаць зямлянку, адстрэльвацца да апошняга патрона.
Не адзін раз усёй сям’ёй Гельфанды наведваліся ноччу ў хату Марылі і Арсена Астрэйкаў. Гаспадыня, завесіўшы посцілкамі вокны, частавала іх разварыстай бульбай, дранікамі, малаком, а на дарогу да лесу давала пару боханаў хлеба, торбачку мукі для заціркі.

Арсен Няронскі, добры знаёмы Айзіка, ужо трымаў сувязь з партызанамі брыгады імя Кірава, якой камандаваў Аляксей Шуба, ураджэнец тых мясцінаў. І аднойчы ён сказаў Айзіку, што камбрыг ведае пра яго сям’ю і абяцаў хуткае вызваленне.
Яно прыйшло ў канцы снежня 1942 года. Арсен Няронскі вывеў на зямлянку ўзвод партызанаў.
Успамінае Ёсіп Айзікавіч, інвалід вайны, жыхар Мінска:
— Да скону дзён не забыць мне той зорнай марознай ночы, калі мы выйшлі з зямлянкі і вачам сваім не паверылі - прыйшло збаўленне наша. Жанчыны ўпалі ніцма і сталі абдымаць ногі партызанаў, плакалі. Хтосьці з партызанаў сунуў мне ў руку кавалак хлеба. І мы праз ноч дабраліся да вёскі Асавец на Любаншчыне, дзе размяшчаўся штаб брыгады імя Кірава. Бацьку з братам Барысам і дочак Элькінай залічылі ў атрад байцамі. А мне таксама знайшлася работа — даглядаць коней, кароў, што меліся там, несці варту.

Мінулі гады. Амаль нікога з тых жыхароў лясных вёсак, хто працягнуў руку дапамогі дзвюм сем’ям каваля і калгасніцы, няма ў жывых. Без пары ад цяжкага нервовага захворвання памёр Айзік. Яго сын Барыс пайшоў у 1944-м годзе на фронт і быў цяжка паранены, таксама ўжо памёр, у Мінску. Ёсіп Аркадзьевіч на працягу дзесяці гадоў узначальваў у Слуцку аздараўляльны кааператыў «Бадзёрасць». У канцы мінулага веку ён склаў і перадаў у пасольства Ізраіля ў Мінску спіс старадарожскіх дабрачынцаў, хто, рызыкуючы сваім жыццём, уратаваў іх ад смерці ў гета. Праз нейкі час адтуль з аддзела «Праведнікі свету» інстытуту Яд Вашэм на адрас Ёсіпа Айзікавіча прыйшоў ліст з паведамленнем, што жыхарам вёсак Вуглы, Мядзведня, Селішча — Ганне Лыч, Арсену Яронскаму і Марыі Астрэйка — прысвоена ганаровае званне «Праведнікі свету», пасмяротна. Іх прозвішчы выгравіраваны на сцяне ў мемарыяле Яд Вашэм у Іерусаліме.
У сваю чаргу Ёсіп Айзікавіч некалькі гадоў таму ўвекавечыў за свой кошт прозвішчы і тых праведнікаў, і тых, хто дапамагаў ім, на мемарыяльнай дошцы паблізу вёскі Мядзведня. Замацавана яна на вялікім камяні, на ўскрайку леса, ля дарогі.

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии