Хлеб на асфальце

0

У народзе шмат існуе розных прыказак, прымавак, казак аб хлебе.

У беларускай мове і ў многіх іншых славянскіх мовах слова «хлеб» гучыць як «жыццё — жыта», «жыччэ», «рожь» — ад слова «рожать», — даваць жыццё. І сапраўды, хлеб — гэта жыццё, багацце. Без хлеба і стол пусты. Хлеб — усяму галава. Старэйшае пакаленне, прайшоўшае праз вайну, голад, ведае цану кавалачку хлеба. А як жа моладзь, якая вырасла пасля вайны?..
Аднойчы выходжу з пад’езда свайго дома і бачу, як работнікі ЖКГ грузяць смецце са смеццязборніка, а ў кантэйнеры ляжаць вялікія кавалкі хлеба. Мабыць, гаспадары, у якіх нядаўна была вялікая гулянка, выкінулі хлеб у смеццяправод. Я запытаў у рабочага: «Ці часта такое бывае?» І пачуў адказ: «Зараз не часта, хіба што пасля вялікіх застолляў, а раней было шмат такіх „падарункаў“. З гарадской звалкі людзі бліжняй вёскі вазілі хлеб мяхамі…»
І вось мне прыгадаўся адзін выпадак. У 1975 годзе я дэмабілізаваўся з войска. Шлях да хаты пралягаў праз горад-герой Ленінград, у якім жыў дваюрадны брат маёй мамы. Я вырашыў пагасціць 2−3 дні ў дзядзькі Івана, пахадзіць па музеях, паглядзець як разводзяць масты. У канцы мая ў Ленінградзе пачынаюцца «белыя» ночы, і мы з сястрычкай Надзейкай пайшлі блукаць па вячэрняму гораду. Да разводу мастоў заставалася шмат часу. Надзейка, вясёлая гарэза, усё шчабятала і шчабятала, а я падумаў: «Бач як вырасла, папрыгажэла.»
У апошні раз яны з дзядзькам Іванам прыязджалі ў Беларусь, калі Надзейцы было гадоў восем, а зараз ёй пятнаццаць.
Паперадзе нас, апіраючыся на кіёчак, шаркаючы па асфальце нагамі, ішла бабулька. Раптам перад самым носам старой нешта шмякнула на асфальт.
Бабуля, адкінуўшы кіёк, укленчыла перад пантам.
«Мабыць стала дрэнна,» — падумалі.
Бабуля трымала ў руках надгрызены батон і малілася: «Божа, літасцівы, памілуй нас. Хіба ж так можна, гэта ж — хлеб!» А па старэчым твары ліліся слёзы.
Мы паднялі старую з каленяў, падалі кіёчак. А яна, прыціснуўшы да грудзей надгрызены батон, паліваючы яго слязьмі, шаптала: «Божа, гэта ж грэх, хіба ж так можна…»
Мы з сястрою доўга глядзелі на гэтую згорбленую постаць, пакуль яна не знікла пад аркай дома. Мабыць, там жыла…
Сястра ўжо не шчабятала. У вачах паблісквалі слязінкі, ды і мне на душы стала неяк няёмка. Мы моўчкі пайшлі дахаты.
Прайшло ўжо больш за тры дзесяткі гадоў, а я да гэтага часу не магу забыць той хлеб на асфальце і малітву старой блакадніцы.
Людзі добрыя, шануйце хлеб!

Мікола Корань

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии