Стары настаўнік

0

Выпадае часам шчаслівы білет праз многія гады раптам трапіць у дзяцінства. У 1952 годзе я скончыў сем класаў Языльскай школы і «пайшоў у людзі» на свой хлеб. Школы той ужо няма, але жывы самы любы настаўнік роднай мовы і літаратуры Даніла Мікалаевіч Жук.

Мінула больш паўвека, а я сёння быццам чую яго гаворку, пявучую і лагодную, з чуць адметным вымаўленнем літары «р». Ад гэтага гаворка здавалася больш меладычнай і запамінальнай.
Школьнікамі мы ведалі, што быў ён партызанам, ваяваў і быў ранены. А яшчэ быў вельмі чалавечны, ніколі не рабіў зла, не абражваў вучняў, але дабіваўся, каб яны вучылі ўрокі. Аднойчы трэба было вучыць верш на памяць, але па нейкай прычыне я не вывучыў. На ўроку Даніла Мікалаевіч падняў мяне і спытаў, ці вывучыў верш. Я падхапіўся і гучна адказаў: «Вывучыў!» Ён уважліва паглядзеў і сказаў: «Сядай». На наступны дзень каля дошкі я расказаў верш, а ён паклаў сваю руку мне на галаву і прамовіў: «Маладзец, толькі не трэба падманваць».
З хваляваннем адчыняю брамку ў двор. Сустрэў мяне чалавек з сівай галавою, але даволі рухавы і з той жа меладычнаю моваю. Пазнаў мяне, успомніў маё імя і прозвішча. «Дай Бог жыць яму і далей пры добрай памяці», — пажадаў у думках. Мы ўспаміналі школу, настаўнікаў, тое беднае жыццё і, вядома, вайну.
«Ведаеш, я перажыў да Вялікай Айчыннай вайны не меншую вайну, яна называлася „калектывізацыя“. Пачалася тая вайна ў 1928 годзе і скончылася вялікім голадаморам у 1933 годзе. Па той бядзе, што прынесла людзям, яна была зусім не меншая за другую, у якой мне давялося ваяваць з немцамі. Уяві сабе, прыходзяць да цябе двое з наганам, патрабуюць падпісаць заяву, што згодзен уступіць у калгас. Не падпішаш — арышт, і цябе няма».
Мы доўга яшчэ гаварылі, але галоўнай яго боллю была праблема старэння вёскі.
Развіталіся з надзеяй яшчэ сустрэцца.
Вось такі ён, мой стары настаўнік.

Уладзімір Амяльчэня

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии