Падарылі свята казкі

0

Каля трыццаці казачнікаў Міншчыны з’ехаліся ў Любань 25 снежня на рэгіянальнае свята беларускай казкі, каб падарыць жыхарам Любаншчыны і гасцям раёна незабыўную вандроўку ў дзяцінства.

Свята народнай казкі пад назвай «Казкі бабулі Аўдулі» праводзіцца ў Любанскім раёне другі раз, але ўпершыню яно набыло рэгіянальны характар.
Вясковы антураж, свечы, іконы, вышываныя рушнікі і модныя ў мінулым стагоддзі хусткі-тараноўкі, якімі была ўпрыгожана зала Любанскага Дома культуры, стварылі сапраўды цёплую, душэўную абстаноўку. Здавалася, што слухачы, якіх сабралася поўная зала, сядзяць адной сям’ёй каля агню і слухаюць апавяданні і байкі сваіх продкаў. Казачныя персанажы ажывалі толькі дзякуючы голасу і таленту апавядальнікаў, узрост якіх вагаўся ад 8 да 90 гадоў.
Казачніцу Марыю Васільеўну Дайнэка з вёскі Заельнае Любанскага раёна запрасілі на свята казкі ў другі раз. Яна сказала, што ўсіх казак і прымавак, якія ведае, не пералічыць. «Гэта ўсё паданні, якія распавядала некалі мая маці, — кажа Марыя Васільеўна. — Яна была майстрыха на цікавыя аповеды. Калі выйшла на пенсію, я стала запісваць, што ўспамінала з матчыных казак і прымавак. Маці шмат усяго ведала, любіла жыццё. Гэтаму навучыла і нас, дзяцей, цераз свае казкі, паводзіны і адносіны да жыцця».
За чатыры гадзіны, якія доўжылася свята казкі, слухачы пачулі каля пяцідзесяці казак, паданняў, прымавак і вершаў з народу…
Васіль Каткавец, загадчык аддзела культуры Любанскага райвыканкама, адзначыў, што сустрэча з беларускімі казкамі - гэта добрая традыцыя, якая павінна адрадзіцца. «Менавіта такімі каляднымі вечарамі нашы продкі збіраліся ў хаце і расказвалі цудоўныя добрыя казкі, якія распавядаюць, што такое добра і што такое дрэнна, вучаць жыццю, — дадаў ён. — Цікавыя гісторыі передаваліся з вуснаў у вусны. Часам усе яны лепш і павучальней за мульцікі, якімі поўніцца тэлебачанне. Любанскі аддзел культуры лічыць, што такія імпрэзы павінны быць часцей і маштабней, каб напоўніць святлом і дабрынёй душы як можна больш і дзяцей, і дарослых».
Рэгіянальнае свята «Казкі бабулі Аўдулі» названа ў гонар мясцовай казачніцы Аўдоцці Кандрацьеўны Ляўчэня з вёскі Рачэнь, якая памерла 24 гады таму — якраз перад Калядамі, а памяць пра яе жывая. Знакамітай яна стала дзякуючы Галіне Барташэвіч, супрацоўніцы Акадэміі навук, якая ў 70-ых гадах збірала фальклор на Палессі, і запісала аўтэнтычныя бабуліны казкі. Тады з бабуляй Аўдулькай (так называлі жанчыну ў вёсцы) было запісана больш за 20 яе баек, казак, легенд. У памяць аб ёй на Любаншчыне і было праведзена першае свята народнай казкі.

У ідэале — Дом фальклору

«У 2005 годзе адбылося першае свята казак, але яно было раённага маштабу, — распавёў Сяргей Выскварка, творчы кіраўнік і рэжысёр мерапрыемства. — Наша ідэя спадабалася абласному цэнтру народнай творчасці, і ў гэтым годзе яны далі выдаткі на рэгіянальнае свята. Мы запрасілі казачнікаў з 15-ці раёнаў Міншчыны, у тым ліку, і са Слуцкага раёна, але з-за надвор’я і стану здароўя расказчыкаў (усе яны ўжо даволі сталага ўзросту і, у асноўным, жыхары вёсак) прыехалі толькі з пяці - Салігорскага, Старадарожскага, Мінскага, Дзяржынскага і Любанскага».
Суразмоўца ўпэўнены, што любая фальклорная традыцыя не павінна знікаць. «Мы робім усе намаганні, каб гэтага не адбылося, — кажа ён. — Традыцыі павінны жыць. Спадзяюся, што калі-небудзь да нас сюды будуць прыязджаць казачнікі з усёй Беларусі, а таксама слухачы, якім гэта падабаецца».
Па словах Сяргея Выскваркі, каб мерапрыемства набыло маштабны характар, у ідэале трэба стварыць Дом фальклору. «Каб там была спецыяльная вялікая зала, дзе можна было б танчыць, як у вясковай хаце, і песні спяваць, і казкі казаць, — лічыць ён. — Сённяшняе свята мы стварылі ў дыскатэчнай зале, якую мы зараз павінны распрануць, усю прыгажосць зняць, таму што вечарам сюды павінна прыйсці моладзь на дыскатэку. Памяшканне, якое мы маем, таксама не дазваляе развярнуць музейную экспазіцыю казак і казачнікаў. А такіх на Любаншчыне і, я ўпэўнены, ва ўсіх раёнах Беларусі было і ёсць нямала…»
На думку ўдзельнікаў свята і іх слухачоў, мерапрыемству неабходна прыдаць рэспубліканскі статус.

Реклама

Адкуль ты столькі ведаеш, бабуля

На свята казкі былі запрошаны ўнучкі Аўдоцці Ляўчэні - Святлана Анісава і Ларыса Новік, жыхаркі Салігорска.
Яны распавядалі, што бабуля летам клала іх спаць у садзе і расказвала ім казкі на трасянцы. Унучкі запомнілі сваю бабулю з добрымі вачыма, і ў яе казках дабро заўсёды перамагала зло. «Калі яна расказвала казкі, нам падавалася, што мы глядзім мастацкі фільм — такімі жывымі былі вобразы герояў», — кажа Ларыса. — «І якім было наша расчараванне, калі мы пайшлі ў школу і даведаліся, што гэтыя казкі не бабуля прыдумала, а напісаў Пушкін!», — з усмешкай дадае Святлана.
«Адкуль ты, бабуля, столькі казак ведаеш?» — пыталіся ўнукі ў непісьменнай бабкі. А яна ведала шмат: і пра дзекабрыстаў, і пра асабістае жыццё Пушкіна. І маўленне яе было прыгожае, літаратурнае. Ужо потым унукі даведаліся, што іх продкамі былі гусары, а бабуля на пачатку стагоддзя працавала папоўскай пакаёўкай. Пасля рэвалюцыі поп падарыў Аўдулі дзве кнігі - Евангелле і гадальную кнігу. Маўляў: «Вось гэтыя кнігі дапамогуць табе выжыць, калі нешта здарыцца». Калі партызаны ішлі ў разведку, яны прыходзілі да Аўдулі, каб яна ім паваражыла. Яе гаданне заўсёды спраўджвалася.

Жанна Аўдзеева, Таццяна Гусева

Фото и видеорепортаж

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии