Апошняя полька-тройка дзядзькі Тодара

1

У нашай вёсцы Тодара Іванавіча Жаўрыда за яго вясёлы характар, дабразычлівасць да людзей любілі і паважалі ўсе — мужчыны і жанчыны, дзеці. Быў ён удаўцом. Пасля смерці жонкі ў свае пяцьдзесят гадоў жыў з састарэлым бацькам, які даў прытулак і жонцы раскулачанага на Любаншчыне і сасланага на Поўнач старэйшага сына Івана.

«Тодар насіў вусы «пад Будзёнага,» — так гаварылі дарослыя. На паголеным, без адзінай маршчынкі твары заўсёды свяцілася дабрыня да бліжняга. Асабліва паважалі яго жанчыны на вечарынках, што зрэдку ладзіліся пад баян у чыёй-небудзь вялікай хаце, калі Тодар запрашаў адну з іх на польку-тройку, з адмысловым каленцам, па-шляхетнаму. Насіў ён сіняе суконнае галіфэ, вышытую кашулю, падпяразаную мяккім поясам, на нагах — хромавыя боты. Калі напарніца стамлялася і адыходзіла ўбок, Тодар запрашаў другую. Не адмаўлялі яму і вясковыя дзяўчаты, бо бачылі, што з такім танцорам лёгка ісці ў скокі. А бабулі, што сядзелі на доўгай лаве ўзбоч сцяны, гледзячы на зухаватага танцора, гаварылі між сабою: «І стомы яму, старому, няма. Адкуль такі спрыт бярэцца?»
Апошнюю сваю польку-тройку Тодар Іванавіч станцаваў восенню 1937 года на вяселлі ў суседа, на якое яго запрасілі, як і ўсіх вяскоўцаў. Такая здаўна вадзілася традыцыя. Прыхапіў пляшку магазіннай гарэлкі, лычка хатняй каўбасы, сыр клінковы і - да вясельнага стала. Нават адважыўся, з дазволу жаніха, станцаваць з нявестай сваю любімую польку, а калі вярнуўся за поўнач дахаты, на досвітку ў дзверы пастукалі і пачуўся позыў: «Хозяин, открой».
Зайшлі двое ў доўгіх шынелях і шапках з чырвонымі аколышамі. Вобыску не рабілі, толькі загадалі: «С вещами на выход». Братава жонка ўкінула ў торбу кавалак сала і паўбохана хлеба, што ляжаў пад абрусам на стале, і ён пайшоў з хаты.
Па хваробе ног, з-за рэўматызму, жанчына не змагла наведацца ў Слуцкую турму і пацікавіцца, што сталася з Тодарам, куды яго накіравалі.
Вярнуўся ён з высылкі толькі ў 1955 годзе пасля смерці Сталіна. Прыгнуты катаржнай працай і лагернай галадоўкай, ссівелы, прыціхлы. Ніхто ў яго не пытаўся, дзе адбываў тэрмін, бо ведалі, што былыя зэкі перад адпраўкай на свабоду давалі падпіску аб захаванні тайны свайго знаходжання.
І хоць пасля вайны моладзь яшчэ ладзіла ў хатах вечарынкі пад баян, дзядзька Тодар туды не хадзіў. Дажыў свой век у той жа бацькавай хаце пры сыне Івану, які яшчэ ў гады вайны вярнуўся дадому, да жонкі.

Міхась Тычына

Реклама

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Alex
Alex
28 декабря 2009 21:24

Мондрыя гловы змыслили таку систэму знишчення словянства…
Таки ХАЛАКОСТ!