Тры юбілеі ў Чырвоным касцёле

0

У Чырвоным касцёле (Мінск) 12 снежня адбыўся вечар, прысвечаны культурна-асветніцкаму клубу «Спадчына» з нагоды 10-годдзя прыватнага музея ў Старых Дарогах, 25-годдзя клуба і 70-годдзя старшыні клуба старадаражаніна Анатоля Белага.

Дзесяць гадоў таму ў доме сваіх бацькоў у Старых Дарогах Анатоль Белы стварыў музей. Сёння яго калекцыя налічвае каля 5 тысяч твораў жывапісу, графікі, скульптуры і медальернага мастацтва. На сядзібе музея ўсталяваны дзесяткі помнікаў дзеячам нашай гісторыі, культуры, змагарам за беларускае нацыянальнае Адраджэнне.
З наведвальнікаў музея гаспадар не бярэ платы. «Складана падлічыць, колькі людзей пабылі тут на экскурсіях за гэтыя дзесяць гадоў, — адзначае Анатоль Белы. — Бывала, прыязджала па дзвесці чалавек. Наведвалі музей людзі з усіх куткоў Беларусі, а таксама з ЗША, Аўстраліі, Італіі, Францыі, краін былога СССР».
«Калі б мне далі свабоду дзеянняў і адпаведны дазвол, я змог бы ў кожным горадзе ўстанавіць помнік іх знакамітаму земляку», — не раз казаў Анатоль Белы журналістам. Яшчэ ў 2005 годзе ён прапанаваў усталяваць у Слуцку помнікі слуцкім ткачыхам, апетых Максімам Багдановічам, героям Слуцкага збройнага чыну, а таксама Альгерду Абуховічу, аднаму з заснавальнікаў жанраў байкі, мастацкай прозы і мемуарыстыкі ў нацыянальнай літаратуры. «Гэтыя помнікі былі зробленыя, але, на жаль, дагэтуль месца ў горадзе ім не знайшлося, — кажа Анатоль Белы. — Спадзяюся, што новы старшыня райвыканкама вырашыць гэтае пытанне, і ў Слуцку з’явяцца славутасці, якія стануць улюбёнымі мясцінамі слуцакоў і будуць вабіць турыстаў».

Таццяна Гусева

Реклама

ДАВЕДКА. Клуб «Спадчына» займаецца прапагандай беларускай культуры і гісторыі, арганізоўваў выставы мастацтва ў Беларусі, Расіі і ЗША.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии