Невядомы герой Уладзімір Горбат

0

Пасля доўгіх гадоў працы журналістам мне здавалася, што я знаёмы з усімі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, якія пражываюць у Салігорску.

І вось новае знаёмства з чалавекам, які ў 1941 годзе стаў партызанам.
Уладзімір Фёдаравіч Горбат нарадзіўся ў 1923 годзе ў Жыткавіцкім раёне, таму не мог заставацца ў баку ад барацьбы з нямецкімі захопнікамі. Але аповед будзе пра жыццё пасля вайны.
Мы сядзім на лавачцы перад пад’ездам дома і Уладзімір Федаравіч расказвае.
— На пачатку лета 1944 года на тэрыторыі Беларусі было шмат партызан. Частку з іх пасля вызвалення сабралі ў сталіцы і аставілі ў Беларусі для барацьбы з антысавецкімі элементамі, астатніх адправілі на фронт. Мяне накіравалі ў камендатуру горада Капыль поварам. Было 9 начальнікаў і 7 радавых салдат. Вось іх і карміў да 1947 года, пакуль не ліквідавалі камендатуру.
Вярнуўся ў Жыткавіцкі раён. Сакратаром райкама партыі быў Ігнаценка, былы камандзір партызанскага атрада. Па яго загаду паступіў служыць у міліцыю ўчастковым. Толькі наладзіў службу, як здарылася непрыемнасць: з майго пісталета прастрэліў сябе загадчык магазіна. Раненне было цяжкім, і ён памёр. Мяне з міліцыі звольнілі і аддалі пад суд.
Суд быў суровым — сем гадоў зняволення. Але замест адпраўкі ў лагер прывялі да сакратара райкама партыі: «Выбірай, лагер або работа фінансавым агентам». Так я стаў збіраць падаткі з сялянскіх падвор’яў.
Хутка навёў кантакты з жыхарамі вёсак, і людзі панеслі малако, яйкі, мяса. Атрымалася, што я збіраў больш, чым усе калгасы раёна. Тады мяне зноў выклікалі ў райкам партыі і кажуць: «Ты павінен уступіць у партыю, бо твае нарыхтоўкі большыя за калгасныя». Я аднекваўся, але баяўся таго хваста, што цягнуўся за мною. Вось прыпомняць і адправяць у лагер. Тут зноў выклікаў Ігнаценка і загадаў падаць заяву аб прыёме ў партыю.
Запомнілася бюро. Было 9 чалавек і сярод іх пракурор раёна. Гэта ён падняўся і сказаў, што Горбат не можа быць камуністам, бо ў брата яго бацькі ёсць дачка, якая жыве за мяжою. Пра маю судзімасць маўчалі. Члены бюро пашапталіся і Ігнаценка сказаў: «Ёсць прапанова прыняць Горбата ў партыю», — і падняў руку. Паднялі рукі і астатнія. Пракурор паглядзеў і таксама прагаласаваў за прыняцце. Так я стаў камуністам. Той партыйны білет не выкінуў, зберагаю.
Вось такое было пасляваеннае жыццё. А партызанам быў не лепшым і не горшым за другіх. У Салігорску жыву 27 гадоў пасля смерці жонкі. Дзве дачкі жывуць у Расіі, там радні стала 13 душ. Унучка з Расіі жыве ў Германіі, замужам за немцам. Дзве дачкі жывуць у Салігорску, а сын у Жыткавічах. Часам думаю: ваявалі з немцамі, а ўнукі без вайны заваёўваюць Германію. Мусіць, так разумней. Са мною ім пакуль не ўдалося пазнаёміццаі, бо ад дому я не адлучаюся.
Уладзімір Фёдаравіч адгарнуў крысу паліто і паказаў трубкі, што выходзяць з яго вантроб.

Уладзімір Амяльчэня

Реклама

БЫЛЫ ПАРТЫЗАН. Уладзімір Горбат: “Я быў не лепшым і не горшым за другіх”. Фота: Уладзімір Амяльчэня
БЫЛЫ ПАРТЫЗАН. Уладзімір Горбат: «Я быў не лепшым і не горшым за другіх». Фота: Уладзімір Амяльчэня

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии