Любанскае самба

0

ЗА ПЕРАМОГУ. Момант турніру па барацьбе самба. Фота: Сяргей Любшын
ЗА ПЕРАМОГУ. Момант турніру па барацьбе самба. Фота: Сяргей Любшын

На мінулым тыдні ў спартыўнай зале Сароцкай сярэдняй школы (Любанскі раён) адбыўся восьмы адкрыты Рэспубліканскі дзіцяча-юнацкі турнір па барацьбе самба на прызы майстра спорту міжнароднага класа Юрыя Сенажацкага. У гэтым турніры, акрамя гаспадароў, юных любанскіх самбістаў, удзельнічалі каманды з Баранавічаў, Нясвіжа і Мінска. На барцоўскі дыван выйшла каля сотні юных спартсменаў.

Юрый Сенажацкі, трохразовы чэмпіён Еўропы, шматразовы прызёр чэмпіянатаў свету, ужо развітаўся з вялікім спортам. Сёння гэты знакаміты барэц з’яўляецца паспяховым бізнесменам. Ён заснаваў і ўзначаліў адну са сталічных фірм, якая дзейнічае ў сферы вытворчасці і гандлю будаўнічым інструментам.
Але Юрый Аляксандравіч не забывае, што і сам некалі быў пачынаючым спартсменам. Таму вырашыў сумесна з мясцовымі ўладамі арганізаваць згаданы турнір на радзіме, на Любаншчыне, дзе і рабіў першыя крокі ў сваёй спартыўнай кар’еры.
Турнір, паводле слоў Юрыя Сенажацкага, ставіць перад сабою мэту даць юным самбістам магчымасць памерацца майстэрствам з сапернікамі з іншых раёнаў, выявіць маладыя таленты і падтрымаць развіццё дзіцячага спорту на перыферыі. Бо менавіта адсюль, з беларускай глыбінкі, выходзіць, як паказвае практыка, мноства спартыўных зорак.
Важна для пачынаючых спартсменаў і іншае: пабыць у адной кампаніі са знакамітасцямі, адчуць іх адабрэнне. Таму Юрый Сенажацкі ніколі не прыязджае на гэтыя турніры адзін. Вось і зараз разам з ім завіталі на Любаншчыну Уладзімір Япрынцаў - старшыня Беларускай федэрацыі самба, заслужаны майстар спорту, Вячаслаў Кот, галоўны трэнер нацыянальнай каманды самбістаў, Магамет Рамазанаў, праслаўлены айчынны барэц, Мікалай Прыжывалка, чэмпіён СССР па веласпорту, майстар спорту і іншыя. Усе яны занялі месца ў судзейскай калегіі.
Юныя барцы прадстаўлялі сем каманд. Адну з Нясвіжа, па адной з Баранавічаў і раёна, тры са сталіцы і адну з гарадскога пасёлка Урэчча (Любанскі раён).
Прыклад мужнасці паказаў юны любанчанін Раман Дзікун. Падчас фінальнай схваткі хлопчык пасля кідка саперніка моцна ўдарыўся аб дыван галавой і атрымаў накдаўн. Аднак пасля медыцынскай дапамогі пад дружныя апладысменты гледачоў вярнуўся і давёў паядынак да канца.
Праўда, прайграў і заняў толькі другое месца ў сваёй вагавай катэгорыі.
Фінальныя паядынкі сталі ўпрыгожваннем турніру. Асабліва калі на дыване сышліся два любанскія барцы вагой больш ста кілаграмаў Мікалай Арлоў і Мікалай Раманчук (дарэчы, сярэбраны прызёр чэмпіяната Беларусі). Перамогу ж тут святкаваў Раманчук.
У фінальных схватках ў сваіх вагавых катэгорыях і ўзроставых падгрупах перамаглі Аляксандр Трутнеў, Арцём Панасюк, Ян Савін, Максім Свірыд, Алег Нагорны, Уладзіслаў Тарлюк, Уладзімір Рындзевіч, Андрэй Чарняўскі, Яўген Каваленка і Іван Муравіцкі (член зборнай краіны па дзю-до).
Прызёраў турніру (1−3 месцы) узнагародзілі кубкамі, медалямі, граматамі, камплектамі барцоўскай формы і грашовымі прэміямі. Шмат было і заахвочвальных прызоў.
У канцы турніру ўдзельнікаў павітала Тамара Дастанка, намеснік старшыні райвыканкама. Яна выказала надзею, што наступныя спаборніцтвы ўжо стануць міжнароднымі.

Реклама

Сяргей Любшын

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии