З кагорты нястомных шукальнікаў. Да 80-годдзя з дня нараджэння краязнаўцы Рыгора Родчанкі

0

Біяграфіі Рыгора Родчанкі, на жаль, не знайшлося месца ў сучасных беларускіх энцыклапедыях. Хаця ў агульным пераліку ў артыкуле «Краязнаўства» у «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» Людміла Трэпет назвала Рыгора Васільевіча сярод тых, хто зрабіў значны ўклад ў краязнаўства ў пасляваенны перыяд.

А між тым, Родчанка — з першапраходцаў у краязнаўстве, з кагорты шукальнікаў. Менавіта дзякуючы яму сабралася і была аформлена, а затым і пачала існаваць, як ісціна, грунтоўная інфармацыя пра Альгерда Абуховіча… Замінала, праўда, часам яму ў стасунках з людзьмі, дыпламаванымі навукоўцамі ўпартасць, настойлівасць ў доказе свайго пункту гледжання. На жаль, у нас па традыцыі цвёрдасць характару, бескампраміснасць, мякка кажучы, не ў вялікай пашане. Хацелася б верыць, што з часам Родчанку, краязнаўца, аўтара кніг па гісторыі Случчыны, паэта-гумарыста, ушануюць у родным горадзе з годнасцю.

Алесь Карлюкевіч,
дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы
«Літаратура і Мастацтва», (па кнізе «Знічкі радзімы»)

Реклама

Аб творчай спадчыне

Рыгор Віктаравіч Родчанка (1929−1994) быў чалавекам апантанным, зачараваным рамантыкай краязнаўчай дзейнасці. Нарадзіўся ён на Украіне. Па бацьку быў далёкім сваяком славутага ў 1920-я гады мастака, дызайнера і майстра фатаграфіі Аляксандра Родчанкі. Яшчэ ў дзяцінстве сям’я пераехала на радзіму маці ў Капыльскі раён. Падчас вайны юны Рыгор стаў партызанам. Пасля Перамогі служыў на флоце, адсюль і літаратурны псеўданім — Рыгор Лінкор. З 1959 года жыў у Слуцку. Працаваў выкладчыкам у школе. Пісаў вершы і паэтычныя мініяцюры, шмат гадоў быў актыўным удзельнікам літаратурнага аб’ядннання «Случ». Свае літаратурныя творы, а таксама навукова-папулярныя і краязнаўчыя матэрыялы змяшчаў на старонках раённай, рэспубліканскай прэсы і ў асобных выданнях. Да творчай спадчыны Рыгора Віктаравіча належаць нарыс жыцця і творчасці беларускага пісьмен-ніка XIX стагоддзя Альгерда Абуховіча-Бандынэлі (1984), кніга «Старэйшая школа Беларусі» (1985).
Працяглы час ён збіраў фальклорны і этнаграфічны матэрыял Случчыны, на аснове якога за свае сродкі выдаў зборнік «З вечнага» (1990). У 1991 годзе ў выдавецтве «Полымя» выйшла яго кніга «Слуцкая старасветчына». Яна складаецца з сямнаццаці невялікіх раздзелаў, прысвечаных як асобным старонкам гісторыі горада з ранейшых часоў да XVIII стагоддзя, так і выдатным асобам, чые жыццё і творчасць звязаны са Случчынай.
Сярод краязнаўчых дасягненняў Рыгора Родчанкі - знаходка папулярнай у Слуцку ў пачатку XIX стагоддзя паэмы «Файнбергада», якая ў гратэскава-гумарыстычным стылі апісвала нораў і быт тагачаснай гарадской эліты. Як згадваў Рыгор Віктаравіч, займаючыся гаспадарчымі справамі на ўласным двары, звярнуў увагу на выкінутыя суседзямі ў хлевушок старыя рэчы, у тым ліку паперы, належаўшыя некалі былой памешчыцы Лабановіч-Шпакоўскай. Сярод іх і аказалася паэма «Файнбергада». У выніку працяглага пошуку персанажы паэмы набылі рэальныя абрысы, і сёння мы маем цікавую карціну слуцкага жыцця пачатку XIX стагоддзя.
Дзякуючы намаганням краязнаўцы, на слуцкіх старых могілках было знойдзена месца пахавання Альгерда Абуховіча і ўдакладнены даты жыцця пісьменніка.
І хаця часам некаторыя з выказаных Рыгорам Віктаравічам меркаванняў сёння не знайшлі свайго падцверджання, вынікі краязнаўчай дзейнасці Родчанкі заслугоўваюць высокай адзнакі.

Ігар Ціткоўскі

Ён аднаўляў забытае, роднае

З Рыгорам Віктаравічам мы пачалі сябраваць з канца 50-х гадоў, калі ён наведваў Слуцкую райгазету, дзе я працаваў адказным сакратаром і прыносіў нататкі пра старэйшую ў Беларусі 1-ю школу (цяпер — гімназія № 1), якія потым увайшлі ў яго кніжку. Пазней ён дзяліўся знаходкамі пра аднаго са старэйшых беларускіх пісьменнікаў - Альгерда Абуховіча. Для збору матэрыялаў ездзіў не раз у Глускі раён, апытваў старажыхароў, якія што-небудзь памяталі пра славутага земляка. І неўзабаве выйшла Рыгорава кніжка аб ім.
Засталіся ў памяці нашы вандроўкі па грыбы ў лясах за вёскай Мядзведня. Аднойчы надвячоркам, недзе ў жніўні, заначавалі ў сцірце жытнёвай саломы непадалёку ад лесу. Неба было зорным, цішыня — і Рыгор Віктаравіч прыпомніў дзень 25 чэрвеня 1941 года. Калі раніцай выйшаў з хаты, убачыў на вуліцы роднага мястэчка Цімкавічы штук дзесяць матацыклаў з каляскамі, на якіх сядзелі нямецкія салдаты ў касках, з аўтаматамі. Яму тады ішоў дванаццаты год, нечаканыя «госці» зацікавілі хлопца. Ён неўзабаве ўбачыў, як падышоўшага да матацыклістаў участковага міліцыянера афіцэр ва ўпор застрэліў з парабелума. А затым хлопец быў сведкам, як адступаўшых з захаду чырвонаармейцаў, якія не чакалі ў тыле ворага, немцы заганялі ў вялікі двор каля кароўніка, папярэдне адняўшы зброю. Перад вечарам палонных набралася чалавек дзвесце. Бацька Рыгора быў член партыі і мусіў хавацца, каб пазней з сынам пайсці ў партызаны, дзе ён стаў камісарам атрада.
З тых нялёгкіх трывожных дзён знаходжання ў партызанскай зоне вакол вёсак Шантароўшчына — Жылін Брод — Старэва, Рыгор Віктаравіч вынес шмат назіранняў за людзьмі са зброяй.
… На досвітку мы пакінулі сцірту саломы і падаліся ў лес, да палудня набралі па карзіне крамянёвых баравікоў і на паляначцы пад бярозай прыселі перакусіць. Неспадзявана з хвойніку на край палянкі выйшаў мацёры, з рыжаватым загрыўкам воўк. Я адчуў, як у грудзях пахаладзела — усё ж звер быў ад нас кроках у пятнаццаці. Але ён, агледзеўшы нас, спакойна пакрочыў далей. Рыгор тады сказаў, што страх шавяльнуў і яго сэрца. Грыбныя пешыя вандроўкі мы з ім рабілі часцяком у лясы за Рыжыцай і Мядзведняй.
Калі ў 60-я гады ўсе гарадскія школы сталі рускамоўнымі, настаўнікі баяліся між сабою размаўляць па-беларуску, ды і на жнівеньскіх педагагічных раённых нарадах выступоўцы размаўлялі толькі па-руску, Рыгор Віктаравіч адзін, нібы кідаючы дакор калегам, гаварыў з трыбуны на роднай мове. Магчыма, гэта не вельмі спадабалася чыноўнікам з райкому КПБ, магчыма, з прычыны нейкіх пратэстаў Рыгора Віктаравіча, які быў даволі прынцыповым чалавекам, мог, як кажуць, рэзаць праўду-матку ў вочы начальству, у яго былі і не аднойчы канфлікты з першым сакратаром райкома партыі Мартысюком. Апошні кідаўся ў амбіцыю — выклікаў нарад міліцыі і наведвальніка садзілі ў аўтамашыну, каб адвязці ў псіхдыспансер. Але там, выслухаўшы сповед пацыента, верылі яму болей, чым чыноўніку і адпускалі дамоў. На жаль, падобныя нервовыя стрэсы, а яны здараліся не раз, падарвалі здароў'е Рыгора Віктаравіча, і ён без пары, поўны творчых задумак, адышоў у іншы свет.

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии