Тут «булькі» замяняюць грошы

0

Даўно не быў я на Любаншчыне, таму гэтыя сорак гадоў жыў успамінамі, што вёскі па-ранейшаму жывуць спадзяваннямі на лепшае жыццё — калі ў новы рабочы дзень людзі бягуць да брыгадзіра, каб атрымаць «нарад» на работу. Тады, вырабіўшы пэўную колькасць за год рабочых дзён, год залічвалі ў пенсію. Атрымаць работу лічылася за ўдачу. Адносіны многіх кіраўнікоў саўгасаў да мясцовых работнікаў проста былі «плёвымі». Ім здавалася, што гэта чарга людзей на работу ніколі не скончыцца. Праз сорак гадоў вёска апусцела.

Там-сям на падвор'і ходзяць куры, значыць, у хаце ёсць жывая душа. Двухпавярховыя шматкватэрныя дамы, што будаваліся з мэтай прыблізіць сялян да гарадскога жыцця, стаяць пустымі, з выбітымі вокнамі.
Цётка Мар’я сустрэла радасна. Жыве яна адна: дзеці ў горадзе, а муж памёр даўно. Пасля абдымкаў і пацалункаў запрасіла за стол падсілкавацца з дарогі. Які ж для госця абед, калі на стале няма чаркі. Як зашкварчэла на газавай пліце шкварка, на стале звякнула чарка, нечакана адчыніліся ў хату дзверы і на парозе апынуўся нязваны госць. Якраз паспеў да стала.
Здаравенны дзяцюк з даўно няголеным тварам трымаў у руцэ торбачку:
— Цётка Мар’я, купіце, — прапанаваў нешта мужчына. Па яго твару я зразумеў, што мэта прыходу — патрапіць да стала, калі за ім будзе госць, каб атрымаць чарку гарэлкі. Але што ён можа прадаць?
— Кінь на прыпечак, — адказала цётка Мар’я. Дзяцюк вытрас з торбачкі нашчэпаных лучынак. І калі зноў стаў каля парога, гаспадыня запытала:
— Што табе за гэта?
— Тры «булькі». Падсушыце, на распал будзе гарэць, як порах, — стаў хваліць свой тавар мардасты дзяцюк. Цётка Мар’я ўзяла вялікі стакан з паясочкам, што раней звалі «маліноўскі», вёртка павярнула пляшку донцам дагары. У цішыні раздаліся булькі. Калі адняла пляшку ад стакана, той быў напоўнены больш чым на палову. Мужчына пільна сачыў за наліваннем гарэлкі, а калі гаспадыня падала стакан, то абхапіў яго дзвюма рукамі, цяжка выдыхнуў з сябе паветра і адным махам праглынуў вадкасць са стакана. Цётка Мар’я падала хлеба з гурком. Мужчына адламаў малюсенькі кавалачак, панюхаў яго некалькі разоў і заціснуў у кулаку.
— Дык я пайду?
— Ідзі, ідзі, — адказала цётка Мар’я.
Калі зачыніліся дзверы, яна забедавала:
— Дроў прывезці - «булькі». Гной ад хлява пагрузчыкам адсунуць — «булькі». Куды не кінься жанчыне — давай «булькі». Грошы не патрабуюць, бо ведаюць, што няма. «Булькі» замяняюць грошы.
Яна расказвала, што за вёскай у лесе, як і раней, стаіць апарат, з якога па чарзе аднавяскоўцы ціснуць «булькі». А яшчэ расказала навіну: стары Яўмен незадоўга да смерці аддаў людзям да самагоннага апарата сухапарнік, які некалі з Масквы прыслалі на востраў Зыслаў. Яўмен з бацькам гналі партызанам самагонку. Увесь сакрэт якой быў у тым сухапарніку. Можна было атрымаць моцную гарэлку. Яе часта партызаны выкарыстоўвалі замест спірту.
Адпачыўшы, мне захацелася прайсці знаёмымі сцежкамі. З дарогі праз лес у бок вострава Зыслаў добра відна вытаптаная сцежка да таго месца, дзе раней стаяў самагонны апарат. Але я пайшоў далей па дарозе. Калі скончыўся лес, мне захацелася паглядзець на палеткі тарфянікаў, якія прасціраліся да самага вострава Зыслаў.
На многіх палетках ляжала непрыбраная з лета салома, некаторыя пазарасталі быллём. Па дарозе назад не ўтрымаўся, звярнуў на знаёмую сцежку. Каля самагоннага апарата сядзеў пажылы мужчына, а ў трохлітровы слоік цурчалі «булькі».
Вярнуўшыся ў горад, з паштовай скрынкі дастаў газету. На першай старонцы вялікімі літарамі напісана: «БЕЛАРУСЫ ПРАПІЛІ ПАЎТАРА МІЛЬЯРДА ДОЛАРАЎ». Да гэтага трэба дапоўніць — не ўлічваючы «булек». Яны таксама нямала каштуюць.

Уладзімір Амяльчэня

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии