Як зяць цешчу лячыў

0

Незлічоная колькасць розных баек ды анекдотаў ходзіць пра адносіны зяця да цешчы. І вось адна з такіх жыццёвых гісторый пра тое, як зяць цешчу лячыў.

Мар’яна Пятроўна, кабеціна відная, пудоў гэтак пад восем, ды і пасаду займала «дэфіцытную». Была яна загадчыцай раённых складоў. Таму прывыкла да ўвагі. Ужо даўно выпрацаваліся ў яе голасе камандзірскія ноткі.
Была ў Пятроўны дачушка, Волечка, ды надышоў час дачушку да шлюбу весці. Мамка прыгледзела ёй завіднага жаніха, але ўпартая дачка знайшла сама сабе любага ды ўпотайкі ўзяла з ім шлюб. Цэлы год цешча не размаўляла з зяцем. Толькі як з’явілася на свет маленькая Таццянка, яна трохі памякчэла.
Валодзя быў працавіты хлопец, ды і прыгажосцю Бог не абышоў, але цешча ўсё роўна знаходзіла да чаго прычапіцца.
Мар’яна Пятроўна часта скардзілася на спіну, у яе, як кажуць у народзе, была «панская хвароба». І зяць вырашыў трохі «падлячыць» цешчу — магчыма перастане да яго прыдзірацца. За дапамогай звярнуўся да сябра, які закончыў медінстытут і працаваў на станцыі хуткай дапамогі.
Удваіх яны прыдумалі такі грымучы састаў мазі, што нават і мярцвяк з магілы выскачыў бы. Але як прапанаваць гэтую мазь цешчы?
Аднойчы за абедам, быццам бы знарок, зяць сказаў сваёй жонцы, што прачытаў у нейкім модным часопісе, як трэба лячыць радыкуліт. Цешча, натапырыўшы вуха, пачула, а праз дзень ласкава так, падыйшоўшы да зяця, запытала пра той рэцэпт. Валодзю толькі гэта і трэба было, але віду не падаў. «Ну я ж цябе «вылячу», — падумаў ён.
Праз тры дні Валодзя прынёс «лекі» і расказаў цешчы, як імі карыстацца. Але адразу папярэдзіў, што будзе вельмі пячы, бо ў састаў мазі ўваходзіць перац і гарчыца.
Мар’яна Пятроўна хацела хутчэй вылячыцца і папрасіла зяця правесці гэту працэдуру, паколькі дачка Волька была ў камандзіроўцы. Валодзя з ахвотаю ўзяўся «лячыць» цешчу.
Намазаў марлю клеем БФ, паклаў тоўсты слой мазі і абвярнуў цешчыну спіну ад самых клубоў да сярэдзіны заечымі футрамі, а сам пайшоў адпачыць у свой пакой.
Гадзіны праз дзве Валодзя пачуў спачатку тупаніну па кватэры, затым лямант цешчы:
— Валодзечка! Ратуй, спіна гарыць.
Перад вачыма зяця паўстала карціна: цешча сядзіць у ванне, задраўшы начную сарочку, а на спіну льецца халодная вада.
— Валодзечка, зяцёк, ратуй! — лямантавала цешча.
Зяць, спужаўшыся, пачаў здзіраць з цешчынага азадка свой «кампрэс». Яна яшчэ больш залямантавала, бо разам з «кампрэсам» здзіралася скура.
— Чакайце, я зараз выклічу «хуткую дапамогу», — і кінуўся да тэлефона.
Уладзіміру пашанцавала, бо ў той вечар якраз працаваў сябар. Праз некалькі хвілін «хуткая дапамога» стаяла ля пад’езда.
Хлопцы, спусціўшы з ваннай ваду, павярнулі цешчу на жывот, і Аляксей, так звалі сябра-медыка, зняў з цешчынай спіны «пластыр», пад якім паказаліся вадзянкі. Доктар змазаў спіну маззю і зрабіў укол.
Праз тыдзень вадыры прайшлі, як на тое шчасце, перастала балець спіна. Цэлы год пасля гэтага «лячэння» Пятроўну не турбавала хвароба. Зяць не думаў і не гадаў, што такім чынам вылячыць цешчу. Думаў, што адпомсціць, а выйшла наадварот. Цяпер цешча ўсім раздае рэцэпт ад «панскай хваробы». А зяця называе ласкава — дарагі зяцёк.

Мікола Корань, пазаштатны аўтар

Реклама

ПIШЫЦЕ. Вашы жыццёвыя гісторыі і гісторыі кахання чакаем на адрас: 223 610, Слуцк-9, а/я53 или на e-mail: info@kujer.info.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии