Слуцк — горад партовы

2

Наўрад ці без усмешкі, на поўным сур’ёзе можна прыняць прыведзенае ў загалоўку сцвярджэнне. Але ў жыцці чаго толькі не бывае. Тым больш, у сучасным, калі шляхі зносін праходзяць не толькі па вадзе, чыгуначным або аўтамабільным транспартам, але і па паветры. Праўда, стаць паветраным портам Слуцку, магчыма, прыйдзецца хіба што ў будучым. Мы ж, аддаючы даніну павагі традыцыі нашай старонкі, якая ў назве на першае месца ставіць слова «мінуўшчына», у пошуку магчымых прыкладаў праўдападобнасці загалоўка, звернемся да часоў даўнейшых.

Даўшы нырца ў глыбіню мінуўшчыны, затрымаемся спачатку ад паверхні не надта далёка — у стагоддзі васемнаццатым. У яго сярэдзіне заўважым звязаныя са Слуцкам вялікія справы. І значную ролю ў гэтых справах мела вада.
Гаспадаром краю ў тыя часы быў князь Геранім Фларыян Радзівіл (1715 — 1760). Як і іншыя прадстаўнікі знакамітага роду, ён быў адным з багацейшых магнатаў краіны. Пад яго ўладай знаходзіліся шматлікія вёскі, мястэчкі і гарады.
Але Слуцк быў найбольш любімым, з’яўляўся цэнтрам яго ўладанняў. Несумненна, што не апошнюю ролю тут мела даўнейшая слава горада, як горада-крэпасці. Князь Геранім рашыў гэту славу падтрымаць. Была зроблена рэканструкцыя абарончых умацаванняў, у тым ліку і запоўненых вадою рвоў, якія разам з земляным валам апаясвалі ўвесь горад.
Акрамя палацава-замкавага комплексу, што размяшчаўся ў цэнтры горада, князь задумаў заснаваць для сябе новую рэзідэнцыю, яшчэ больш непрыступную, і выбраў для яе востраў на Жыд-возеры. Па задумцы пераіменаваў яго ў Князь-возера (цяпер гэта возера Чырвонае непадалёку ад Жыткавіч). На востраве меркавалася ўзвядзенне дзіўнага палаца, а подступы па вадзе павінны былі бараніць аснашчаныя гарматамі караблі. Планавалі ад возера да Слуцка прарыць канал. Саму ж Случ пачалі паглыбляць і расшыраць, пачалі будаваць плаўсродкі. Горад павінен быў быць ператвораны ў партовы, звязаны водным шляхам з Чорным морам.

Реклама

Задумкі князя Гераніма

План па стварэнню ў Слуцку порта — не адзіная арыгінальная або экстравагантная ідэя князя, на якія ён быў майстрам. Магчыма, што такіх, як слуцкі князь, фантазёраў было многа, — эпоха барока са сваім светапоглядам і ідэаламі таму спрыяла — але ў князя Гераніма было дастаткова грошай, каб да такіх фантазій ставіцца сур’ёзна і брацца за іх рэалізацыю.
Напрыклад, незадаволены магчымасцямі дзяржаўнай службы (ён быў падчашым, а потым харунжым Вялікага Княства Літоўскага), пакінуў яе і заняўся сваім прыватным войскам. Яно складалася з пяхоты і кавалерыі, дзе служылі наёмнікі-іншаземцы, мясцовая шляхта, выбранцы, казакі і нават рота янычараў.
Гарнізоны, агульным лікам у шэсць тысяч чалавек, размяшчаліся ў розных цэнтрах яго ўладанняў. Галоўны гарнізон знаходзіўся ў Слуцку. Тут жа дзейнічала афіцэрская школа. На гарадскіх валах і бастыёнах можна было бачыць сапраўдны арсенал — 29 медных і 25 жалезных гармат, 12 марцір. У цэлым, па колькасці гармат войска Радзівіла пераўзыходзіла нават дзяржаўнае.
Клапаціўся князь і пра адпачынак. Адным з яго любімых заняткаў было паляванне, але каб не ехаць куды далёка, у сваіх маёнтках ствараў звярынцы. У Слуцку звярынец размяшчаўся ў месцы, цяпер вядомым як раён вуліцы Будаўнікоў і раённай бальніцы. Называўся бажантарня, бо там вадзіліся пераважна птушкі і было многа фазанаў (па польску — бажантаў). Быў звярынец і ў Старчыцах, дзе пасліся алені, дзікія коні, там жа быў прарыты канал для розных вадаплаваючых птушак.
У Слуцку і ў горадзе Белым (цяпер Бяла-Падляска ў Польшчы) князь заснаваў адны з першых у нашай краіне тэатры. Пры тэатры ў Слуцку адкрыў балетную і музычную школы. Сабраў вялікую бібліятэку і карцінную галерэю. Яму належыць ідэя стварыць у горадзе фабрыку шаўковых паясоў, для якой на Сенатарскай вуліцы пачаў будаваць вытворчыя карпусы. Сваё самалюбства цешыў нават марай стаць каралём Рэчы Паспалітай.
Не будзем ідэалізаваць нашага героя. У яго характары і паводзінах мелася шмат адмоўнага. Яшчэ сучаснікі гаварылі пра слуцкага князя як пра жорсткага прыгнятальніка. Неабмежаваны ў сродках, ён быў неабмежаваны і ў памкненнях.
Прыступаючы да рэалізацыі задумак, часам адрываўся ад рэальнасці, таму самыя маштабныя праекты так і засталіся нерэалізаванымі. Нерэалізаваным застаўся і праект з палацам-крэпасцю на Князь-возеры і ператварэннем Слуцка ў партовы горад.

Шляхі ішлі цераз Слуцк

Кніга беларускага гісторыка Анатоля Грыцкевіча пра Слуцк, што выйшла ў 1985 годзе, нездарма называецца «Древний город на Случи». Для горада рака мела вялікае значэнне.
У многіх дарэвалюцыйных, пераважна польскамоўных, выданнях як факт прыводзяцца звесткі, што князямі Алелькавічамі каля горада быў прарыты канал, для таго, каб вада Случы была побач з замкам. Сапраўды, калі паглядзець на карту, то заўважым, што пры падыходзе да горада Случ дзеліцца на два рукавы: па адным вада бяжыць цераз горад, другі абыходзіць яго з поўдня, потым злучаюцца. Падрабязная інфармацыя па гэтаму пытанню адсутнічае. Аднак несумненна, што звязаныя з карэктыроўкай русла Случы некалі вяліся вялікія работы. У ХVІ стагоддзі рускі купец Трыфан Карабейнікаў, калі быў у Слуцку, адзначаў, што «…под городом, под стеною, две реки…, а под городом та река с Москву реку, да под городом же пруды…».
У нашай вандроўцы ў глыбіню мінуўшчыны апусцімся да ХІІ стагоддзя. Са школьных падручнікаў нам вядома, што ўсходнеславянскія землі тады ляжалі на шляху «з вараг у грэкі». Даследаванні вучоных сведчаць, што гэты шлях не абмінаў і Беларусь. Пра прысутнасць варагаў у Капылі сцвярджае археолаг Лявон Калядзінскі. Ускосна пра іх прысутнасць у Слуцку можна гаварыць на падставе знойдзеных тым жа археолагам на Слуцкім дзядзінцы шахмат ХІІ стагоддзя. Распаўсюджанню гэтай гульні якраз спрыялі варагі.
На карысць таго ж меркавання сведчыць тапаніміка Случчыны. Напрыклад, старадаўнія пасяленні Грэск і Буда Грэская, несумненна, былі месцамі, з якіх варагі, прыбыўшы сюды па рэках з Балтыйскага мора, мінуўшы водападзел і трапіўшы да рэк, што неслі свае воды да мора Чорнага, у тым ліку і на Случ, пачыналі кірунак у краіну грэкаў.
Такім чынам, можна сцвярджаць, што сцены старадаўняга Слуцка некалі бачылі варажскія ладдзі. У выпадку неабходнасці яны маглі прычальваць да яго прыстані, або імчаць па цячэнню ракі ўніз. Несумненна, што воды Случы і яе прытокаў выкарыстоўваліся ў якасці шляхоў зносін і мясцовым насельніцтвам. Таму напрыканцы, ужо без долі іроніі, мы можам сказаць, што наш Слуцк з даўніх часоў быў горадам партовым.

Ігар Ціткоўскі

ПІШЫЦЕ. Ці часта Вы называеце Слуцк партовым горадам? Пішыце SMS на (029) 329 29 34.

2 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Паўлюк
Паўлюк
4 декабря 2009 17:50

Цікавы артыкул. Хоць сам я і не са Слуцка, але знайшоў для сябе цікавыя моманты. Вельмі важна ў папулярнай форме аднаўляць гісторыю свайго гораду, знаходзіць такія вось нюансы. Заўважыў, наколькі падняўся «нос» у жыхароў Нясвіжа: яны жыхары славутага месца! Бо нешта зроблена, каб вярнуць у свядомасць жыхароў прыналежнасць да сваёй гісторыі. Адна справа — райцэнтр Нясвіж\Слуцк\Капыль etc. Іншая — рэзідэнцыя Радзівілаў, цэнтр княства…
P. S. Некалі варта было б зняць фільм пра Радзівілаў. Ніякі Астэрыкс з Абеліксам не дакажуць!

ptitsina
ptitsina
8 декабря 2009 17:40

Згодная з вамі, Паўлюк. З асалодай прачытала гэты нарыс, напісаны ў стылі Уладзімера Караткевіча. Нават не ведала, што на вуліцы Будаўнікоў, дзе я жыву, некалі быў звярынец.
А фільм пра Радзівілаў неўзабаве з’явіцца. Можа гэта будзе цэлы серыял. Пачатак ужо пакладзены. Журналіст Глеб Лабадзенка (labadzenka.by) зараз працуе над кнігай пра гэты славуты род.