Праблемы этыкі заўсёды актуальны

0

Грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў», запланаваўшы на 20 лістапада правядзенне ў Салігорску семінара па праблемах журналістскай этыкі і творчую сустрэчу з пісьменнікам Уладзімерам Арловым, мабыць, і не магла ўсведамляць, наколькі актуальнымі будуць пытанні этыкі.

Запланаваныя мерапрыемствы мелі адбыцца ў Доме культуры «Будаўнік», з якім была дасягнута папярэдняя дамова і аплочана арэнда памяшкання. Аднак за дзень да семінара Людміла Казачкова, дырэктар установы культуры, паведаміла арганізатарам, што не можа дазволіць яго правядзенне без дадатковага ўзгаднення з аддзелам ідэалагічнай работы Салігорскага райвыканкама.
У адкрытым акцыянерным таварыстве «Будтрэст № 3 Ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі», якое з’яўляецца ўласнікам памяшкання, пры размове з арганізатарамі мерапрыемства зазначылі: «Вы збіраліся праводзіць семінар па этыцы, а, падобна, вырашылі арганізаваць палітычнае шоў». Як высветлілася з далейшай гутаркі, на ўвазе мелася сустрэча з Уладзімерам Арловым. «Я не ведаю Арлова-пісьменніка, я ведаю Арлова-антысаветчыка», — адзначыў суразмоўца.
Довады, што менавіта майстра гістарычнай прозы Уладзімера Арлова называюць паслядоўнікам Караткевіча, што яго палітычныя погляды не маюць дачынення да творчай сустрэчы з журналістамі і чытачамі, што кніжкі гэтага аўтара беларускі прэзідэнт падараваў пераможцам міжнародных алімпіяд і яго творы вывучаюць школьнікі па праграме беларускай літаратуры, не мелі, па словах арганізатараў, ніякага ўздзеяння.
Станоўчага выніку аб дазволе на выкананне папярэдне дасягнутай дамовы арганізатары не атрымалі і ў Салігорскім райвыканкаме.
Згаданыя праблемы аднак не перашкодзілі сябрам БАЖ спакойна і прыстойна правесці як сустрэчу з пісьменнікам, так і падзяліцца з Анатолем Гуляевым, старшынём камісіі па этыцы БАЖ, меркаваннямі аб неабходнасці стварэння адзінага этычнага кодэксу для сяброў БАЖ і Саюза журналістаў Беларусі.
Уладзімер Арлоў прэзентаваў чытачам і журналістам свае кнігі, сярод якіх энцыклапедыя «Імёны свабоды», новая кніга паэзіі «Усё па-ранейшаму, толькі імёны змяніліся», а таксама серыю аўдыёкніг.

Таццяна Гусева

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии