Нядаўна старэйшай установе культуры Салігорска — Дому культуры «Будаўнік» — споўнілася пяцьдзесят гадоў. Памяшканне згаданага ДК, які належыць мясцоваму адкрытаму акцыянернаму таварыству «Будтрэст № 3 ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі», узвялі тут адным з першых. Тады, калі толькі-толькі пачынаў нараджацца сам шахцёрскі горад.
Сёння ДК (яго яшчэ называюць “Клуб будаўнікоў”) — любімае месца адпачынку салігорскіх будаўнікоў і мясцовай моладзі. Зрэшты, так было не заўсёды.
— Пяць гадоў таму, калі я ўладкавалася сюды на працу, — расказвае дырэктар «Будаўніка» Людміла Казачкова, — многія з работнікаў Будтрэста, бадай, і не ведалі, што ў іх ёсць свой ДК. Тут, хіба, толькі сходы праводзіліся. Нам давялося добра пастарацца, каб вярнуць сюды гледачоў.
На пачатковым этапе вырашылі дзейнічаць праз дзяцей і ўнукаў работнікаў Будтрэста. Першым праектам, які рэалізавалі, стаў конкурс «Міс Маленькая фея». Атрымалася выдатна. Падтрымаць кожную з маленькіх канкурсантак прыйшлі не толькі дамачадцы, але і сябры сем’яў. Народу назбіралася поўная зала. Столькі ж гледачоў было і на другім конкурсе «Містэр Х» — для хлопчыкаў, які правялі ў ДК следам.
Поспех замацавалі і прадоўжылі працаваць з дзецьмі. Хутка тут адна за другой прайшлі выставы дзіцячых малюнкаў, фотаздымкаў, твораў з розных іншых матэрыялаў (з таго часу яны набылі статус традыцыйных). Надзвычай магутны рэзананс атрымала выстава «Усмешка дзіцяці — шчасце сям’і».
Далей культураўцы пачалі працаваць з сем’ямі будаўнікоў. Пазалетась тут правялі конкурс «Супермаці», летась — «Супертата», а сёлета — «Супербабуля». Сталі традыцыйнымі вечарыны-ўшанаванні шматдзетных бацькоў і многія другія мерапрыемствы для цікавага сямейнага адпачынку.
Пасля культураўцы звярнулі ўвагу на моладзь. Штогод у калектыў Будтрэста ўліваецца звыш паўсотні маладых спецыялістаў — выпускнікоў ВНУ і тэхнікумаў. У ДК вырашылі наладзіць вечарыну-пасвячэнне юнакоў і дзяўчат у члены калектыву.
Зараз такія вечарыны традыцыйныя. Традыйнымі сталі і конкурсы «Міс Будтрэст», «А-ну, хлопцы!», «Дзве зоркі».
У сферу сваёй дзейнасці культураўцы ўключылі моладзь, якая жыве ў інтэрнатах Будтрэста, а таксама вясковую моладзь — маладых работнікаў аграфірмы «Чырвоная ніва» (гэтую гаспадарку гадоў пяць назад далучылі да ААТ). У ДК ажывілася мастацкая самадзейнасць: акрамя народнага хора «Ветэран», якім кіруе Міхаіл Палуян, тут з’явіліся маладыя спевакі і танцоры. І калі раней, каб арганізаваць канцэрт, Дому культуры даводзілася запрашаць артыстаў з боку, то цяпер абыходзяцца ўласнымі творчымі сіламі.
Апошнім часам «Будаўнік» стаў прытулкам для ўсёй «нефармальнай» моладзі Салігорска. Тут рэгулярна праводзяць свае фестывалі аматары хіп-хоп культуры, брэйк-дансеры, ролеры, скейтэры, велатрыалісты і іншыя маладзёжныя аб’яднанні. Асаблівы рэзананс набыў, напрыклад, праект «Новы час» — фестываль альтэрнатыўнай музыкі, на які, акрамя мясцовых каманд, прыязджалі групы розных іншых гарадоў. Някепска пастаўлена тут і работа па аказанню платных паслуг. Летась такія паслугі прынеслі ДК звыш пяцідзесяці мільёнаў рублёў і амаль 25-працэнтную акупнасць.
Дзейнасць, якую вядзе ДК, шматгранная. Між тым, штат творчых работнікаў гэтай установы на дзіва малы: дырэктар, мастацкі кіраўнік (Ірына Яфімчык), кіраўнік народнага хору «Ветэран» і дзі-джэй. Астатнія працуюць па дагаворах.
— Штат малы, — згаджаецца Людміла Іванаўна. — Але ў нас сабраліся сапраўдныя энтузіясты і прафесіяналы. Праблема ў іншым: будынак Дома культуры стары — ён даўно патрабуе рэканструкцыі. І здаецца, хутка яна распачнецца. Спадзяемся, што тады вырашыцца і другое праблемнае пытанне: у нас прыбавіцца кабінетаў і пакояў для работы.
Сяргей Любшын
У “Клубе будаўнікоў” рэгулярна праводзяць свае фестывалі аматары хіп-хоп культуры, брэйк-дансеры, ролеры, скейтэры, велатрыалісты і іншыя маладзёжныя аб’яднанні