Паручкаўся з касою

0

Чалавек у першыя чатыры, а то і пяць гадоў жыцця амаль нічога не памятае пра свае першыя балячкі, хваробы — усё гэта прыходзіць пазней. Так было і са мною.

Ужо ў школьным узросце я спытаў неяк у маці, чаму на маёй правай назе другі ад вялікага палец зусім не гнецца, а на падашве ступні прамацваецца доўгі рубец. І яна паведала, як яшчэ да калгасаў летам бацька вярнуўся з сенажаці, распрог каня і адвёў за гумно на лужок, на папаску, пакінуўшы на прызбе касу, якую папярэдне зняў з касільна. Сам недзе адышоў недалёка. Мне тады ішоў пяты гадок. Убачыўшы касу, узяў яе за вушка правай рукой і пацягнуў у бок гумна, нібы накасіць травы — так пазней патлумачыў. А паколькі дзеці тады ў вёсках пасля таго, як растаў снег, хадзілі босымі, то я наступіў правай нагой на вастрыё касы.
На крык ад болі прыбег бацька, кроў з нагі струменіла ключом, маці ручніком моцна пераматала нагу. Бацька падхапіў мяне на рукі і подбежкам, пераадолеўшы два з паловай кіламетры да мястэчка Пагост, зайшоў у амбулаторыю. На шчасце, доктар быў на месцы і хутка зашыў глыбокі парэз пад крык і плач ад болю малога пацыента. І назад бацька нёс яго на руках, пэўна, адчуваючы сваю віну за тое, што неабачліва пакінуў касу на прызбе. Праз месяц рана зажыла, але палец, другі ад вялікага, ужо не гнуўся — перарэзана было сухажылле.
Выпадак той з касою я не памятаў, але ў пачатку вайны 1941 года, калі мне было чатырнаццаць год, бацька «упрог» мяне ў касу, якую купіў у Слуцку ў магазіне. Пасля набіўкі яна была вострай, нібы брытва, і я дзень пры дні абкошваў лужы ўзбоч лесу і вакол балотцаў, так што за лета вазоў два сена-мурагу назапасіў для каровы. А ў 1942 годзе, пасля падзелу калгаснай зямлі па падворках, нам выдзелілі, як і ўсім у вёсцы, тры з паловай гектары, столькі і сенажаці.
Недзе ў сярэдзіне ліпеня бацька раненька набіў тры касы — сабе, майму старэйшаму брату Тоні і мне. Пасля сняданку маці паклала ў торбу лычка каўбасы, ладны кавалак сала, штук пяць вараных яек, наліла бутэльку малака і паўбохана хлеба. А яшчэ ўзялі з сабою круглую драўляную біклажку з халоднай калодзежнай вадою. На сенажаці мы прыхавалі яе пад кусцікам лазы, каб не прагрэлася, і сталі ў пракосы на дзялянцы густа паросшай асакой. Пад нагамі яшчэ хлюпала вада. Да абеду скасілі сотак семдзесят, не меней.
Добра памятаю, як балела скура на жываце ад натугі з касою. І так дзён пяць мы шчыравалі на сваёй дзялянцы: варочалі пракосы-валкі, згрэбвалі сена і складвалі ў копы, а выносілі іх на грудок пад стог на доўгіх насілках. Бацька склаў два ладныя стажкі сена, якога хапіла для каня, каровы і авечак на ўсю зіму. Нават хапіла для абмену з заезджымі купцамі на жыта.
Столькі гадоў мінула з той пары, але тая сенажаць з посвістам косаў, пахам мурагу ў копах, з абедам пад лазовым кусцікам у цяньку ўспамінаюцца, як свята. Калі наведваюся ў вёску летам, то праходжу да тых мясцін, дзе ўжо гадоў трыццаць калгас пасля меліярацыі сее збожжавыя, кукурузу, цукровыя буракі. Нідзе не ўбачыш хоць кусціка лазы і становіцца сумнавата на душы.

Міхаіл Тычына

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии