Дарога з паваротамі

0

Вядзецца раскопка зямлі пад новую дарогу
Вядзецца раскопка зямлі пад новую дарогу

Адрэзак дарогі ад Першага калійнага камбіната ў горад Салігорск даўно стаў запамінальным не толькі для жыхароў горада, але і для тых вадзіцеляў аўто, каму даводзілася прыязджаць у горад здалёку.
Трапіўшыя ўпершыню на гэты адрэзак пры дарозе абавязкова бачылі знак, з якога сведчыла, што ў гэтым месцы 9 -га ліпеня 1949 года геолагі знайшлі запасы калійнай солі. Гэты знак стаіць каля мосціка праз былую рэчку Рутку пры самай дарозе. Прыезжыя акуналіся ў гісторыю горада, што, мабыць, дапамагала і пра дарожныя калдобіны забываць.
Жыхароў Салігорска міжволі гэта гістарычная дата пачынала мала цікавіць. Як пачынаўся рабочы дзень, іх больш хвалявала праблема праезду з горада на Першы калійны, каб не спазніцца на работу. Незадоўга перад пачаткам змены гэту адлегласць у 1700 метраў можна было хутчэй прайсці пешшу, чым праехаць на аўто. Такая мала прапускная здольнасць дарогі доўжылася гадзіны дзве раніцою і вечарам.
А яшчэ гэта дарога знакаміта сваімі выбоінамі і двумя крутымі паваротамі, якія не раз станавіліся прычынамі дарожных здарэнняў. Але за паўвека да яе стану, здавалася, усе прывыклі.
Аднак у апошнія дні вось прышоў час рамонту ўзгаданай дарогі. «Гэта не проста рамонт, а будаўніцтва пры старой дарозе яшчэ адной паласы руху, — гаворыць брыгадзір будаўнічага ўпраўлення № 149 Яўген Сармакоў. — На будаўніцтве працуюць два бульдозеры, два экскаватары ды дзесятак самазвалаў. Ад Першага калійнага да ракі Рутка амаль гатовы падмурак дарогі. Па былой праезжай частцы для яе выраўнівання кладзецца месцамі асфальт таўшчынёй да 30 см. Пасля зверху будуць пакладзены яшчэ два слаі асфальту павышанай моцнасці. Павінна атрымацца дарога высокай якасці. Цераз рэчку Рутка будзе пабудаваны яшчэ адзін мост.
Аднак крутыя павароты дарогі застануцца, бо з аднаго боку яе ахінае газапровад, а з другога ўжо перад горадам вёска Чыжэвічы падыходзіць блізка да самой дарогі. Мабыць, такой крывой яна застанецца назаўсёды. Кошт праекта складае каля чатырох мілліярдаў рублёў. З іх адзін мільярд выдзяліў „Беларуськалій“. Да першага снежня павінны адкрыць рух па адным баку, а побач будзем працягваць работы».
Мяне цікавіла пытанне, як жа здарылася, што кароткі адрэзак дарогі мае два крутыя павароты, калі той час патрабаваў самых простых і самых танных праектаў? У архіўных дакументах на гэта адказу не знайшоў. Аднак адшукаў жыхара города, які ведаў гэту гісторыю. Уладзімір Няронскі, якому споўнілася 77 гадоў, расказаў: «У пяцідзесятых гадах да нас прыехала брыгада геадэзістаў, геолагаў тут ужо не было. Геадэзісты хадзілі ўздоўж і поперак па палеткам і балотам, усе нешта выглядалі цераз свае прыборы. Вось тады зайшлі ў крайні двор, каторы цяпер пры дарозе, і сталі гаварыць гаспадару, што тут хутка будзе горад пабудаваны, а два крайнія падвор'і прыйдзецца зносіць, бо на іх месцы будзе з усходу дарога ў горад. Мясцовы жыхар здзвіўся, які горад, якая дарога, калі кругом жабы крумкаюць. Сярод двара грозна папыхваў самагонны апарат, і гаспадар не мог адпусціць, не пачаставаўшы, зайшоўшых чужых людзей. Пачастунку яны не цураліся. Толькі ў 1958 годзе, калі пачалося будаўніцтва калійнага камбіната, гаспадар зразумеў, што нездарма частаваў геадэзістаў. Будаўнікі дарогі абыйшлі яго падвор’е».

Уладзімір Амяльчэня

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии