У страху вочы вялікія

0

Упершыню ў вялікую, на 800 з лішнім двароў, капыльскую вёску Семежава я трапіў у пачатку 60-х гадоў па заданню рэдакцыі газеты «Мінская праўда». Тады тутэйшы калгас лічыўся ў раёне перадавіком па ўсіх паказчыках.

Узначальваў яго Аляксей Мікалаевіч Краснеўскі, мужчына сярэдніх гадоў, валявы, талковы арганізатар. Гэтыя навыкі ён вынес з армейскай службы ў гады вайны, калі не раз з дыверсійнымі групамі яго, камандзіра, закідвалі ў тыл ворага. Аляксей Мікалаевіч, між іншым, паведаў мне гісторыю, якая магла сваім трагічным канцом прывесці старшыню і за краты.
Было тое ў канцы 40-х гадоў, калі ў лясах за вёскай Макраны і далей, да Палесся, яшчэ хаваліся і выходзілі нярэдка ноччу да вёсак каб запасціся прадуктамі, «лесавікі». Даходзілі да старшыні чуткі ад сяльчанаў, што сярод іх маглі быць і былыя семежаўскія паліцаі, што неслі службу з немцамі ў тутэйшым гарнізоне. Таму Аляксей Мікалаевіч меў пры сабе пісталет — на ўсялякі выпадак.
Аднойчы вечарам ён засядзеўся ў канторы калгаса — рыхтаваў нейкую справаздачу. Было на вуліцы цёмна. Нечакана ўбачыў за вакном твар мужчыны, які склаўшы ладоні вакол вачэй, пазіраў на яго. Мільганула думка, што нехта з тых «лясавікоў» завітаў, таму правая рука імгненна выхапіла з кішэні пісталет і ён, не цэлячыся, стрэліў у акно. Дзынкнула разбітае шкло, мужчына той знік. Аляксей Мікалаевіч выйшаў у двор, падумаўшы, што назіральнік ляжыць пад вакном. Але яго і след прастыў, таму на душы старшыні наступіла нават нейкая палёгка — чалавек жывы. Падумаў, што падглядваць у вакно мог хтосьці з вясковых мужчынаў на падпітку, бо самагонку тады гнаў кожны, хто не ленаваўся.
Так яно і выйшла. У вёсцы ўтаіць нейкае здарэнне цяжка. Пазней да старшыні дайшла чутка, што назіральнікам быў ужо немалады мужчына, ахвочы да выпіўкі.
Закончыўшы той успамін, Аляксей Мікалаевіч, усміхнуўшыся, сказаў: «У страху вочы вялікія. Так выйшла і са мной, бо даходзілі чуткі і да Семежава пра забітых „лесавікамі“ у суседнім раёне кіраўнікоў калгасаў, сельскіх саветаў, міліцыянераў»…
Дарэчы, мужчына, у якога ён страляў, пры сустрэчы са старшынёй моўчкі праходзіў міма быццам нічога і не здарылася.
… Пра той стрэл у вакно ў сваім нарысе пра старшыню калгаса я не ўзгадваў, бо ведаў, што рэдактар выкрасліць.

Міхаіл Тычына

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии