Муза Івана Муравейкі

0

Старэйшы беларускі дзіцячы паэт Іван Муравейка падчас прэзентацыі сваіх новых кніг
Старэйшы беларускі дзіцячы паэт Іван Муравейка падчас прэзентацыі сваіх новых кніг

Урачыстай прэзентацыяй дзвюх новых кніг Івана Муравейкі адзначылі любанчане восемдзесят восьмы дзень нараджэння свайго знакамітага земляка — старэйшага айчыннага дзіцячага паэта, заслужанага дзеяча культуры рэспублікі. З гэтай нагоды Івана Андрэевіча ў тэлеграме павіншаваў старшыня Мінаблвыканкома Леанід Крупец.

Змест першай кнігі «Была вайна» склалі франтавыя запісы Івана Муравейкі, апавяданні і вершы, а таксама нарысы пра любанчан — Героя Савецкага Саюза Захара Лышчэню, кавалераў ордэнаў Славы трох ступеняў Карла Куркевіча і Міхаіла Рагоўскага. Асобны нарыс прысвечаны тым землякам, якія прымалі ўдзел у штурме Берліна.
У другой кнізе «Лебядзіны край», якую надрукавалі зусім нядаўна, сабраны творы, што славяць Любаншчыну і яе жыхароў. Адзін з іх, напрыклад, прысвечаны вядомаму Герою Сацыялістычнай працы Кузьме Шаплыку, які больш паўвека ўзначальваў праўленне калгаса «Чырвоная змена». У кнізе ёсць таксама нарысы пра тутэйшыя мясціны, пра раённую газету, дзе доўгі час Іван Андрэевіч працаваў адказным сакратаром.
Варта адзначыць, што абедзьве кнігі пісьменніка падрыхтавалі да выдання работнікі аддзела бібліятэчнага маркетынгу раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Надрукаваны ж творы Івана Муравейкі былі за кошт сродкаў, выдаткаваных з раённага бюджэту.
Дарэчы, і сёння ветэрана, нягледзячы на ўжо даволі паважаны ўзрост, не пакідае муза. Іван Андрэевіч зараз завяршае пісаць вершы для яшчэ аднаго свайго зборніка для дзяцей (некаторыя з тых вершаў ён прачытаў на прэзентацыі). Акрамя таго, хутка ў свет выйдзе кніга Муравейкі «Я — Іван з Беларусі», прысвечаная зноў жа падзеям Вялікай Айчыннай вайны, а таксама  кніга «Любасць», у якой будуць сабраны вершы, апавяданні, нарысы, літаратуразнаўчыя артыкулы, якія друкаваліся раней ў розных газетах і часопісах або наогул яшчэ не друкаваліся. Сярод такіх, напрыклад, паэма «Сказанне пра камбата», правобразам галоўнага героя якой быў камандзір батарэі гвардыі капітан Іосіф Абрамаў. Знойдзецца ў «Любасці» месца і песням, напісаным на творы Івана Андрэевіча як вядомымі беларускімі кампазітарамі Яўгенам Глебавым, Алегам Чыркуновым, так і самадзейнымі — Міхасём Жураўскім, Анатолем Кісялём, Мікалаем Шагавым і іншымі.
У адным з выдавецтваў зараз рыхтуецца да выхаду збор твораў любанскага дзіцячага паэта.

Реклама

Сяргей Любшын

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии