Любая жонка

0

Выдаўся ясны ціхі суботні дзянёк. У вёсцы вялікае свята — вяселле, якога тут даўно ўжо не спраўлялі. Некалькі сталоў расстаўлена літарай «П» у немаладым садку сярод кветак. Побач у двары ў засенні вішань размясціліся музыканты. Весела: гучаць песні, здравіцы, гамонкі і смех, грае музыка, моладзь танцуе, бабкі сядзяць на лаўцы і вядуць свае суды-перасуды.

Гуляю на вясковым вяселлі. Побач са мною сядзіць Мікалай, які, колькі помню, працуе механізатарам: то на трактары, то на камбайне, то слесарам. Яго жонка Валянціна непрыкметна штурхае пад бок і ціха, каб не чулі суседзі, гаворыць:
— Ты ж, Коля, норму ведай! Перапіць — справа немудрая. Лепш не дапіць яе, акаянную…
— Не вучы вучонага! Лёгка злуецца Мікалай. Быццам першы раз на гулянцы! Больш сваёй нормы не вазьму…
Насупраць нас сядзіць незнаёмая пара: мажная расфуфыраная жанчына з пярсцёнкамі на руках і мужчына, як мужчына, у шэрым касцюме, у белай нейлонавай кашулі з яркім шэрым гальштукам, ад чаго ягоны густы чуб здаецца яшчэ болей сівым.
Жанчына туды-сюды кідае пранізлівыя позіркі, адзін з іх прабягае па Мікалаю, потым па мне. І я заўважаю, якія прыгожыя ў яе вочы: карыя, вялікія, пад чорнымі дугамі броваў. Гэтыя вочы яшчэ не згубілі свайго блеску і гараць па-маладому прыцягальна і какетліва. Вось жанчына напоўніла мужаву чарку, чокнулася з ім, потым падклала таму ў талерку закусь: кавалак мяса, каўбасу і хрэну.
Я заўважыў, як яна наогул клапатліва завіхаецца каля мужа: у фужэр налье напітку, падчэпіць на відэлец самага лепшага баравічка, дацягнецца да далёкай талеркі, каб дастаць і выбраць лепшую курыную ножку ці вялікі і спелы памідор.
— Пі, закусвай, Іван Пятровіч, на тое і гэта вяселле, — гучна гаворыць жонка і гладзіць пухлай прыгожай ручкай мужава плячо.
— От, дзе любая жонка! — паварочваецца да сваёй палавіны Мікалай. — Бач, колькі ласкі і заботы ў яе да свайго чалавека!
Валянціна нічога не сказала ў адказ. Толькі злосна бровы нахмурыла.
Зноў пачаліся танцы. Вось першай на круг выскачыла тая ж незнаёмая жанчына. Яна вельмі лёгка і прыгожа пачала выбіваць «Барыню», шукаючы вачыма сабе напарніка. Можна было толькі дзівіцца, як могуць вытрымаць абцасы на яе модных чырвоных чаравічках.
— Што за жанчына? — спытаў я ў Валянціны.
— Ды гэта Рая — вярціхвостка. Прыехала ў нашу вёску гадоў пяць назад. Дзесьці кінула свайго мужа з дачкою. Вось да нас прыехала, гавораць, што гэта ўжо трэці муж… Цяпер і ходзіць лісою каля свайго Івана. Цьфу на яе!
Валянціна, узяўшы за руку Мікалая, павяла яго на круг…

Міхась Масюк

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии