Нас чакае «Ноч бібліятэкі»

0

Слуцкая цэнтральная раённая бібліятэка сёлета стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры» у намінацыі «За пошукавую і даследчую работу».

Як зазначыла Людміла Гурыновіч, дырэктар Слуцкай раённай сістэмы публічных бібліятэк, вынікам той пошукавай і даследчай работы стала больш дзесятка ўласных выданняў узначальваемай установы. Тэматыка іх самая розная. Напрыклад, у адным з тых выданняў - «Памяць не пакіне нашы сэрцы» — сабраны звесткі пра гісторыю Слуцкага канцлагера, існаваўшагага тут падчас акупацыі раёна нямецка-фашысцкімі войскамі. «Іх імёны заўсёды ў страі» апавядае пра землякоў, якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у далёкім Афганістане. Брашура «Слуцкія Афіны» прысвечана 390-годдзю старэйшай школы Беларусі - першай Слуцкай гімназіі, якую скончылі многія знакамітыя айчынныя пісьменнікі, мастакі, вучоныя і грамадскія дзеячы. Знакамітым землякам прысвечаны і шэраг іншых выданняў: «Птушка, якая першай да Кітая даляцела» — 200-годдзю з дня нараджэння мастака Кандрата Карсаліна, «Яго зорнае неба» — 160-годдзю з дня нараджэння астранома Карла Цэраскага, «Гісторыі сумленны знаўца» — 80-годдзю з дня нараджэння гісторыка Анатоля Грыцкевіча. Бібліятэка выпусціла брашуры пра аднаго з першых начальнікаў касмадрома Байканур генерала-палкоўніка Канстанціна Герчыка, пісьменніка Адама Плуга і іншых вядомых людзей, якіх дала свету Случчына.
— Усё гэта — дадае Людміла Гурыновіч, — вынік карпатлівай працы нашых спецыялістаў, што даследавалі, прааналізавалі сотні крыніц інфармацыі. Першае месца ў конкурсе — высокая і, на мой погляд, заслужанная адзнака нашай рабоце.
Слуцкія бібліятэкары працягваюць пошукавую дзейнасць. Яна вядзецца ў некалькіх напрамках — «Случчына літаратурная», «Случчына экалагічная», «Мастакі Случчыны», «Гісторыя ў асобах» і іншых. Установай ужо рыхтуюцца новыя ўласныя выданні, якія ўбачаць свет у будучым годзе.
— А яшчэ ў будучым годзе, — дзеліцца планамі Людміла Гурыновіч, — мы намецілі правесці «Ноч бібліятэкі». Такія мерапрыемствы ў другіх краінах карыстаюцца даволі вялікай папулярнасцю. Вось і мы вырашылі паспрабаваць. Што прапануем чытачам у тую ноч — пакуль сакрэт. Але, думаю, цікава будзе ўсім.

Сяргей Любшын

Реклама

Гэта толькі невялікая падборка ўласных выданняў Слуцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі
Гэта толькі невялікая падборка ўласных выданняў Слуцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии