Мы жывём гісторыяй

0

За сваё жыццё мною зроблена безліч фотаздымкаў. У аб’ектыў пападалі і суседзі, і перадавікі працы, і грамадска-палітычныя дзеячы. Нядаўна ў рукі папаў здымак, які быў зроблены на могліцах падчас наведвання Паўлам Андрэевічам Юркевічам магілы свайго равесніка і добрага суседа Анатолія Ігнатавіча Дубоўскага. Фатаграфія і вярнула мяне да ўспамін аб гэтых цікавых людзях, якія разам перажылі вайну і амаль адначасова адыйшлі ў другі свет, пахаваны таксама побач.

Анатолій Ігнатавіч нарадзіўся 19 жніўня 1922 года ў вёсцы Цясова, скончыў сем класаў мясцовай школы. У чэрвені 1941 года, за некалькі дзён да пачатку вайны, паехаў вучыцца ў Тамбоўскае кавалерыйскае вучылішча, якое скончыў у снежні 1942 года. Яго першае баявое хрышчэнне адбылося на Сталінградскім фронце, дзе быў паранены. Стаў камандзірам узвода. Прымаў удзел у вызваленні Слуцка. У гэтых баях яго эскадрон страціў 28 байцоў. Пасля ранення пад Баранавічамі доўга лячыўся ў Слуцкім шпіталі. Вайну скончыў у 1945 годзе ў Празе. Дэмабілізаваўся ў 1946 годзе.
Спачатку быў старшынём Пагосцкага сельсавета, а з 1950 года — старшыня калгаса імя Чкалава ў роднай вёсцы Цясова. З пасады старшыні ў 1974 годзе абраны першым сакратаром Салігорскага райкама партыі. Жыў пастаянна ў сваім доме ў Пагосце, памёр 2 мая 1996 года.
Павел Андрэевіч Юркевіч нарадзіўся ў 1921 годзе ў вёсцы Мікалаеўка Новасібірскай вобласці. У Чырвоную Армію прызваны на два месяцы раней за беларускага равесніка. Служыў у Беларусі пад горадам Ліда стралком-танкістам. На другі дзень вайны прыняў першы бой. 6 ліпеня ў баях пры абароне Мінска цяжка ранены трапіў у палон. 9 красавіка 1945 года амерыканцы вызвалілі з нямецкага палону, пазней перадалі ў Савецкі Саюз. Тут яго, як і тысячы другіх, адправілі ў лагер. Працаваў на лесанарыхтоўках, на лесазаводах. Быў начальнікам лесацэха на Паўночным Урале. У Пагост прыехаў у 1980 годзе на радзіму жонкі. Пазней быў прызнаны ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны.
Я добра ведаў іх. Анатолій Ігнатавіч быў цалкам захоплены выкананнем партыйных праграм на калгаснай ніве. Павел Андрэевіч таксама выконваў планы партыі, хоць быў беспартыйным: трымаў агарод, карміў вепручкоў і здаваў дзяржаве, першым у мястэчку пабудаваў цяпліцу пад памідоры. Ён з многім у нашым жыцці быў не згодзен. Мяне дзівіла, калі ад яго чуў не раз пра Анатолія Ігнатавіча: «Працаздольны, поўны энергіі, але вынік у гэтых абставінах усё ж такі не можа адпавядаць намаганням. Сам бачыш, вёска на вачах гібее. Прыйдзе час, і ўсе намаганні, на вялікі жаль, могуць прахам пайсці».
Я думаў тады, што чалавек пакрыўджаны лёсам, таму яго крыўда выліваецца на таго, хто, як казалі людзі, купаўся ў грамадскай і дзяржаўнай славе, будучы дэпутатам Вярхоўнага Савета, Героям Сацыялістычнай працы.
Разглядаючы здымак, задумаўся, наколькі ж адзін з іх быў прадбачлівым: сёння калгаса імя Чкалава не існуе, як не існуе і Пагосцкага сельсавета…
«Тым, хто памёр, нельга ні зайздросціць, ні злавацца на іх. Гісторыя — гэта не мінулае, мы жывём гісторыяй. Гісторыя — гэта сёння і заўтра. Правільнае дабро — калі перад будучым не сорамна». Прачытаў гэта ў аднаго беларускага пісьменніка, нашага земляка. Прачытаў і чамусьці паўстала пытанне: «А ці не паўтараюцца памылкі мінулага на вясковай ніве?»

Уладзімір Амяльчэня

Реклама

Павел Андрэевіч Юркевіч завітаў адведаць Анатолія Ігнатавіча Дубоўскага, з якім у Пагосце былі добрымі суседзямі, хоць і мелі розныя погляды на жыццё
Павел Андрэевіч Юркевіч завітаў адведаць Анатолія Ігнатавіча Дубоўскага, з якім у Пагосце былі добрымі суседзямі, хоць і мелі розныя погляды на жыццё

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии