Дабрыня і міласэрнасць. Пісьмо пацыента хірургічнага аддзялення Слуцкай ЦРБ

0

Дзмітрый Царыкаў, загадчык 1-га хірургічнага аддзялення Слуцкай бальніцы, падчас працы з навучэнцамі Слуцкага медкалледжа
Дзмітрый Царыкаў, загадчык 1-га хірургічнага аддзялення Слуцкай бальніцы, падчас працы з навучэнцамі Слуцкага медкалледжа

Дзесяць дзён у бальнічнай палаце з чыстай і адпрасаванай пасцельнай бялізнай. Праўда, без радыёкропкі і тэлевізара ў аддзяленні, што спачатку засмуціла, бо ўсе мы дома павязаны з імі. Пазней аднак зразумеў, што гэтыя атрыбуты цывілізацыі залішнія там, дзе лечаць хворых, іншым часам пасля складаных аперацый. Гутарка ідзе пра 1-ае хірургічнае аддзяленне, куды я трапіў па накіраванню ўрача з дыягназам сутаргі ног, як вынік парушэння іх кровазабеспячэння ад звужэння сасудаў.

Ужо ў першы ранішні абход палатаў, якіх тут 21, парадавала тое, што яго ў суправаджэнні медыцынскіх сясцёр супольна вялі абаяльны загадчык аддзялення Дзмітрый Вячаслававіч Царыкаў і такія ж уважлівыя, не навічкі ў сваёй справе, урачы Сяргей Мікалаевіч Місоўскі, Вячаслаў Міхайлавіч П’янін і любасная ва ўсіх адносінах Марына Аляксандраўна Драбуцька. Тактоўна распытвалі новапрыбыўшых хворых пра іх балячкі, давалі адпаведныя рэкамендацыі медсёстрам. Усё як быццам звычайнае, не імі заведзенае. Але праз пару дзён такіх абходаў запамятавалася адна, лічу, немалаважная дэталь: пасля размоў з урачамі на душы адчувалася палёгка, цяплынь. А гэта, на маю думку, даволі высокі паказчык не толькі прафесійнасці, а і чалавечнасці, дабрыні, міласэрнасці - якасці, якімі, як вядома, у свой час валодаў класік рускай літаратуры, урач па прафесіі Антон Паўлавіч Чэхаў.
Мяркую, многія ўсведамляюць, што праца хірургаў у бальніцы — не толькі абход палатаў, выслухванне хворых, сярод якіх ёсць і з вельмі цяжкімі балячкамі. Урачы аддзялення праводзяць хірургічныя аперацыі, якія нярэдка працягваюцца тры-чатыры гадзіны. А падвернецца выпадак, калі трэба ратаваць чалавека, то хірургі становяцца да аперацыйнага стала ў другі раз за дзень — нялёгкая прафесія абавязвае.
Што яшчэ парадавала тут — гэта маладзёжны па ўзросту штат медыцынскіх сясцёр на абодвух пастах. Адчуваецца ў іх рабоце сталы прафесіяналізм, гатоўнасць па першаму выкліку аказаць дапамогу хвораму. Асабліва ўвішныя працэдурныя медсёстры, якія ставяць хворым капельніцы, бяруць аналіз крыві, застаючыся нават у прысутнасці нервовых, стомленых хваробамі пацыентаў цярплівымі і ветлівымі. Санітаркі ў гэтым плане (мокрую ўборку ў палатах робяць двойчы на дзень) нічым не ўступаюць медсёстрам. Шкада, праца іх аплочваецца не надта высока.
Перед выпіскай, пасля праходжання курсу лячэння, хацеў напісаць добры водгук у кнізе прапаноў, але мне сказалі, што яна знаходзіцца ў прыёмным пакоі галоўнага ўрача райбальніцы. Мне ж са сваімі клумкамі і сумкамі ў руках заходзіць туды не выпала. Таму рашыў выказаць свае ўражанні і назіранні на старонках «Кур'ера».

Реклама

Міхаіл Тычына, ветэран Вялікай Айчыннай вайны

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии