Родны кут паклікаў мінчука стаць аўчаром-фермерам

0

У Фёдара Фёдаравіча Балвановіча ёсць у сталіцы, у мікрараёне Шабаны, трохпакаёвая кватэра, а непадалёку ад горада і дача з ладным домікам, з цяпліцай. Што яшчэ трэба ў жыцці 66-гадоваму пенсіянеру, калі побач яго равесніца жонка, а тры дарослыя сыны сталі прадпрымальнікамі і нядрэнна вядуць свае справы.

Але нярэдка абставіны жыццёвыя складваюцца так, што чалавека цягне той родны кут, дзе нарадзіўся і адкуль пайшоў у сваё «плаванне». Так склалася і ў Фёдара Фёдаравіча пасля смерці бацькі ў 2000 годзе, было таму без малога дзевяноста. Маці, Любоў Фёдараўна, якой споўнілася восемдзесят гадкоў, не прасіла ў сына прытулку ў горадзе, а па-ранейшаму трымала на падворку сем авечак, курэй, вырошчвала на градках гародніну. Але праз сем гадоў пасля смерці мужа яна па старэчай неасцярожнасці зімой паслізнулася ў двары і ўпала, а ўстаць не было сілы, ледзь дапаўзла да адчыненых у сенцы дзвярэй. Адкрыць дзверы ў хату ўжо не змагла ад болю. За ноч адмарозіла ногі, у бальніцы параілі сыну рабіць ёй ампутацыю, бо ўсчалася гангрэна. Бабуля не пагадзілася. Куды ёй пад нож у такім узросце? Хутка памерла, пакінуўшы не стары яшчэ дом, пладовы яблынявы сад, шасцёра авечак і барана.
— І пацягнула мяне душа да роднага кутка, далей ад гарадскога шуму і мітусні, — распавядае Фёдар Фёдаравіч. — Параіўся з жонкай, якая па-ранейшаму працуе ў дзіцячым садку ў ясельнай групе выхавальніцай, прарабіла там трыццаць шэсць гадоў. Яна адобрыла маю задумку пасяліцца ў вёсцы, дзе кожная сцяжынка адклалася ў памяці.

— А кім вы працавалі да пенсіі?
— Дваццаць гадоў рабіў токарам на заводзе, дванаццаць — прыёмшчыкам жывёлы на мясакамбінаце, потым пайшоў у ахову на фабрыку «Камунарка», два гады ў тым жа чыне ў «Беллесбуме». Пенсію вырабіў невялікую — 420 000 рублёў. Але не ў грошах прычына майго выбару — захацелася пагаспадарыць на бацькавай сядзібе, у цішы сваёй вёскі, якую так добра распісала ў кнізе «Расці, Ганька» наша зямлячка Алена Васілевіч.
Спярша пафарбаваў стол, вокны, навёў парадак у гаспадарчых пабудовах пад авечы гурт. Ён за два гады майго знаходжання тут вырас да 25 галоў, уключаючы трох бараноў, якіх летам трымаю асобна на ланцугах. Сёлета пяць галоў прадаў у суседнія вёскі. Нават адзін мінчук купіў авечку.

Реклама

— Але ж на такі статак патрэбна шмат кармоў. Хіба з адной сядзібы ў трыццаць пяць сотак іх нарыхтуеш?
— Калі прыкласці рукі, то ўсё можна. Частку сядзібы засеяў травою пад выпас, рэшту засяваю кармавымі буракамі, бульбай.
А сена нарыхтоўваю летам касою, абкошваю ўсе ўзмежкі дачных участкаў, дзе хапае і канюшыны, і іншых патрэбных для корму траў. Людзі дзякуюць мне за такія паслугі, бо гэта пераважна гарадскія дачнікі-пенсіянеры, мала хто з іх умее набіць касу для работы. У мяне ж яна пад рукамі ходзіць сапраўдна. Назапасіў сена на ўсю зімоўку.
— А якая аддача ад аўчарні ў плане грашовым? Трэба ж здаваць недзе воўну, скуры ад зарэзаных жывёлаў ды мяса.
— Калі шчыра, то невялікая. Воўну нідзе ў горадзе не прымаюць, раілі мне везці ў горад Ракаў, але ж выдаткі на дарогу ад выручкі за яе не акупяцца. Нікому не патрэбны і скуры авечыя, выкідаю іх на звалку. Воўну, паверце, спальваю.
Калісьці, да калгасаў, у Ліпніках была прыватная воўначоска, людзі прывозілі туды воўну з многіх навакольных вёсак, бо ў модзе былі тады тканіны на кроснах з той прачэсанай воўны. Але потым уладальніка воўначоскі арыштавалі і выслалі як «неблаганадзейны элемент». Ад той воўначоскі і следу не засталося.

— Са збытам авец на мяса праблем, мабыць, няма, бо ўсё ж бараніна цэніцца па-ранейшаму не горш за ялавічыну?
— Ёсць і тут праблемы, бо на Слуцкім мясакамбінаце авечак на забой не прымаюць. Частку мяса забіраюць сыны-мінчукі, у іх ёсць транспарт. Частку забірае жонка, а рэшту трымаю ў сваіх двух халадзільніках з камерамі для замарозкі. Сам люблю смажаную ў печы бараніну.

- У садзе вашым, бачу, яблыні добра ўрадзілі, аж галлё гнецца. Куды збываеце іх пакуль не ўдарылі марозы?
— У прыёмным пункце райспажыўсаюзу за мех штрыфелю ці антонаўкі плоцяць тры тысячы рублёў, няма выгады здаваць. То прыязджае сын, збіраем іх, загружаем у машыну і вязём на мінскі рынак, там яны на расхоп ідуць.

— Вы не шкадуеце, што пакінулі сталіцу, пасяліліся ў вёсцы, дзе са старажыхароў засталася адна сям’я пенсіянераў з двума дарослымі сынамі, астатнія — гарадскія дачнікі, якія толькі летуюць тут?
— Ніколькі не шкадую. У мяне з усімі жыхарамі наладзіліся добрыя адносіны, каму трэба — падсаблю ім, яны мяне праведаюць. А цішыня, чыстае паветра, густыя шаты векавых ліпаў абапал вузкай вуліцы! Усё гэта дорыць радасць, сілу духу. Калі жонку адпраўляюся праведаць, то суседка-дачніца даглядае мой авечы гурт.
…Назад, да аўтобуснага прыпынку ў маёй вёсцы Боркі, на драбінках, запрэжаных кабылкай чорнай масці, мяне давёз старажыхар Ліпнікаў Дзмітрый Заброцкі. Што мяне здзівіла — дык тое, што кабылка да гладкага асфальту не кіравалася, трусіла ўзбоч па травяным покрыве, каб не збіць непадкованых капытаў.

Міхаіл Тычына

Фёдар Фёдаравіч Балвановіч: “І пацягнула мяне душа да роднага кутка, далей ад гарадскога шуму і мітусні”
Фёдар Фёдаравіч Балвановіч: «І пацягнула мяне душа да роднага кутка, далей ад гарадскога шуму і мітусні»

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии