Настаўніца і вучань: сустрэча праз гады

0

Верасень адыходзіў. Адэля Казіміраўна разумела, што сённяшні сонечны дзень, магчыма, апошні ў гэтай восені, таму спяшалася прыбраць на агародзе.

Агарод свой яна засявала толькі на палову ўжо не першы год, але ў яе ўзросце і гэты кавалак зямлі даваўся цяжка. Не сеяць зусім яна не магла, прызвычаілася корпацца на агародзе з ранку да вечара. Свая бульбачка, свае памідоры і агурочкі - за гэтым не наездзішся ў горад, а чакаць, каб нехта прынёс, хоць і за яе грошы, яна не любіла.
Толькі вось знайсці чалавека з канём, каб узараць, станавілася ўсё цяжэй, бо калгас далучылі да суседняга. Усю жыўнасць перавялі за дзесятак кіламетраў. На працягу яе жыцця згінула вёска. Калі яе прыслалі пасля інстытута маладой настаўніцай, у школе было болей паўтысячы школьнікаў, школа вучыла ў дзве змены. А цяпер у вёсцы засталіся адны пенсіянеры.
Грукат калёс звярнуў яе ўвагу на вуліцу, па якой да яе набліжаўся на возе малады дзядзюк. Гнядая кабылка часта фыркала, быццам звала з падвор’еў гаспадароў: «Каму яшчэ ўзараць?» Шчаслівы момант, які трэба не прапусціць.
Пакуль хлопец араў, Адэля Казіміраўна рыхтавала на стол і мучылася ў здагадках, ці ставіць гарэлку. Калі яна выйшла, араты адбіваў папярочкі. Вокам кінула па ўзаранаму і прыемна адзначыла: араты вопытны.
Паставіць пляшку ўсё ж давялося. Калі хлапец няспешна перакусіў, гаспадыня пацікавілася: «Ты чый будзеш?».
— А хіба мяне не пазналі? — у адказ запытаўся дзядзюк і дабавіў: — Малодшы Янчыкаў з Залесся, той самы, за якім вы беглі са школы да самай хаты. Шукалі мяне ў двары, але не знайшлі. Не помніце?
Адэля Казіміраўна ўспомніла і памаўчала. Дорага абыйшоўся гэты вучань яе здароўю. Калі заходзіла ў клас на пачатку ўрока, ён дэманстрацыйна пакідаў клас з партфелем у руках.
— Скажы, чаму ты не хацеў вучыцца і ўцякаў са школы?
— Вучыцца мо і хацеў, але вельмі на вас быў злосны.
— Гэта за што?
— Помніце, старэйшы брат на перапынку залез на бярозу, а вы расказалі бацьку. Той моцна яго набіў. Вось я вас і не ўзлюбіў. Мне хацелася рабіць вам на злосць. Дурны быў. Але, прабачце, тады гаварыць бацьку пра старэйшага не трэба было. Не першы раз ён лазіў на дрэва, нічога з ім не здаралася. Злез бы ён з той бярозы і нічога не было б. А тут ні за што па вашай скарзе брат пацярпеў, бо п’яны бацька біў моцна.
Наступіла маўчане. Разчырванелы араты глядзеў у твар Адэлі Казіміраўны. Тая не ведала, што адказаць. Яна помніла свой страх, каб на яе дзяжурстве нічога не здарылася, таму расказала бацьку.
Араты ўзяўся за пляшку і напоўніў стаканчык.
— Старэйшы чым займаецца і дзе жыве? — пацікавілася Адэля Казіміраўна.
— У Канадзе, выкладае фізіку ва універсітэце. Ён абагнаў вас у фізіцы. Нядаўна прылятаў, быў дома, успаміналі вас. А я нікуды не хачу. Звалі мяне ў Мінск — адмовіўся. Жыву ў бацькавай хаце адзін, з конікам неразлучныя. Вось вы вучылі, а вучоныя ўсе раз’ехаліся. Хутка непатрэбнымі стануць агароды, не будзе каму іх глядзець. Тады і я са сваёю кабылкаю стану непатрэбным. Але ў калгас не пайду. Дык, за ваша здароўе.
Араты падняў стаканчык і выпіў. Адэля Казіміраўна глядзела на аратага і старалася ўспомніць яго імя.
— Заставайцеся здаровы, я паеду. Грошай не трэба, вы заплацілі.
Араты ад’язджаў, а Адэля Казіміраўна глядзела ў след ды так і не прыпомніла, як яго звалі. Столькі вучняў прайшло за жыццё, усіх імён не прыпомніш, а спытацца чамусьці не адважылася.

Уладзімір Амяльчэня

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии