Мясцовыя знахаркі

0

Колькі загублена душ? Колькі скалечана лёсаў? І ўсё праз яго, праз «зялёнага аспіда». Якімі толькі сродкамі не змагаюцца з гэтаю хваробаю.

Вось і ў адной сям'і пчаў піць гаспадар. У мужыка былі залатыя рукі. За што не возьмецца, усё мог зрабіць. Але палюбіў «зялёную пачвару» і прапаў чалавек. А калісьці з жонкай першай парай былі на сяле, ды і жылі амаль што чвэрць веку душа ў душу.
Пасля чарговай п’янкі Алесь наледзьве прыпоўз, не здолеў нават боты зняць, так і заваліўся спаць за печчу на палацях.
Раніцаю Алесь расплюшчыў вочы. У галаве б’юць у «бубны» шэршні, у роце брыдка. І вось праз гэты вэрхал пачуў размову жонкі і кумы Марылі:
— Кумка дарагая, што рабіць, зусім прападае Алесь з-за гэтай гарэлкі.
— Ведаеш, Аленка, у маёй пляменніцы мужык таксама піў моцна, але яна яго вылячыла.
Алесь, натапырыўшы вушы, ціха ляжаў у сваім сховішчы ды слухаў размову жанчын.
— Вось табе рэцэпт, — працягвала кума. — Трэба ўзяць лыжку сабачай крыві і лыжку крыві чорнага пеўня, змяшаць ды ўліць у пляшку з віном і перад абедам даць выпівоху — усё як рукой здыме.
— Пабойся Бога, кума, — пачуў Алесь жончын голас, — дзе ж я гэтай сабачай крыві вазьму?
— Ну, чорны певень у мяне ёсць, не пашкадую для такой справы, — сказала кума. — А за сабачай крывёю схадзі да Сцёпкі «жывадзёра», ён жа з сабачых шкур шапкі шые, няўжо пашкадуе.
Так і пачалі дзейнічаць. Алесь падцікаваў, дзе жонка схавала «лекі» ды памяняў пляшкі, а сам пайшоў на агарод бульбу капаць. Жонка завіхалася ля печы. Наварыла капусты, засмажыла скваркамі, нарабіла дранікаў са смятанай ды заве Алеся да стала. Заве так ласкава:
— Алеська, мо ў цябе галава баліць пасля ўчарашняга, дык у мяне пляшачка ёсць, можа табе палепшае.
— Ах, каб на цябе, — падумаў Алесь, — бач як запела.
А тут і кума нарысавалася, паглядзець, як будзе дзейнічаць яе рэцэпт.
Алесь тым часам наліў сабе стакан віна, выпіў, смачна крэкнуўшы, заеў капустай. Кабеты прыціхлі, седзячы на лаўцы ля печы. Выпіўшы другі стакан «лекаў», Алесь узяўся за дранікі. Раптам, адкінуўшы відэлец, рыкнуў па-сабачы, пачаў хапаць бліны з талеркі ротам. З’еўшы такім чынам некалькі дранікаў, Алесь закукарэкаў як певень, а затым ускочыў на стол, забрахаў як сабака.
Кабеты паціху ўсталі з лавы і пачалі прасоўвацца да дзвярэй. Алесь яшчэ мацней загаўкаў на жанчын. Алена з Марыляй кінуліся ў дзверы ды куляй выляцелі з хаты.
Алесь, пасмейваючыся, зноў сеў за стол, дапіў «лекі», заеў дранікамі ды пайшоў адпачыць у свой закуток за печкай.
У тую ноч Алена начавала ў кумы, бо тая, уцякаючы з хаты, зачапілася за парог і паляцела з ганка, ды зламала руку. Два месяцы кума хадзіла з гіпсам на руцэ.
Пасля гэтага выпадка Алена болей не сварылася на Алеся, ды ён і сам зразумеў, што дапёк жонку сваімі п’янкамі, перастаў моцна піць. Прыйшлося Алесю цяпер працаваць на дзве гаспадаркі. У Марылі мужык памёр, а ў самой была зломана рука, праз яго, Алесеву, выхадку.
Вось так і скончылася гэта гісторыя з «лекамі».

Мікола Корань

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии