Чым слаўны Слуцк

0

Хутчэй за ўсё, што на вынесенае ў загаловак пытанне адкажа кожны жыхар горада, і ў адказчыкаў будзе сваё меркаванне аб слуцкіх славутасцях. Аднак хацелася б задаць і яшчэ адно пытанне наконт таго, што са слаўнага мінулага магло б быць увасобленным у адпаведных помніках.

Нядаўна падчас свайго першага візіту ў Беларусь патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл у якасці каштоўнага падарунка атрымаў «Слуцкае Евангелле» — факсімільнае выданне рукапіснай кнігі ХVІ стагоддзя. З гэтай нагоды адзначым, што рукапісныя кнігі на нашых землях ствараліся і ў часы больш раннія, напрыклад, «Полацкае Евангелле» адносіцца да ХІІ стагоддзя, «Жыровіцкае Евангелле» — да ХV. Аднак менавіта «Слуцае Евангелле», якое з’явілася калі кнігі ўжо выдаваліся і друкаваным спосабам, у наш час стала нацыянальным гістарычным рарытэтам, пастаўлена ў адзін шэраг з такімі вядомымі святынямі, як Крыж Ефрасінні Полацкай.
Звярнем увагу на тую акалічнасць, што гэта адзін з цэлага шэрагу прыкладаў, калі значная або ўнікальная з’ява ў гісторыі і культуры краіны асацыіруецца з нашым горадам. Тут і знакамітыя Слуцкія паясы, якія сталі візітоўнай карткай беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, і гонар колішняй мясцовай селекцыі - Слуцкія бэры, і прыклад бесперапыннага на працягу стагоддзяў служэння педагагічнай справе — Слуцкая гімназія, і ўзор найбольш арганізаванай у 1920 годзе барацьбы за незалежнасць краіны — Слуцкае паўстанне.
У гэтым шэрагу і старонкі з царкоўнай гісторыі, калі, пачынаючы з ХV стагоддзя, Случчына прадстаўляла сабою найбольш значны асяродак праваслаўя ў Вялікім Княстве Літоўскім, а напрыканцы ХVІІІ стагоддзя Слуцк стаў месцам заснавання Мінскай праваслаўнай епархіі, што адбілася і на цяперашнім тытуле кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта. У ліку беларускіх праваслаўных святых — святая княгіня Сафія Слуцкая.
Можна прыгадаць і іншыя факты, што ілюстрыруюць значнасць звязаных з нашым горадам падзей. У 1678 годзе ў Слуцкай радзівілаўскай друкарні выйшла кніга «Манархія Турэцкая» — першае ў нашай краіне не царкоўнае, а свецкае друкаванае выданне, якое між іншым, стала значнай з’явай і ў справе айчыннага кнігавыдавецтва, і ў справе мастацкага афармлення кніжнай прадукцыі, і значнай старонкай беларускага мастацтва ўвогуле.
Такім чынам, можна не намагацца пераконваць уяўляемага апанента ў тым, што ўнёсак Слуцка, а дакладней, яго жыхароў - працаўнікоў і стваральнікаў - у агульную скарбонку нашай нацыянальнай культуры і гісторыі відавочны. Аднак гэта неаспрэчная для дасведчаных людзей ісціна ў самім Слуцку сёння фактычна не мае дакладна адчувальных формаў, не ўплывае на свядомасць яго жыхароў у звычайным паўсядзённым жыцці.

У нашай краіне зроблены і ў чэрвені гэтага года апублікаваны «Зводны план устаноўкі манументальных збудаванняў у Рэспубліцы Беларусь у 2009 — 2012 гады.» Тут прыводзіцца пералік помнікаў, якія могуць быць устаноўлены на тэрыторыі Беларусі. Не абмінуты ўвагай і наш край, у тым ліку Капыль, Любань, Старобін. У Слуцку мяркуецца адкрыць помнік выхаванцу Слуцкай гімназіі, вядомаму беларускаму літаратару, асветніку і кнігавыдаўцу, стваральніку кірылічнага грамадзянскага шрыфта Іллю Капіевічу (1651 — 1714). Аддаючы пашану нашаму земляку, трэба сказаць, што гэтага для Слуцка, несумненна, мала.
У рэспубліканскай прэсе на прапанаваны «Зводны план» з’явіліся водгукі дзеячоў культуры, разважанні якіх закранаюць і тэму Слуцка. Пісьменнік, гісторык і журналіст Анатоль Валахановіч прапануе для Слуцка ў спіс згаданага плана дадаць помнік Слуцкім паясам, а таксама адкрыць помнік беларускаму пісьменніку, удзельніку вызвольнага паўстання 1863 года Альгерду Абуховічу (1840 — 1898), значная частка свядомага жыцця якога прайшла ў Слуцку і які пахаваны на слуцкіх могілках. Археолаг Лявон Калядзінскі лічыць, што ў Слуцку павінны з’явіцца помнікі княгіні Анастасіі Слуцкай і князю Багуславу Радзівілу. Гісторык Анатоль Грыцкевіч больш схільны да таго, каб у Слуцку ў помніках увасобіць памяць пра знакамітых дзеячоў мастацтва і культуры. Цікава было б даведацца і пра меркаванні саміх жыхароў нашага горада па згаданаму пытанню.

Реклама

Мы ж зноў звернемся да «Слуцкага Евангелля» або, як яго яшчэ называюць, «Евангелля Юрыя Алелькавіча». Другое названне кнігі звязана з тым, што стваральнікам знакамітай кнігі быў слуцкі князь. Гэта адзіны ў гісторыі Беларусі, а магчыма і ўвогуле ў гісторыі рукапіснай кнігі, прыклад, калі ў якасці перапісчыка выступіў адукаваны магнат, бо, як правіла, такой цяжкай і маруднай, але адказнай справай займаліся манахі. Сёлета ў нас, дарэчы, ёсць яшчэ адна нагода ўспомніць знакамітага слуцкага князя: 17 жніўня споўнілася 450 гадоў з дня нараджэння Юрыя ІІІ Юр’евіча Алелькавіча (17.08.1559 — 6.05. 1586). У адрозненне ад сваіх знакамітых продкаў - палітычных дзеячоў і ваяроў, князь Юрый памяць аб сабе пакінуў на ніве культуры. Пахаваны ён быў на тэрыторыі Верхняга замка ў Успенскім саборы.

Цяпер на Замкавай горцы не засталося і слядоў ад колішніх непрыступных сцен і вежаў, ні ад княжацкага палаца, ні ад месца, дзе стаяў сабор. Тэрыторыя старажытнага дзядзінца занята сучаснымі пабудовамі. Адзіным напамінам аб гэтым гістарычным месцы з’яўляецца выбітая на пастаўленым тут камені дата — 1116. Чалавеку недасведчанаму яна не скажа нічога. А калі і ведаць, што гэта дата азначае пачатак афіцыйнага адліку гісторыі горада, то не пакідае супярэчлівае да яе стаўленне, бо на самой справе яна прыходзіцца на не самую зайздросную падзею — спаленне Слуцка мінскім князем Глебам.
На думку некаторых аматараў слуцкай мінуўшчыны, больш апраўданым было б усталяванне на Замкавай горцы помніка, хаця б у выглядзе падобнага валуна з мемарыяльнай дошкай, якая магла б утрымліваць тэкст са звесткамі аб тым, што гэта за месца, з пералікам абарончых збудаванняў, палацаў, храмаў, што ў свой час тут стаялі, з імёнамі знакамітых князёў, што тут жылі або трымалі абарону ад ворагаў. Такі помнік стаў бы своеасаблівым кароткім летапісам самага старажытнага месца нашага горада. Ён надаў бы значна большую павагу да гістарычнай мясціны і звярнуў бы ўвагу на сябе кожнага, хто аказаўся б тут упершыню.

Ігар Ціткоўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии