Шануйце матуль сваіх

0

З маленства яны нас да сэрца гарнулі,
Пяшчотныя, добрыя рукі матулі,
Што з ранку працуюць —
Няспынна і лоўка…

В. Вярба

Чатырнаццаты раз мы адзначаем 14 кастрычніка Дзень маці. Кожнаму прыходзіць на памяць штосьці знаёмае і дарагое. Мама… Колькі пяшчотнасці ў гэтых самых дарагіх для нас словах. І гучаць яны музыкай жыцця і самаахвярнасці да скону.
Людзі, ні на секунду не забывайце, хто даў вам жыццё, хто гатоў быў на самыя неверагодныя ахвяры, саграваў у холад, аддаваў апошні кавалак хлеба, закрываў грудзьмі, калі напаткае небяспека.
Мама, маці.! Яна была нам ахова і сіла, вялікая помач у бедах. Яна ўсё жыццё сваё нас мілуе, дагаджае нам і плаціць за гэта здароў'ем і трывогамі. Яна славіць учынкі, ухваляе добрыя жаданні. Ачніцеся людзі, маладыя і пасівелыя дарослыя, і падзякуйце, што ўбачылі новы дзень, выйшлі ў людзі, знайшлі сваю сцяжынку ў цяжкім жыцці. Ачніцеся, людзі сытыя і заможныя, і перад тым, як сесці за стол, прыгадайце сваю матулю, а калі яна побач з вамі - усміхніцеся ёй, моцна-моцна пацалуйце яе, скажыце добрыя словы. А прасіць выбачэння ля курганка-магілы — вельмі запозненая і нікому непатрэбная цяпер ваша ласка.
Ніколі не забывайце, хто беражліва насіў вас пад сваім сэрцам, хто ў муках нараджаў вас, хто вёў вас за кволую ручку па жыцці.
Лепш за маці ніхто не ўмее скласці і праспяваць калханку, распавядаць цікавыя паданні, легенды, казкі пра родную зямлю Бацькаўшчыны. А якія смачныя пернікі, пірагі гатавалі маці!
Праз многія гады гучаць у маім сэрцы: «Няма лепшай хаткі, як у роднай маткі; няма той крамы, каб прадавалі мамы; усяго за грошы купіш, апроч бацькі і маткі; ніхто так дзецям не спагадае, як мамка родная».
Так, яшчэ ў дзяцінстве, я прайшоў добрую матчыну школу патрыятызму і дабраты. Вось і была мне свая хатка, як родная матка…
Імкліва бягуць гады. Але колькі б часу не прайшло, заўсёды помніцца тое басаногае сонечнае маленства, гады юнацтва і сталення.
Зараз ужо даросламу чалавеку-пенсіянеру ўспамінаецца май. Вакол маладая зеляніна. Распускаецца лес, зацвілі ласкавыя коцікі на лазовых кустах, высыпае на лужку кволая трава, устае над усім гэтым шчырае веснавое сонца. Усё выглядае па-маладому вясёлым і светлым. У неглыбокім лужку вада праграецца да самага дна. Маці дастане з-за абраза сухі вярбовы дубчык і будзе лёгенька так пасцёбваць ім па баках каровы, нешта сабе нашэптваць, прыгаворваць… Каровы разыдуцца па лужку, будуць скубці мягкую травіцу, а маці з жанчынамі адхіляцца ад іх, і тады народзіцца песня. Светлая, трапяткая, як гэты веснавы дзень, як гэта зялёная маладая зямля. Праз гады я чую яе, тую песню, і мне кожны раз здаецца, што гэта спявае сама зямля. Праз гады бачу гурт кароў, вясковых жанчын…
Давайце, людзі, ачысцімся перад Мамамі. Папросім выбачэння ў тых, каму якую крыўду ўчынілі. Адначасова і самі даруем усім. Знаю, амаль кожны зможа згадаць сваю бабулю, матулю. Яны вечныя на гэтай зямлі, як вечны наш народ, як вечная яго душа і роднае слова.
…Матуліны рукі -
Адзіныя ў свеце.
Шануйце, любіце
Заўсёды іх, дзеці.
(В. Вярба)

Реклама

Міхась Масюк

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии